Іосіф Уладзіслававіч Тарашкевіч
Іосіф Уладзіслававіч Тарашкевіч | |
---|---|
Род дзейнасці | ваенны, міліцыянер |
Дата нараджэння | 1 жніўня 1884 |
Дата смерці | 1949 |
Грамадзянства |
Іосіф Уладзіслававіч Тарашкевіч (1 жніўня 1884—1949) — дзеяч савецкіх спецслужбаў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 1 жніўня 1884 года. Скончыў царкоўна-прыходскую школу, пазней працавай слесарам.
У 1915 годзе мабілізаваны ў Рускую імператарскую армію, радавы. У чэрвені 1917 года ўступіў у РСДРП(б). З 10 верасня 1917 года — у 56-м запасным пяхотным палку ў Маскве, старшыня ротнага камітэта 15-й роты. 28 студзеня 1918 года дэмабілізаваны[1].
З чэрвеня 1918 года — супрацоўнік УНК[2]. З 12(27) мая 1919 года — старшыня Мінскай губернскай надзвычайнай камісіі (змяніў на гэтай пасадзе Вацлава Багуцкага)[1]. У красавіку 1919 года працаваў на пасадзе старшыні Надзвычайнай камісіі (НК) Літоўска-Беларускай ССР, на якой супрацьстаяў антыбальшавіцкім групам памешчыка П. Пляхавічуса і П. Бермант-Авалава. У выніку польскага наступлення НК Літоўска-Беларускай ССР эвакуіравалася ў Смаленск і, пасля распаду структур Літоўска-Беларускай ССР, І. У. Тарашкевіч узначаліў з 1 верасня 1919 года Смаленскую губернскую надзвычайную камісію. Пад старшынствам Тарашкевіча губНК нібыта раскрыла аддзяленне манархічнага саюза «Наша Радзіма» ў Смаленску, якая, на думку чэкістаў, планавала звяржэнне бальшавіцкай улады ў заходніх губерніях РСФСР і усталяванне ваеннай дыктатуры[2].
З сакавіка 1922 да сакавіка 1923 года працаваў начальнікам Смаленскага гарадскога аддзела ДПУ, пазней — начальнікам Пензенскага губернскага аддзела АДПУ. З 1929 года — начальнік Вяцкага акруговага аддзела АДПУ. У 1931—1932 гадах — памочнік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Ніжагародскім краі па міліцыі, начальнік Ніжагародскага краявога ўпраўлення рабоча-сялянскай міліцыі. З 11 снежня 1934 да канца 1935 года — начальнік Сароўскага папраўча-працоўнага лагера УНКУС па Горкаўскім краі (па стане на 1 студзеня 1935 года ў лагеры налічвалася 3.349 зняволеных; год кіравання І. Тарашкевіча перажылі толькі 2.310). Са жніўня 1937 года — у адстаўке ў Маскве[1].
Зноскі
- ↑ а б в Маракоў, Леанід. Галоўная вуліца Мінска (1880-1940 гг.). Кніга 1 .
- ↑ а б Тарасенкова, Т. И. Становление белорусской советской государственности в воспоминаниях участников событий (по материалам Государственного архива новейшей истории Смоленской области) / Т. И. Тарасенкова // Гістарычны лёс беларускай савецкай дзяржаўнасці: (да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі): зборнік артыкулаў / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі; [рэдкалегія: А. А. Каваленя (старшыня) і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2021. — 373, [1] с.: табл. — С. 18. — ISBN 978-985-08-2784-5. Са спасылкай на: ДЗяяржаўны архіў найноўшай гісторыі Смаленскай вобласці. — Ф. 142. — Воп. 2. — Спр. 286а. — Л. 25, 39—42.