Цыянабактэрыі
| Цыянабактэрыі | ||||||||||
Anabaena spiroides |
||||||||||
| Навуковая класіфікацыя | ||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
|
||||||||||
| Міжнародная навуковая назва | ||||||||||
|
Cyanobacteria Stanier ex Cavalier-Smith, 2002 |
||||||||||
| Сінонімы | ||||||||||
|
||||||||||
| Даччыныя таксоны | ||||||||||
|
Гл. тэкст
|
||||||||||
|
||||||||||
Цыянабактэрыі (Cyanobacteria) — група фотатрофных пракарыётаў, што называецца таксама сіне-зялёнымі водарасцямі.
Уключаюць аднаклетачныя і шматклетачныя (ніткаватыя) формы. Да бактэрый сіне-зялёныя водарасці адносяць паводле будовы клетак (напр., не маюць абмежаванага мембранай ядра), наяўнасці агульных спецыфічных злучэнняў (напр., мурэіну ў клетачнай сценцы), блізкасці іх генетычных уласцівасцей. Таксама цыянабактэрый уключаюць у батанічную класіфікацыю паводле іх здольнасці, як вышэйшых раслін і водарасцей, да фотасінтэзу з выдзяленнем малекул кіслароду. Многія фіксуюць малекулярны азот. Назва «цыянабактэрыі» выкарыстоўваецца ў мікрабіялагічнай літаратуры, у батанічнай часцей ужываецца назва «сіне-зялёныя водарасці».
Падзяляюцца на 3 класы: храакокавыя, хамесіфонавыя і гармагоніевыя водарасці. Адрозніваюць каля 150 родаў, 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з дакембрыю (узрост некаторых з іх больш за 3 млрд гадоў). На Беларусі 327 відаў, разнавіднасцей і форм з 55 родаў: асцыляторыя, насток, мікрацысціс, афанізаменон, глеятрыхія, глеякапса, фармідыум, калотрыкс, спіруліна, афанатэцэ, сінехакокус і інш.
Аднаклетачныя, каланіяльныя і шматклетачныя (ніткаватыя) арганізмы, мікраскапічныя, часта ўтвараюць буйныя скопішчы ў выглядзе корак і кусцікаў вышынёю да 20 см (у трапічных морах). Афарбоўка ад сіне-зялёнай да чырвонай. Фотасінтэзуючыя, маюць хларафіл a, караціноіды і асобныя пігменты — фікабіліпратэіды. Для іх характэрна адсутнасць жгуцікавых стадый і палавога працэсу. Размнажэнне вегетатыўнае. Уваходзяць у склад планктону, бентасу прэсных вод і мораў, жывуць на паверхні глебы, у гарачых крыніцах з тэмпературай вады да 80 °C, у вапнавым субстраце, гарах, Арктыцы і Антарктыцы. З'яўляюцца піянерамі жыцця ў крайніх умовах існавання. Часта знаходзяцца ў сімбіятычных адносінах з іншымі арганізмамі: аднаклетачнымі водарасцямі, што страцілі хларапласты, прасцейшымі, грыбамі (лішайнікі), моха- і папарацепадобнымі, сагаўнікавымі, пакрытанасеннымі. Выконваюць ролю азот-фіксатараў і выкарыстоўваюцца як угнаенне (напр., на рысавых палях). Выклікаюць «цвіценне» вады ў вадасховішчах.
Некаторыя ўжываюцца ў ежу (насток, спіруліна), выкарыстоўваюцца для культывавання (напр., для вырабу лекаў).
Літаратура [правіць]
- Міхеева Т. Сіне-зялёныя водарасці // БЭ ў 18 т. Т. 14. Мн., 2002.
- Цыянабактэрыі // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003.