Абкурванне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Абку́рванне — магічнае дзеянне ачышчальнага, апатрапеічнага характару, накіраванае на пазбаўленне ад нячыстай сілы, жыццёвых няшчасцяў і няўдач, вылечванне розных захвораванняў чалавека і свойскай жывёлы[1]. Акурвалі таксама жытло і гаспадарчыя будынкі. Ачышчальнае і жыццядайнае ўздзеянне абкурвання заснавана як на сакральнай моцы агню, так і на магічных уласцівасцях падпаленых прадметаў[2]. Мае вызначаную паслядоўнасць рытуалу[1].

З прыходам хрысціянства аналагам абкурвання выступае каджэнне ў храмах ладанам.

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі сутракалася падчас сямейных і каляндарных урачыстасцей, але найчасцей у штодзённым жыцці[1].

Пры абкурванні патэльню, ад якой падымаўся дымок, ставілі так, каб ён ахапіў чалавека знізу ўверх ці каб яго можна было ўдыхаць. Для абкурвання выкарыстоўваліся грамнічная свечка, скапкі з касцельных свечак або іншыя атрыбуты агню накшталт качаргі[2].

Як у ачышчальнай, так і ў медыцынскай магіі вядучая роля належыць абкурвання раслінамі, сярод якіх — чартапалох, блёкат пры зубным болю, свянцоныя на Яна зёлкі, травы ўрочнік, падпуднік і інш.

Пры пярэпалаху падкурвалі лёнам, пажадана леташнім, які абкладвалі вакол хворага кругом і падпальвалі са словамі: «Куды дым, туды ляк». У асобную групу аб'ядноўваюцца атрыбуты, што маюць дачыненне да сімволікі таго свету — смецце, стопак, які знайшлі на дарозе, дзяркач, салома з чужой страхі, павуцінне з гарышча[2].

Здабыванне смецця станавілася своеасаблівым рытуалам — «адзін шустры сямейнік бяжыць у суседнюю хату, хапае смецце, з той жа хуткасцю бяжыць да другой хаты, там робіць тое ж, і так у трэцяй, і вяртаецца назад з роўнай паспешнасцю. Лепш, каб за гэты час ні з кім не сустрэцца, а калі хто трапіцца, не спыняцца і не адказваць на пытанні»[2].

Маюць значэнне і іншыя спосабы прыгатавання да абкурвання: мох бралі з вуглоў хаты накрыж, гэтак жа саскрабалі з чатырох рагоў стала, накрыж састрыгалі шматок поўсці з галавы жывёлы, што стала прычынай пярэпалаху. Абкурванне хворага дымам ад падпаленых валасоў, адзення той асобы, што яго сурочыла ці счаравала, лічылася адным з самых надзейных спосабаў нейтралізацыі псуты[2].

З іншых прадметаў, што прымяняліся для абкурвання, вылучаюцца лупіны, з якіх выседзеліся кураняты, нітка, якой змяралі кашульку перапалоханага дзіцяці. Каб палегчыць хвораму пакуты, яго абкурвалі праз рэшата дымам ад ліпавага цвету[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]