Nowa Dzielnica

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Nowa Dzielnica — раён у заходняй частцы Брэста, які сфарміраваўся ў 1920—1930-я гг., у час Польскай Рэспублікі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Забудова гэтай часткі горада 1920—1930-х гг. звязана з асаблівасцямі архітэктурна-горадабудаўнічага развіцця Брэста. Пачынаючы з 1830—1840-х гг. і да Першай сусветнай выйны на тэрыторыі к захаду ад сучаснай вул. Леніна да крэпасці, зыходзячы са стратэгічных меркаванняў, забаранялася любое гарадское будаўніцтва. Тут знаходзіўся гарадскі сад (цяпер сквер Пагранічнікаў) і Любанскі парк (цяпер парк 1 Мая). Бульварны праспект (цяпер вул. Леніна) у XIX стагоддзі стаў адной з цэнтральных магістралей новага Кобрынскага фарштата, куды ў 1830—1840-х гг. была перанесена жылая забудова са старога горада.

Забудова гэтага раёна праводзілася пасля Першай сусветнай вайны, калі былі зняты абмежаванні на будаўніцтва паміж крэпасцю і Кобрынскім фарштатам. Пераўтварэнне горада ў буйны адміністрацыйны цэнтр садзейнічала яго інтэнсіўнаму развіццю ў паўднёва-заходнім кірунку за сучасную вул. Леніна. Тут сфарміраваўся новы адміністрацыйны цэнтр горада, а таксама жылы раён, які атрымаў назву «Nowa Dzielnica».

На сучаснай вул. Леніна ў 1920—1930-я гг. былі пабудаваны галоўныя будынкі Палескага ваяводства, а за імі ў самым пачатку 1920-х гг. быў закладзены жылы пасёлак для чыноўнікаў. Пачатак праектавання і будаўніцтва гэтага раёна Брэста звязаны з цікавым кірункам у польскай архітэктуры таго часу, які атрымаў назву «народнага стылю» і грунтаваўся на выкарыстанні матываў архітэктуры Рэнесансу, барока і класіцызму. Як справядліва пісаў адзін з вядучых польскіх даследчыкаў гісторыі архітэктуры Ян Захватовіч, у архітэктуры таго часу «… высокія дахі ці атыкі, каланады і пілястры, парталы і абрамленні акон, контрфорсы аднолькава прысутнічаюць як у жылых дамах, так і ў новых грамадскіх будынках.» У 1930-я гг. гэты кірунак паступова згас, уступіўшы месца новай функцыянальнай архітэктуры. Будаўніцтва дамоў для дзяржаўных чыноўнікаў на тэрыторыі ўсёй Польшчы было даручана Міністэрству грамадскіх работ. Непасрэдна гэтымі пытаннямі кіраваў Аддзел дзяржаўных пабудоў.

Вясной 1924 г. было пачата будаўніцтва жылых дамоў практычна ва ўсіх адміністрацыйных цэнтрах, у тым ліку і ў Брэсце. Была распрацавана цэлая серыя спецыяльных узорных праектаў, прычым кожны буйны адміністрацыйны цэнтр карыстаўся толькі спецыяльна для яго падрыхтаванымі серыямі. На працягу 1924 г. была распрацавана дакументацыя на 33 тыпы будынкаў, з іх 8 дамоў драўляныя і 25 мураваныя. У праектаванні было задзейнічана 14 архітэктараў як варшаўскіх, так і мясцовых. Сярод іх можна назваць многа вядомых спецыялістаў, у тым ліку і прафесара Ю. Клоса. Работы ў Брэсце ўзначаліў архітэктар Юльян Лісецкі.

Яго галоўнай работай з’яўляецца пасёлак для дзяржаўных чыноўнікаў, праект якога быў распрацаваны ў 1923 г. Лісецкі распрацаваў генеральны план усяго новага раёна, размешчанага на паўднёвы захад ад сучаснай вул. Леніна. У аснову горадабудаўнічага рашэння была пакладзена канцэпцыя горада-сада, якая атрымала ў тыя часы распаўсюджанне. На сучасную вул. Леніна павінны былі выходзіць асноўныя адміністрацыйныя будынкі, а за імі размяшчаўся жылы пасёлак, які меркавалася падзяліць на дзве часткі — «калонію» імя Нарутовіча, дзе знаходзіліся дамы для найбольш важных чыноўнікаў, і «калонію» Тартак (першапачаткова на гэтым месцы знаходзіўся лесапільны завод). Дзве гэтыя калоніі аддзяляліся адна ад другой зялёнай зонай, дзе цяпер размешчаны стадыён. Пры будаўніцтве выкарыстоўвалася спецыяльная серыя дамоў, распрацаваная Ю. Лісецкім для Брэста. Жылыя дамы былі некалькіх тыпаў — 1-кватэрныя, 2-кватэрныя і 4-кватэрныя. Гэта былі 1-павярховыя асабнякі катэджнага тыпу, пластычнае афармленне фасадаў якіх грунтавалася на матывах Рэнесансу, барока і класіцызму. Усе будынкі гэтага пасёлка мелі высокія мансардныя дахі, накрытыя дахоўкай. Першай была пабудавана серыя 2-кватэрных драўляных дамоў, пры праектаванні якой былі выкарыстаны элементы драўлянага дойлідства, характэрныя для Беларусі ў XVII—XVIII стст., а ў 1924 г. пачалося будаўніцтва і мураваных дамоў.

Для забудовы калоніі «Тартак» першапачаткова былі выкарыстаны таксама праекты драўляных дамоў, але пазней было пачата будаўніцтва і мураваных дамоў. Усе будынкі мелі аўтаномную сістэму воднага ацяплення, а таксама вадаправод і каналізацыю. Адначасова з распрацоўкай праектаў саміх будынкаў Ю. Лісецкім былі запраектаваны ўзоры мэблі, асвятляльная арматура і г.д. Акрамя асноўных жылых дамоў былі зроблены і праекты гаспадарчых пабудоў. Лісецкім былі распрацаваны і асноўныя прынцыпы добраўпарадкавання ўсіх дамоў у калоніях. Кожны дом знаходзіўся ў глыбіні даволі вялікага ўчастка. Участкі былі абнесены невысокай драўлянай агароджай, а насупраць галоўных уваходаў у будынкі размяшчаліся невялікія альтанкі. Дарожкі былі выбрукаваны прамавугольнымі пліткамі. Перад галоўным фасадам размяшчаліся стрыжаныя газоны і кветнікі, а з астатніх трох бакоў дом абкружалі дэкаратыўныя хмызнякі і дрэвы. Пазней драўляная агароджа вакол будынкаў была заменена агароджай з металічнай сеткі.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Сёння найбольш поўна захавалася забудова вул. Леванеўскага (дамы № 3, 5, 7, 8, 9, 11, 13).

Дамы № 3 і 11 былі зроблены па праекту 2-кватэрнага дома (серыя Е). Гэта аднапавярховыя прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі, накрытыя высокім двухсхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад будынкаў выдзелены магутным атыкам, дэкарыраваным плоскімі лапаткамі і сандрыкамі. Уваходы ў кватэры размешчаны ў арачных нішах, перакрытых крыжовымі скляпеннямі.

Дамы № 5 і 9 пабудаваны па праекту 4-кватэрнага дома. Гэта прамавугольныя ў плане аднапавярховыя будынкі з высокім мансардным дахам. У цэнтры галоўнага фасада размешчаны асноўны ўваход у дом. Ён аформлены трохпралётнай аркай на 2 калонах. Уваходы ў другія кватэры размешчаны ў вуглавых нішах.

Дом № 13 пабудаваны па праекту 2-кватэрнага жылога дома. Гэта прамавугольны з мезанінам дом, накрыты высокім вальмавым дахам. Асобныя ўваходы ў кватэры размешчаны ў нішах галоўнага фасада. Нішы ўтвораны дзвюма аркамі з вуглавой апорай. Галоўным грамадскім збудаваннем усёй калоніі з’яўляўся будынак казіно (Леванеўскага, 7). Гэта П-падобны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты вальмавым дахам. У цэнтры галоўнага фасада размешчаны 4-калонны порцік, завершаны ступеньчатым атыкам, які ўпрыгожвалі масіўныя вазы. Усё заходняе крыло будынка займала вялікая 2-светлавая зала. Акрымя таго, на першым паверсе знаходзілася сталовая і бібліятэка.

На процілеглым баку вул. Леванеўскага былі размешчаны 4 двухкватэрныя драўляныя дамы. Да нашага часу захаваўся толькі адзін з — дом № 6. Тут жа быў пабудаваны і двухкватэрны мураваны дом (вул. Леванеўскага, 12).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]