Абакумы (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Абакумы — археалагічныя помнікі — паселішча і курганны могільнік каля в. Абакумы Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці.

Паселішча[правіць | правіць зыходнік]

За 1 км на захад і паўднёвы захад ад вёскі, пры ўпадзенні р. Сож у Дняпра. Выяўлена К. М. Палікарповічам у 1926 г. У 19982000 гг. М. М. Крывальцэвіч даследаваў 320 км2. Культурны пласт 0,6 — 0,9 м. Неалітычны перыяд прадстаўлены крамянёвымі вырабамі (нажы, скоблі, скрабкі, праколкі, рэтушоры і інш.) і керамікай. Майстры выкарыстоўвалі крэмень «сожскага» тыпу, крамянёвую сыравіну шэрага і бежавага колеру. Найбольшую колькасць складаюць рэшткі крэменю першаснай апрацоўкі (адшчэпы, сколы, пласціны, лускавіны, абломкі, нуклеусы і інш.). Знойдзена больш за 1 тыс. фрагментаў неалітычнага посуду днепра-дзвінскай культуры з «вусеневым», лапчатым, грабеньчатым арнаментам, наколамі, ямкамі, насечкамі, круглымі ямкамі пад краем венчыка і інш., фр-ты са слядамі прыцірання ўнутранай паверхні, з грабеньчатымі расчосам. Сярод матэрыялаў эпохі бронзы вылучаецца больш за 300 фрагментаў сярэднедняпроўскай культуры. Пасудзіны мелі параўнальна высокія, адагнутыя вонкі шыйкі, скошаныя ўнутраныя краі венчыкаў, выпуклыя тулавы і вузкія плоскія донцы. Аздаблялі лінейнымі штампамі, шнуравым, «вусеневым» арнаментам, пракрэсленымі лініямі. Асобныя фрагменты посуду сярэднеднепроўскай культуры маюцьь элементы арнаментальнага аздаблення, характэрнага для культуры шарападобных амфар. Да матэрыялаў сярэднедняпроўскай культуры адносяцца крамянёвыя вырабы (фрагменты сякер, наканечнікі стрэл, нажы і інш.). Комплекс датуецца 2-й паловай III-га — пачатку II-га тыс. да н.э. Вылучаецца больш за 20 фрагментаў шматвалікавага посуду культурнага кола Бабіна позняга перыяду (2000—1700/1600 гг. да н.э.). Пасудзіны аздабляліся невысокімі наляпнымі валікамі трохвугольнай у разрэзе формы з пазногцевымі насечкамі. Да комплексу тшцінецкага культурнага кола адносіцца кераміка, крамянёвыя і каменныя вырабы, рэшткі спаленага жытла са зрубнай канструкцыяй сцен. Захаваліся сляды паўночна-ўсходняй (даўжыня 6 м), часткова паўночна-заходняй (даўжыня 4,2 м) і паўднёва-ўсходняй (даўжыня 4,9 м) сцен пабудовы. Ва ўсходнім куце выяўлены рэшткі адкрытага агнішча, у межах якога знойдзена параўнальна вялікая колькасць фрагментаў тшцінецкага посуду — гаршкоў, пасудзін слоікавых форм, мініяцюрных кубачкаў. Кераміка ў асноўным мае характэрныя патоўшчаныя, са скошаным вонкі краем венчыкі. На шыйкі некаторых пасудзін налепліваліся валікі, наносіліся ямкі. Кераміка аздаблялася пракрэсленымі лініямі, рыскамі, наколамі і ямкамі, лінейнымі штампамі. Самы распаўсюджаны арнаментальны матыў — звісаючыя і заштрыхаваныя трохвугольнікі. Сярод знаходак: фрагменты глінянай абмазкі, рэшткі керамічных фігурак, керамічныя пацеркі. Адзначаюцца вырабы з крэменю, а таксама камяні з прышліфаванымі паверхнямі. Храналогія тшцінецкага перыяду вызначаецца 2-й паловай II-га тыс. да н.э.

Курганны могільнік[правіць | правіць зыходнік]

За 1 км на захад — паўднёвы захад ад вёскі, на месцы паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку. Уключае 26 паўсферычных насыпаў, парослых сасновым лесам, вакол іх прасочваюцца ямы-раўкі. Наяўнасць курганоў выяўлена ў час апытанняў, праведзеных Е. Р. Раманавым сярод мясцовага насельніцтва на мяжы XIX — XX ст. Могільнік упершыню даследаваў К.М. Палікарповіч (1926), пасля яго тут працавалі іншыя вучоныя, у т. л. М. І. Лашанкоў (1977). У 1963 Г. Ф. Салаўёва даследавала 2 курганы, адзін з іх утрымліваў інгумацыю (трупапалажэнне) на гарызонце, з бітым кругавым посудам. У 19972000 А. А. Макушнікаў даследаваў 17 курганоў, у якіх пераважалі інгумацыі ў ямах. Толькі аднаразова зафіксаваны поўная і частковая крэмацыя на гарызонце і трупапалажэнне на гарызонце. У шэрагу курганоў адзначаюцца рэшткі спаленых драўляных канструкцый у выглядзе зрубаў ці слупавых збудаванняў у 1 — 2 вянцы. Рэшткі крэмацыі суправаджаюцца невыразнымі фрагментамі грубай раннекругавой керамікі. Жаночая інгумацыя на гарызонце ўтрымлівае шкляныя і каменныя пацеркі, металічную пацерку дрыгавіцкага тыпу, рэшткі кругавых гаршкоў. Трупапалажэнні і ня¬поўныя трупаспаленні арыентаваны на захад, некаторыя з невялікімі адхіленнямі. У большасці пахаванняў прасочваюцца рэшткі драўляных (з дошак) трун. У плане яны мелі форму рам з выпускамі канцоў. Жалезныя цвікі не ўжываліся. У некаторых курганах пад адным насыпам пахаваны 2 і нават 3 чал. Большасць такіх пахаванняў рабілася адначасова, але ёсць і ўпускныя пахаванні (напрыклад, рэшткі крэмацыі дапоўнены ўпускнымі інгумацыямі). Суадносіны мужчынскіх і жаночых пахаванняў прыкладна роўныя, ёсць пахаванні немаўлят разам з жанчынамі. Усе пахаванні суправаджаюцца кругавой керамікай. Звычайна ў магіле (альбо над ёй) знаходзіцца разбіты посуд (ніжнія часткі ці разнастайныя аскепкі). Шматлікія фрагменты керамікі прысутнічаюць у раўках вакол курганоў. Амаль уся кераміка мае клеймы. Пераважаюць кругападобныя кампазіцыі (акружнасці, у т.л. ўпісаныя, з кропкамі ў цэнтры, спічастыя, свастыкі і інш.). У мужчынскіх пахаваннях сустракаецца толькі кераміка. У жаночых трапляюцца ўпрыгажэнні, блізкія палянскай традыцыі Сярэдняга Падняпроўя, у ліку якіх: малыя шкляныя ці бронзавыя гузікі з вушкамі (1 — 3 шт.), драцяныя скроневыя пярсцёнкападобныя кольцы з самкнутымі ці загнутымі канцамі, шкляныя пацеркі, металічныя пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Прасочваюцца рэшткі жаночых лубяных галаўных убораў, на якіх мацаваліся скроневыя кольцы. Адзін убор мог утрымліваць ад 1 — 2 да 20 скроневых кольцаў. Адзначаецца асіметрыя ў іх размяшчэнні па розныя бакі галавы і наяўнасць кольцаў уздоўж цела (верагодна, частка іх насілася на косах). Могільнік належаў невялікаму сельскаму пасяленню, выкарыстоўваўся для пахаванняў у канцы X — пач. XIII ст. Большасць пахаванняў належыць да сярэдзіны — 2-й паловы XII ст. Падставай для найбольш позняга датавання магіл служыць знаходка бранзалета, які з'яўляецца танным перайманнем дарагіх гарадскіх упрыгажэнняў-наручаў. У Вялікім Ноўгарадзе такія наручы з'явіліся ў самым канцы XII ст.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Крывальцэвіч, М. Праблемы перыядызацыі і храналогіі эпохі бронзы на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі / Мікола Крывальцэвіч // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2006. — Выпуск 22. — С. 39 — 52.
  • Крывальцэвіч, М. М. Супольнасці Беларускага Палесся і лесастэпаў-стэпаў у эпоху бронзы: праблемы культурных сувязяў // Od neolityzacji do początków epoki brązy: przemiany kulturowe w międzyrzeczy Odry i Dniepru między VI i II tys. przed Chr. / Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Instytut Prahistori; Pod red. Janusza Czebreszuka, Mikoly Kryvalceviča, Przemysława Makarowicza. — Poznań: Wydaw. Poznańskie, 2001. — 381 s. — S.
  • Крывальцэвіч, М. М., Макушнікаў, А. А. Абакумы / М. М. Крывальцэвіч, А. А. Макушнікаў // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя: у 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. Рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — ISBN 978-985-11-0353-5
  • Палікарповіч К. М. Дагістарычныя стаянкі сярэдняга і ніжняга Сажа (па досьледах 1926 г.) // Працы кафедры археолёгіі. — Мн., 1928. — Т. 1. — С. 123—252.
  • Романов, Е. Р. Археологический очерк Гомельского уезда. — Вильна, 1910.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]