Амбар

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Амбар (клець) у музеі народнай архітэктуры і побыту. Мінскі раён, вёска Азярцо

Амбар таксама клець ці сві́ран — халодны (без ацяплення) сельскагаспадарчы будынак для захоўвання сялянскага набытку: збожжа, адзення і іншых рэчаў.

Знутры амбары падзяляліся на аддзяленні, якія зваліся засекамі ці арудамі (пасекамі).

Амбары прызначаліся галоўным чынам для захоўвання запасаў збожжавых і іншых культур. Невялікія па аб'ёме амбары пасля пабудовы замазваліся глінай або смалой, пасля чаго заліваліся вадой. Калі вада не выцякала, высякалі дзверы і ставілі дах, пасля чаго амбар прасушваўся.

Па канструкцыі амбары звычайна будаваліся як аднакамерны зруб па форме блізкі да квадрата, які ставіўся на штандары або каменне. Перад уваходам рабіўся насціл з дошак на выпусках бярвенняў ніжніх вянкоў. Так утвараўся драўляны прыклетнік, пераклець або галерэя.

У летні перыяд будынак мог выконваць функцыю жытла. Бяднейшыя сяляне замянялі амбар каморай (невялікім адгароджаным памяшканнем у сенцах).

Свiран. Клецк. Здымак пач. ХХ ст.
Свiран. Вёска Чамброва Карэлiцкага раёна. Здымак пач. ХХ ст

Свiран[правіць | правіць зыходнік]

Свiран, традыцыйная гаспадарчая пабудова для хавання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння. Ад клецяў адрознiваецца большымi памерамi, дыферэнцыраванасцю функцыянальнага прызначэння, дэкаратыўным аздабленнем. Здаўна вядомы ў Беларусi, у Лiтве, некаторых раёнах Польшчы. У Беларусi пашыраны да сярэдзiны ХХ стагоддзя, да XIX стагоддзя пераважна будавалiся ў гаспадарках заможнай шляхты. З XIX стагоддзя пачалi будавацца ў сялянскiх гаспадарках, дзе свiраны нагадвалi клецi з засекамi, з ганкам перад уваходам. У адрозненне ад клецяў свiраны не блакiравалiся з iншымi пабудовамi, iх ставiлi асобна. Некаторыя cвiраны наблiжалiся сваiм выглядам да лямусаў i скарбнiц. Свiраны былi 1-ярусныя франтальнай кампазiцыi i 2-ярусныя франтальна-яруснай i цэнтрычна-яруснай кампазiцыi. Будавалi iх пераважна з дрэва (бярвён, брусоў, дыляў, плашак). З XVIII стагоддзя вядомы свiраны мураваныя, або ў тэхнiцы «прускага муру». 1-павярховыя свiраны — прамавугольныя або квадратныя ў плане збудаваннi, накрытыя 2- цi 4-cхiльнай страхой з дранiцы, гонты, саломы, часам выкарыстоўвалi камбiнаванае пакрыццё дранiцамi ў нiжняй частцы страхi, саломай у верхняй. У свiранах, што прызначалiся для хавання збожжа, рабiлi засекi з бярвён, дошак цi дыляў, перад уваходам — ганак або сенцы.

Cвiран. Вёска Мяжаны Браслаускага раёна. Здымак пач. ХХ ст

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сабаленка Э. Р., Гуркоў У. С., Іваноў У. М., Супрун Дз. Д. Беларускае народнае жыллё. — Мн., 1973.
  • Свiран // Энцыклапедыя лiтаратуры i мастацтва Беларусi. Том 4. Выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя» iмя Петруся Броўкi. Мiнск. 1987
  • Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся. — Мн., 1978.
  • Якімовіч Ю. А. Свіран // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 260. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).