Івацэвіцкі пахаваны выступ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэктанічныя структуры Беларусі
Беларуская антэкліза

Івацэ́віцкі пахава́ны вы́ступ — тэктанічная структура, паўднёвая перыклінальная частка Беларускай антэклізы, апускаецца ў бок Прыпяцкай седлавіны, знаходзіцца на поўначы Брэсцкай вобласці.

З поўначы абмежавана зонаю сучлянення Ляхавіцкага і Свіслацкага разломаў, на ўсходзе — Старобінскай цэнтрыкліналлю Прыпяцкага прагіну, на захадзе — паўночна-ўсходняй цэнтрыкліналлю Брэсцкай упадзіны, на поўдні пераходзіць у Палескую седлавіну.

Найбольшая шырыня выступу каля 70 км. Паверхня фундамента спадзіста апускаецца з поўначы на поўдзень ад -0,1 да -0,3 км, на ўсходзе і захадзе апусканне больш стромкае.

Платформавы чахол складзены з сярэднерыфейскіх адкладаў пінскай світы, валынскай серыі і адкладаў валдайскай серыі, на ўсходзе перакрытых мелавымі, палеагенавымі, неагенавымі і антрапагенавымі адкладамі. Магутнасць чахла 200—400 м.

Заходні схіл Івацэвіцкага пахаванага выступу залажыўся на каледонскім этапе ў сувязі з прагінаннем Брэсцкай упадзіны, усходні і паўднёвы схілы — на герцынскім этапе ў сувязі з залажэннем Прыпяцкага прагіну і канчатковым фарміраваннем Беларускай антэклізы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]