Сож
Сож | |
---|---|
Сож у Гомелi | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 648 км |
Басейн | 42 140 км² |
Расход вады | 219 м³/с (у вусці) |
Вадацёк | |
Выток | Расія |
• Месцазнаходжанне | Смаленская вобласць |
• Каардынаты | 54°41′21″ пн. ш. 31°57′57″ у. д.HGЯO |
Вусце | Дняпро |
• Каардынаты | 51°56′50″ пн. ш. 30°48′24″ у. д.HGЯO |
Ухіл ракі | 0,17 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Дняпро → Чорнае мора |
|
|
Краіны | |
Код у ДВР | 04010000412105000011550 |
![]() |
|
![]() |
Сож — рака ў Смаленскай вобласці Расіі, у Магілёўскай і Гомельскай абласцях і на мяжы Беларусі з Расіяй і з Украінай[1], а таксама на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны[2]. Левы прыток р. Дняпро. Даўжыня 648 км, у межах Беларусі 493 км. Вадазбор 42,14 тыс. км²[3], у межах Беларусі 21,5 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 219 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,17 ‰.
Агульнае[правіць | правіць зыходнік]
Пачынаецца за 12 км на поўдзень ад г. Смаленск і цячэ па Смаленскай вобласці, далей працякае па тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, вусце каля г.п. Лоеў. У вярхоўях з'яўляецца дзяржаўнай мяжой Беларусі з Расіяй, у апошніх 20 км цячэння з Украінай.
Агульная даўжыня рачной сістэмы (3410 рэк) 16220 км, густата рачной сеткі на тэрыторыі Беларусі 0,38 км/км². На вадазборы ў межах Беларусі больш за 300 рэк і ручаёў часткова або поўнасцю каналізаваны, пракладзена больш за 170 меліярацыйных каналаў даўжынёй 5 км і больш. Верхняе цячэнне на паўднёва-заходняй ускраіне Смаленскага ўзвышша, сярэдняе — на Аршанска-Магілёўскай раўніне, ніжняе — у Гомельскім Палессі. У сярэднім і ніжнім цячэнні Сож працякае праз тэрыторыі, забруджаныя радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Суднаходства ад в. Барысавічы Клімаўскага р-на (за 373 км ад вусця) — пры высокіх узроўнях, рэгулярнае — ад г. Слаўгарад.
57 % гадавога сцёку прыпадае на перыяд веснавога разводдзя. Пад'ём узроўняў вясной пачынаецца звычайна ў 3-й дэкадзе сакавіка (радзей — у пачатку сакавіка) або ў сярэдзіне красавіка, доўжыцца 10—15 сутак у верхнім цячэнні, 20—25 сутак у нізоўі. Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4—5 м, найбольшая 6— 7,5 м. Зімовыя ўзроўні ў сярэднім на 10—20 см вышэй за летнія, але ў асобныя гады ў выніку адліг павышаюцца ў нізоўі да 2,5 м. Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка ад вусця да вярхоўя. Веснавы крыгаход 3—5 сутак. На Беларусі найбольшая таўшчыня лёду ў рацэ 62—65 см. Сярэдняя тэмпература вады ў чэрвені — жніўні 19—21 °C, найбольшая ў ліпні — да 28 °C.
Даліна пераважна трапецападобная, ад вытоку да вусця Проні — выразная, глыбокаўрэзаная (20—30 м). Шырыня ў вярхоўі ад 0,3 км да 1 км, на вялікім працягу 1,5—3 км, пры зліцці з далінамі рэк Асцёр і Проня — 5 км, ніжэй г. Ветка — да 7 км, пры зліцці з далінай Дняпра — да 20 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія (радзей стромкія), вышынёй 15—25 м (месцамі да 40 м), парэзаны ярамі, лагчынамі, далінамі прытокаў. Правы схіл больш адкрыты, левы зарос лесам і хмызняком. На Беларусі амаль на ўсім працягу вылучаюцца пойма з нізкім (1,5—2,5 м над урэзам вады) і высокім (3—4 м) узроўнямі і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма двухбаковая, месцамі левабярэжная або чаргуецца па берагах. Паверхня яе перасечана лагчынамі, старарэччамі і невялікімі азёрамі-старыцамі. Затапляецца на 5—10 сутак на глыбіню 0,5—2,5 м, у вусцевай частцы — да 4—5 м.
Рэчышча звілістае. У ніжнім цячэнні вялікая колькасць лукавін, рукавоў, старыц. Да Гомеля трапляюцца астравы (даўжыня 30—300 м, шырыня 10—50 м). Шырыня ракі ў верхнім цячэнні 40—80 м, у ніжнім 90—125 м, месцамі да 230 м. Дно роўнае. Берагі да вусця Проні пераважна стромкія, вышынёй 1,5—4 м, ніжэй па цячэнні спадзістыя; на лукавінах, дзе рэчышча падыходзіць да карэннага берага (напрыклад, каля в. Гайшын Слаўгарадскага раёна), абрывістыя, вышынёй 12—15 м, месцамі да 35 м. Ніжэй г. Ветка па берагах пясчаныя пляжы.
Асноўныя прытокі[правіць | правіць зыходнік]
- Справа: Віхра, Чорная Натапа, Волчас, Проня, Уза, Чачора, Добрыч.
- Злева: Хмара, Асцёр, Беседзь, Іпуць, Уць, Цяруха, Каменка, Худабычка, Аўсовіна, Нёманка.
Фаўна[правіць | правіць зыходнік]
Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась залаты, верхаводка, гусцяра, мінога ўкраінская, галавень, судак.
На рацэ[правіць | правіць зыходнік]
Гарады: Крычаў, Чэрыкаў, Слаўгарад, Чачэрск, Ветка, Гомель. Гарадскія пасёлкі: Хіславічы (Расія), Лоеў.
Сож у Чачэрску
Сож у Слаўгарадскім раёне
Сож у Гомелі, 2016 г.
Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]
Паходжанне гідроніма «Сож» выглядае цьмяным і дагэтуль не раскрыта. Існуе некалькі версій адносна вырашэння гэтага пытання:
- балцкая этымалогія — супастаўленне з старжытнапрускім «suge» (дождж)[4];
- скіфская — паходжанне ад этноніму «сакі» (скіфы)[4];
- фіна-ўгорская — супастаўленне з фінскім «susi» (воўк)[5] ці з комі «содз» (чысты, празрысты)[6];
- індаеўрапейская — праз меркаваную роднаснасць з назвамі кштлату «Судасць», «Судэмля», «Судок» ад індаеўрапейскага «*kudh-/*keudh-» (чысты)[7];
- славянская — паралелі з лексемай «суша», інтэрпрэтацыя як «рака з водмелямі»; супастаўленне з паняццямі «сажкі» (ямы на балоце), «сага», «сога», «саж» (возера), якія бытуюць пераважна на Чарнігава-Сумскім Палессі[6].
Згодна з К. Бугам, назва Сажа таго ж паходжання, што і літоўскія тапонімы Sużany (цяпер літ. Sužionys) і Suże, латышскія тапонімы Suži, Suzis, і звязаная з ліўскім suž, эстонскім suzi, фінскім susi «воўк»[8]. Згодна з У. М. Тапаровым, аналаг з Верхняга Паволжа — назва ракі Созь (каля Цвяры), якую стала звязваюць з фінскім susi. Ён таксама заўважыў, што на Пасожжы сустракаюцца балцкія «ваўчыныя» гідронімы, у першую чаргу Воўчас[4], а таксама Аўчоса, якія абодва роднасныя літоўскаму гідроніму Vilkesa і звязаныя з vilkas «воўк»[9]. На думку К. Бугі, менавіта тут, на Верхнім Сажы ў нейкі момант была зона балцка-фінскага судотыку[10]. Літоўская рака Vilkesa працякае паміж згаданымі ў К. Бугі паселішчамі Sużany і Suże, і менавіта ў гэтай частцы Літвы вядомыя рэшткі фіна-вугорскіх паселішчаў грабеньчата-ямкавай культуры[11].
У культуры[правіць | правіць зыходнік]
Ціхі Сож. Валавяныя воды. Як у люстры, густою сцяною |
Леанід Гаўрылаў. «Сож». |
- У легендзе «Сіні калодзеж» цераз Сож кідалі вялікія камяні «багатыры» Сцяпан і Марка, спаборнічаючы між сабой у заляцанні да «багатыркі» Кацярыны[12].
- Згодна з легендай «Аб Сожу і Няпрэ» Сож меў атрымаць ад бацькі блаславенне «ици ў пуць», але быў апярэджаны хітрым братам Няпром, якога падмануты бацька блаславіў ісці «па хорошихъ мѣстахъ — лугами, городами». Сожу ж у выніку дастаўся шлях «имхами, болотами» і бацькава спадзяванне, што ён зможа дагнаць і пераняць брата пакуль той «у мора ня ўцёкъ»[13].
- Сож фігуруе ў паданні, якое звязвае паходжанне назвы Гомеля з адрасаванымі плытагонам папераджальнымі выклічамі аб мелях на рацэ: «Го! Мель!»[14][15][16].
- У казцы «Праз Іллюшку» «по Сожи по рацѣ» спачылы святы сплыў у склепе (труне) «у Кіявъ, у пящеры»[17].
- Упамінаецца ў шэрагу замоў ад «уроку» (сурокаў), у адной з якіх мае імя Максім[18].
- У 1890-х гг. у Ветцы хадзіла быліца пра чорта, які ў выглядзе карліка выйшаў з Сожа, катаўся на палачцы, а потым — на маленечкай лодцы, пасля чаго танулі людзі[19].
Зноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- ↑ desna-buvr.gov.ua Архівавана 9 красавіка 2018.
- ↑ Основные характеристики речных бассейнов (с площадью водосбора ≥ 200 км²) Гомельской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
- ↑ а б в Топоров, В. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья [Текст] / В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев ; Акад. наук СССР. Ин-т славяноведения. — Москва : Изд-во Акад. наук СССР, 1962. — С. 208.
- ↑ Топоров, В. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья [Текст] / В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев ; Акад. наук СССР. Ин-т славяноведения. — Москва : Изд-во Акад. наук СССР, 1962. — С. 208, 227.
- ↑ а б Рогалев, А. Ф. Топонимия Беларуси : Гомельская область. Лоевский район / А. Ф. Рогалев ; М-во образования РБ, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель : ГГУ им. Ф. Скорины, 2015. — С. 74.
- ↑ Топоров, В. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья [Текст] / В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев ; Акад. наук СССР. Ин-т славяноведения. — Москва : Изд-во Акад. наук СССР, 1962. — С. 227.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. P. 541.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. P. 547.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. P. 898.
- ↑ A. Girininkas. Baltai prie Suomijos įlankos // Lietuvos archeologija. T. 19, 2000. С. 103-108.
- ↑ Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки космогонические и культурные. — Витебск : типо-лит. Г.А. Малкина, 1891. — Вып. 4. — С. 173.
- ↑ Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки космогонические и культурные. — Витебск : типо-лит. Г.А. Малкина, 1891. — Вып. 4. — С. 176-177.
- ↑ Пульнер, И. Из жизни города Гомеля / И. Пульнер // Еврейское местечко в революции : Очерки / Под ред. проф. В. Г. Тана-Богораза. — Москва ; Ленинград : Гос. изд-во, 1926. — С. 156.
- ↑ Лебедев С. М. Гомель: краткий историко-экономический очерк. — Минск: Государственное издательство БССР, Редакция политической литературы, 1957 . — С. 9.
- ↑ Легенды і паданні / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — С. 269.
- ↑ Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки. — Витебск : типо-лит. Г.А. Малкина, 1887. — Вып. 3. — С. 262.
- ↑ Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Заговоры, апокрифы и духовные стихи. — Витебск : типо-лит. Г.А. Малкина, 1891. — Вып. 5. — С. 23, 149, 150.
- ↑ Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Быт белорусса; Словарь условных языков. — Вильна : тип. А.Г. Сыркина, 1912. — Вып. 8. — С. 288.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
- Макарэвіч А. А. Сож // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 75—76. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).