Аброк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аброк — форма феадальнай рэнты, якая збіралася з прыгонных сялян і з’яўлялася спосабам прысваення землеўласнікам прыбавачнага прадукту. Спаганяўся прадуктамі сельскагаспадарчай вытворчасці і промыслаў (натуральны аброк) або грашыма (грашовы аброк).

Найбольш ранняй формай быў прадуктовы аброк, які прыйшоў на змену раннесярэдневяковай павіннасці — даніне. Эвалюцыя даніны ў аброк адбывалася паступова на працягу XII—XIII стст. На ўсходзе Беларусі катэгорыя даннікаў вядома па гістарычных крыніцах XIV—XVI стст., аднак разумець пад імі трэба сялян-аброчнікаў. У XIV — сярэдзіне XV стст. натуральны аброк, нягледзячы на ўзрастанне грашовага аброка і розных форм аработачных павіннасцей, на ўсходзе Беларусі стаў асноўнай формай эксплуатацыі сялянства. У канцы XV — сярэдзіне XVI стст. з развіццём таварна-грашовых адносін адбываецца далейшы рост аброка, асабліва яго рашовай формы. У заходняй і цэнтральнай Беларусі (Панямонне і Падзвінне), дзе ў гэты час больш актыўна ішоў працэс умацавання фальварковай гаспадаркі, разам з аброкам (пераважна грашовым) вялікае пашырэнне набыла паншчына, якая стала асноўнай формай феадальнай рэнты. На паўднёвым усходзе Беларусі (Падняпроўе), дзе фальваркова-панская сістэма не набыла такога развіцця, у дзяржаўных уладаннях (староствах, дзяржавах, эканоміях), а таксама ў шэрагу прыватнаўласніціх маёнткаў у змешанай рэнце па-ранейшаму панаваў аброк пераважна грашовай формы. У 2-й палове XVII—XVIII стст., на Беларусі адбываецца перавод сялян з паншчыны на грашовы аброк, прытым ён быў палегчаны ва ўладаннях, якія найбольш пацярпелі ад войн. Менш гэты працэс закрануў магнацкія вотчыны на захадзе і ў цэнтры Беларусі, а таксама маёнткі дробнай і сярэдняй шляхты. Па меры аднаўлення гаспадаркі ў 1720 — 30-х гадах пачаўч зваротны працэс пераводу сялян з грашовага аброка на адработачную рэнту. На працягу 2-й паловы XVIII ст. гэты від рэнты асабліва пашыраны ў прыватнаўласніцкіх маёнтках заходняй і цэнтральнай Беларусі, а да канца стагоддзя стаў вядучай формай феадальнай рэнты ва ўладаннях усіх тыпаў. Разам з паншчынай павялічвалася і грашовая рэнта, у сувязі з чым натуральны аброк паменшыўся. Гэта было абумоўлена імкненнем землеўладальнікаў павялічыць свае прыбыткі, распачаць прадпрымальніцкую дзейнасць, а таксама ростам таварнасці панскіх гспадарак, пашырэннем рыначных сувязей і развіццём промыслаў.

У Расіі аброк быў адной з асноўных формаў эксплуатацыі сялян, хоць часта спалучаўся з паншчынай. Аднак феадальная зямельная рэнта ў форме паншчыны пераважала яшчэ і ў 1-й палове XIX ст. За гэты час яе памер павялічыўся ў 1,5 — 2 разы і да сярэдзіны XIX ст. яна ахоплівала 97 % усіх памешчыцкіх сялян. Аброк быў выцеснены на другі план. Пасля сялянскай рэформы 1861 года заменены выкупнымі плацяжамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]