Перайсці да зместу

Абрам Мікалаевіч Рапапорт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Абрам Мікалаевіч Рапапорт
Род дзейнасці урач
Дата нараджэння 4 снежня 1899(1899-12-04)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 15 лістапада 1969(1969-11-15)[1] (69 гадоў)
Грамадзянства
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
ордэн Чырвонай Зоркі медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Выдатнік аховы здароўя СССР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Абрам Мікалаевіч Рапапорт (4 снежня 1899, Таропец, Пскоўская губерня, Расійская імперыя — 15 лістапада 1969, Ашмяны, Гродзенская вобласць, БССР) — савецкі ўрач, педагог, арганізатар сістэмы аховы здароўя і родадапамогі ў многіх раёнах СССР. Выдатнік аховы здароўя СССР. Удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны.

Нарадзіўся другім з пяці дзяцей у сям’і віцебскага мешчаніна, гадзіннікавых спраў майстра Ізраіля Файбішава (Мікалай Паўлавіча) Рапапорта (1873, Віцебск—1935, Таропец) і Іты Янкелевай Рапапорт (1871, Вялікія Лукі—1952, Ленінград). У дзіцячыя гады навучаўся ў хедары, пасля яго заканчэння паступіў у Таропецкае рэальнае вучылішча, якое скончыў з адзнакай у 1917 годзе.

У 1919 годзе добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію. Служыў санітарам у 15-й арміі Заходняга фронту, дэмабілізаваны ў 1920 годзе.

Скончыў у 1925 годзе Маскоўскі Дзяржаўны Універсітэт, медыцынскі факультэт. Па заканчэнні ўніверсітэта быў накіраваны на працу лекарам у Нартаскую раённую бальніцу Мары-Турэкскага раёна Марыйскай аўтаномнай вобласці, дзе прапрацаваў да кастрычніка 1928 года. У 1928—1929 гадах працаваў у радзільным доме імя Граўэрмана (Масква).

З ліпеня 1929 года па кастрычнік 1931 года працаваў у Кіргізскай АССР: загадчыкам Белаводскай бальніцы, у апараце Кіргізскага Народнага Камісарыята Аховы здароўя і Фрунзенскага гарадскога аддзела аховы здароўя, галоўнага ўрача Фрунзенскага радзільнага дома.

З лютага 1932 года па люты 1934 года загадваў акушэрска-гінекалагічным аддзяленнем бальніцы горада Хібінагорска Ленінградскай вобласці.

У красавіку 1934 года зноў прызваны ў армію і ў званні ваенурача 3-га рангу накіраваны ў горад Камсамольск-на-Амуры, Далёкаўсходняга краю. Працаваў начальнікам акушэрска-гінекалагічнага аддзялення і памагатым начальніка шпіталя па медыцынскай частцы. Звольнены ў запас, накіраваны ў распараджэнне Ленінградскага аблздраўаддзела, у сакавіку 1937 года.

З красавіка 1937 года працаваў загадчыкам аддзялення радзільнага дома Ленінскага раёна, галоўным доктарам радзільнага дома № 1 Кіраўскага раёна, галоўным доктарам гінекалагічнай бальніцы Смольнінскага раёна.

Вайну сустрэў у Ленінградзе і пасля першай блакаднай зімы, накіраваны ў Краснаярскі край, галоўным доктарам ва Ужурскую райбальніцу. Пасля неаднаразовых заяў аб прызыве ў дзеючую армію і адпраўцы на фронт у верасні 1942 года прызваны на Калінінскі фронт у ваенны шпіталь № 425 ФЭП-165.

Скончыў вайну на пасадзе галоўнага хірурга палявога шпіталя АПГ-3292 ПЭП-112, 1-ы Беларускі фронт у званні маёра медыцынскай службы.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», паводле ўзнагароднага ліста «…кіруе хірургічнай працай шпіталя, сам асабіста праводзіць найбольш складаныя аперацыі. За год і восем месяцаў ім прааперыравана 980 чалавек».

Пасля вайны, да мабілізацыі ў 1948 годзе служыў у ваенным шпіталі (в/ч 3292, в/ч 3490, в/ч ППГ-819, в/ч 2235) у Легніцы начальнікам медыцынскага аддзялення.

З 1950 года быў дырэктарам Ашмянскага медыцынскага вучылішча да яго пераводу ў пасёлак Юрацішкі ў 1960 годзе.

За гэты перыяд больш за тысячу медыцынскіх сясцёр, фельчараў і акушэраў выйшлі са сцен вучылішча, многія прадоўжылі навучанне ў медыцынскіх інстытутах. Карыстаўся павагай і аўтарытэтам сярод калег, маладых спецыялістаў, якія працуюць у ахове здароўя раёна, дзяліўся досведам і ведамі.

Узнагароджаны значком «Выдатнік аховы здароўя» (1958).

Выйшаўшы на пенсію, працаваў хірургам Ашмянскай гарадской паліклінікі і загадчыкам жаночай кансультацыі.

Вёў вялікую грамадскую працу. Быў пазаштатным карэспандэнтам Ашмянскай раённай газеты «Чырвоны сцяг», надаючы вялікую ўвагу выхаванню маладога пакалення, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Валодаючы сапраўды энцыклапедычнымі ведамі з’яўляўся лектарам Усесаюзнага таварыства «Веды».

Адзін з братоў — Раман Мікалаевіч Рапапорт (нар. 1897), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кавалер трох баявых ордэнаў.

  • Ордэн Чырвонай Зоркі (1945)
  • Медаль за перамогу над Германіяй (1945)
  • Ваенурач 3-га рангу
  • Капітан
  • Маёр медыцынскай службы
  • Санітар у 15-й арміі Заходняга фронту (1919)
  • Начальнік акушэрска-гінекалагічнага аддзялення і памочнік начальніка шпіталя па медыцынскай часткі Камсамольска-на-Амуры (1934—1937)
  • Галоўны хірург палявога шпіталя АПГ-3292 ПЭП-112, 1-ы Беларускі фронт
  • Дырэктар Ашмянскага медыцынскага вучылішча (1950—1960)
  • Рапапорт Абрам Мікалаевіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С. 391.
  • Ашмянскае медыцынскае вучылішча // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С. 525.