Сярэднедняпроўская культура
Сярэднедняпроўская культура — археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2-й палове 3-га — 1-й палове 2-га тысячагоддзя да н. э. насялялі Верхняе і Сярэдняе Падняпроўе, у тым ліку тэрыторыю Гомельскай, Магілёўскай, часткова Мінскай і Віцебскай абласцей.
Перыядызацыя[правіць | правіць зыходнік]
- ранні — 26—24 ст. да н. э.
- сярэдні — 23—18 ст. да н. э.
- позні — 18—15 ст. да н. э.
Сярэднедняпроўская культура на тэрыторыі Беларусі[правіць | правіць зыходнік]
На тэрыторыі Беларусі сярэднедняпроўская культура распаўсюдзілася на сярэднім і познім этапах. Асноўны занятак насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, дадатковы -рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Вывучаны найбольш буйныя могільнікі сярэднедняпроўскай культуры Рудня Шлягіна (урочышча Страліца), Сябровічы (урочышча Ліпаў Брод), Ходасавічы.
Паселішчы[правіць | правіць зыходнік]
Паселішчы плошчай 1-1,5 тысяч м2 размяшчаліся на пясчаных дзюнах, узвышэннях поймы, на краях тэрас і на ўчастках карэннага берага. Наземныя жытлы слупавой канструкцыі плошчай да 44 м2 і паўзямлянкі плошчай да 10 м2, унутры мелі агнішчы адкрытага тыпу або абкладзеныя камянямі.
Пахавальны абрад[правіць | правіць зыходнік]
Пахавальны абрад — трупапалажэнне (галавой на захад у авальных або прамавугольных ямах у скручаным становішчы на баку з падсыпкай попелу і охры) і трупаспаленне (на курганных могільніках).
Посуд[правіць | правіць зыходнік]
Насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры напачатку вырабляла гаршкі, кубкі, слоікі, чашы з шарападобным, яйцападобным тулавам, слоікападобныя і S-падобныя пасудзіны з плоскім ці патоўшчаным дном, прамым і адагнутым венчыкам, а таксама вялікія пласкадонныя пасудзіны з выпуклым тулавам і прамой адагнутай вонкі шыйкай, пазней — разнастайныя гаршкі з высокай і кароткай адагнутай шыйкай, выпуклым тулавам, часам з патаўшчэннем пад краем венчыка. У глінянае цеста дамешвалі пясок, шамот і дробны кварц. Верхняя частка посуду звычайна ўпрыгожвалася адбіткамі шнура, лінейнага і зубчастага штампа, наразнымі лініямі, пазногцевымі ўцісканнямі, зашчыпамі і іншымі элементамі, якія ўтваралі гарызантальныя і дыяганальныя рады арнаментаў, трохкутныя кампазіцыі.
Упрыгожанні[правіць | правіць зыходнік]
Сярод упрыгожанняў медныя і бронзавыя дыядэмы, шыйныя грыўні, бранзалеты, трубчатыя пранізкі, скроневыя кольцы, бурштынавыя падвескі ў форме падоўжана-авальнага, плоскага круга, трапецападобнага тыпу.
Прылады працы[правіць | правіць зыходнік]
Для вырабу асноўных прылад працы (сякер, наканечнікаў стрэл, скрабкоў, скобляў, нажоў, цёслаў, разцоў, праколак, сярпоў і іншых) выкарыстоўвалі крэмень і косць, пры апрацоўцы крэменю — струменістую рэтуш, шліфаванне. Галоўны тып наканечнікаў стрэл — трохвугольныя з выемкай у аснове ці прамой асновай, з двухбаковай апрацоўкай паверхні.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Калечыц А. Г. Сярэднедняпроўская культура // Энцыклапедыя Археалогія і нумізматыка Беларусі. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993.