Андрэй Бароўскі
| Андрэй Бароўскі | |
|---|---|
| Нараджэнне |
28 лістапада (10 снежня) 1873 |
| Смерць |
15 студзеня 1945 (71 год) |
| Месца працы | |
Андрэй Аляксандравіч Бароўскі (28 лістапада (10 снежня) 1873, Мітава — 15 студзеня 1945, Берлін) — расійскі рэвалюцыянер, кіраўнік Дыпламатычнай місіі БНР у Берліне.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне і сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Са шляхты Аршанскага павета[1]. Нарадзіўся 28 лістапада (10 снежня) 1873 года ў Мітаве (цяпер — Елгава, Латвія), дзе служыў бацька [2]. 30 снежня 1873 года быў ахрышчаны ў палкавой Аляксандра-Неўскай царкве [2].
Бацька — Аляксандр Іосіфавіч Бароўскі (1847—1915), пачаў ваенную службу ў 16 гадоў радавым салдатам, даслужыўся да палкоўніка[1]. На думку Ігара Барынава, ваенная служба была для яго вымушаным крокам (сацыяльным ліфтам), а нізкія балы ў вучылішчы і доўгая служба ў чыне капітана сведчылі пра нястачу талентаў да гэтай справы[2]. Маці — Вольга Аляксандраўна Нікалаева, дачка калежскага рэгістратара, узяла шлюб з Аляксандрам Бароўскім у Дынабургу 19 красавіка 1870 года ў гарадской Аляксандра-Неўскай царкве, калі ёй было 17 гадоў[2].
Біяграфія Бароўскага адлюстравала крызіс дваранскага ўкладу, калі прадстаўнікі эліты станавіліся шэраговымі службоўцамі і шукалі новыя калектыўныя ідэнтычнасці, што ў выніку прывяло Андрэя да беларускага нацыяналізму[3]. У адрозненне ад малодшых братоў (Аляксандра, які стаў генералам, Сяргея і Фёдара), Андрэй ніколі не цікавіўся арміяй. Барынаў характарызуе яго як чалавека з «унутранай дабрадушнасцю», які праз уласны характар не быў схільны да сістэматычнай працы, што не дазволіла яму атрымаць скончаную адукацыю[4].
Раннія гады
[правіць | правіць зыходнік]Вучыўся ў Смаленскай мужчынскай гімназіі, адкуль выбыў у студзені 1896 года з 6-га класа. Афіцыйнай прычынай было рашэнне бацькі праз нястачу сродкаў. Гімназічнае начальства давала Андрэю непрывабную характарыстыку: «вельмі лянівы, неакуратны і не заўсёды праўдзівы», адзначалі сярод парушэнняў курэнне, наведванне тэатра без дазволу і прагулы. Сапраўднай прычынай выбыцця была цяжарнасць Караліны-Елізаветы (Ліны) Гейне, 28-гадовай дачкі купца з Гольдынгена[4].
28 лютага 1896 года Бароўскі атрымаў пашпарт у Сянне, пара выехала ў Маскву, дзе 14 ліпеня 1896 года вянчалася ў Ярмолаеўскай царкве на Садовым кальцы (пасля лютэранскага абраду аглашэння ў Петрапаўлаўскім саборы). 14 кастрычніка 1896 года ў іх нарадзіўся сын Андрэй, сям’я жыла ў танным даходным доме Гірша на Малай Броннай, пазней пераязджала ў Грыбаедаў і Буцікоўскі завулкі [4].
У навуковай літаратуры (у прыватнасці, у У. Сакалоўскага) панавала версія, што Бароўскі вучыўся ў Юр’еўскім (Тартускім) і Пецярбургскім універсітэтах і яшчэ студэнтам далучыўся да беларускага руху[5], аднак, гэтыя звесткі не пацвярджаюцца сінхроннымі крыніцамі, Бароўскі не меў вышэйшай адукацыі [4].
Эсэраўскі актывізм
[правіць | правіць зыходнік]У Маскве Бароўскі працаваў у Маскоўскім таварыстве сельскай гаспадаркі, займаючыся бягучай статыстыкай [6]. Барынаў параўноўвае яго ў гэты час з іншым беларускім актывістам — Яўсеем Канчаром, адзначаючы, што абодва працавалі статыстыкамі на ўскраінах імперыі, але мелі розныя тэмпераменты: Канчар быў метадычным «меншавіком», а Бароўскі — «парывістым» эсэрам [7].
У 1896 годзе Бароўскі трапіў пад нагляд паліцыі праз суседа па кватэры [8]. У канцы 1898 года рэчы Бароўскага знайшлі ў сябра «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа», што прымусіла Бароўскага тэрмінова з’ехаць у экспедыцыю па даследаванні стэпавых абласцей (Казахстан), дзе ён загадваў партыяй па вывучэнні кіргізскай гаспадаркі [9]. У кастрычніку 1899 года пераехаў у Ташкент, дзе працаваў у Сырдар’інскім перасяленчым атрадзе [10].
Вярнуўшыся з экспедыцыі ў 1900 годзе, Бароўскі кароткі час працаваў у Пецярбургскім земстве, а ў 1902 годзе зноў апынуўся ў Маскве, дзе быў камерцыйным агентам у праўленні Маскоўска-Казанскай чыгункі [10].
Бароўскі быў актыўным дзеячам партыі эсэраў, займаўся арганізацыяй баявых дружын і пастаўкай зброі ў Маскву, за што ў ахоўным аддзяленні лічыўся «крайне небяспечнай асобай». У красавіку 1904 года арыштаваны ў Ташкенце па справе Самарскага камітэта Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў [8]. Пасля зняволення быў высланы ў Мезень, адкуль у жніўні 1905 года збег [8].
У лютым 1906 года зноў арыштаваны ў Маскве і змешчаны ў «Таганку»; пры ператрусе знайшлі нелегальную літаратуру і патроны [8]. Праз хранічны нефрыт высылка ў Туруханскі край была заменена на тры гады ў Тары Тобальскай губерні [8]. Тут Бароўскі, яшчэ не развёўшыся з першай жонкай, ажаніўся другі раз з Ганнай Міхайлаўнай Мосавай [8]. Шлюб з Лінай Гейне афіцыйна скасаваны толькі ў 1913 годзе праз яго «без вестак адсутнасць» на працягу пяці гадоў [10]. У красавіку 1907 года збег з сібірскай высылкі за мяжу [8].
Першая эміграцыя
[правіць | правіць зыходнік]Жыў у Германіі пад імем Аляксандра Мюлера [4]. У Хелераў каля Дрэздэна стаў сябрам таварыства першага ў краіне «горада-сада», захапляўся ідэямі гармоніі чалавека і прыроды [11]. Быў рэдактарам-выдаўцом рускай версіі штогоднікаў Інстытута рытму Эміля Жака-Далькроза [11]. Сярод яго кантактаў у эміграцыі былі Максім Літвінаў, Рыгор Алексінскі, Мікалай Рубакін, а таксама дзеячы мастацтва Серж Дзягілеў і Леў Бакст [11].
У кастрычніку 1912 года паліцыя вылічыла яго ў Берліне праз ліст да бацькі [6]. Падчас Першай сусветнай вайны выехаў у Швейцарыю, працаваў у Бюро па росшуку ваеннапалонных [11]. Паліцыя лічыла гэту працу прыкрыццём для партыйных даручэнняў і зафіксавала яго кантакты з тайным германскім агентам у Берне [12].
Вяртанне ў Расію (1915—1917)
[правіць | правіць зыходнік]24 верасня 1915 года праз Англію і Скандынавію вярнуўся ў Расію, афіцыйна — каб «уступіць у шэрагі абаронцаў радзімы» пасля смерці бацькі[12]. Арыштаваны і змешчаны ў Цюменскую турму, адкуль вызвалены ў студзені 1916 года пасля прашэння брата-генерала Аляксандра[12]. Сам Бароўскі тады пісаў міністру Хвастову, што займаўся ў эміграцыі пытаннямі гарадской гаспадаркі, і праўда ў 1911 годзе ён удзельнічаў у міжнародных кангрэсах па жыллёвай гігіене ў Дрэздэне [13].
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года далучыўся да беларускага руху. На думку Барынава, Бароўскі быў хутчэй «глыбокім сімпатызантам» беларускай справы, чым «палымяным змагаром», а БНР успрымалася ім як унікальны праект «грамадства роўных» [14]. Працаваў у кіраўніцтве «Цэнтрбелсаюзу» (Цэнтральнага саюза спажывецкіх таварыстваў Беларускага краю), а ў 1919 годзе быў членам БНК у Вільні ад беларускіх эсэраў [15].
Другая эміграцыя
[правіць | правіць зыходнік]Місія БНР у Берліне
[правіць | правіць зыходнік]У 1920 годзе пераехаў у Берлін. У адрасных кнігах горада яго прозвішча сустракаецца ў варыянтах Borovskoy, Borowsky і Barovsky [16]. Да куплі дома ў Мальсдорфе змяніў некалькі адрасоў: Вільгельмсхёэрштрасэ, 17, Гослерштрасэ, 20, Ёахімсталерштрасэ, 4 і Аўгсбургерштрасэ, 30 [16]. Для легалізацыі Бароўскі выкарыстаў біяграфічную містыфікацыю, сцвярджаў у веймарскай паліцыі, што пасля Лютаўскай рэвалюцыі і да кастрычніка 1918 года быў сакратаром расійскага консульства ў Амстэрдаме [4]. На думку Барынава, гэта легенда для хавання радыкальнага мінулага і стварэння вобраза рэспектабельнага дыпламата[4].
4 красавіка 1921 года прызначаны ў місію БНР у Берліне[17]. У дыпламатычнай працы засяродзіўся на эканоміцы, спрабуючы прадаць правы на беларускія лясы праз фірму IWEG [18]. У справах ён выяўляў неабачлівасць, напрыклад, мог перадаць канфедэнцыйную перапіску з IWEG пабочным контрагентам для азнаямлення[19]. Камерцыйныя авантуры скончыліся няўдачай, пакінуўшы яго ў 1925 годзе пад пагрозай судовага прыстава [19]. Адчайная матэрыяльная сітуацыя, імаверна, стала прычынай перадачы Бароўскім архіва місіі ў Прагу [19].
Аляксандр Цвікевіч у 1922 годзе крытыкаваў яго: «чалавек хоць і добры, але… слабоваты. Не дурак выпіць і пабалбатаць…» [19]. Калі ў кастрычніку 1925 года місію ліквідавалі, Бароўскі адмовіўся скласці паўнамоцтвы, заявіў Ластоўскаму, што яго стаўленне да беларускай справы нязменнае[20]. За перадачу архіва ў Прагу ў сакавіку 1926 года атрымаў «суровую адповедзь» ад Ластоўскага [21].
Па скасаванні місіі
[правіць | правіць зыходнік]З 1926 года ў адрасных кнігах Берліна значыўся як Schriftsteller (пісьменнік, літаратар) [16]. У выдавецтве «Айгенбродлер» выйшаў яго пераклад Льва Талстога[16]. З 1927 года жыў у раёне Мальсдорф (Брукзалерштрасэ, 38). З 1936 года там сама была зарэгістравана яго трэцяя жонка — Клара Самойлаўна Пергамс[16]. У 1932 годзе ў яго пасяліліся студэнты Анатоль Шкутка і Міхаіл Маскалік, якія заснавалі «Саюз беларускіх студэнтаў у Германіі», дзе дом Бароўскага стаў рэзідэнцыяй, а ён сам — сакратаром[22].
Падчас Другой сусветнай вайны працаваў у службе «Вінета» (з 6 жніўня 1941) карэктарам тэкстаў. Барынаў дапускае, што гэтая праца была для яго «сінекурай» [22]. Удзел Бароўскага ў Беларускай цэнтральнай радзе абмежаваўся трыма месяцамі ў канцы 1944 года перакладчыкам ва ўстаўнай камісіі Упраўлення ваенных спраў [22]. У 1946 годзе яго нарыс «Белавежская пушча» ўключаны ў хрэстаматыю «Родны край», выдадзеную ў лагеры для перамешчаных асоб [16].
Памёр у Берліне 12 студзеня 1945 года падчас бамбардзіровак [3]. Пахаваны 17 студзеня на евангелічных «Лясных могілках на Рансдорферштрасэ» ў Мальсдорфе. Пазней пахаванне ліквідавана як бесгаспадарнае [3].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Бацька
[правіць | правіць зыходнік]Бацька — Аляксандр Іосіфавіч (Юзафавіч) Бароўскі (21.11.1847 — пасля 1916). Са шляхты Аршанскага павета Магілёўскай губерні, праваслаўны, атрымаў дамашнюю адукацыю.[2]
Пачаў службу 4 студзеня 1865 года радавым у 113-м Старарускім пяхотным палку, праз тры месяцы атрымаў чын унтэр-афіцэра. Накіраваны ў Віленскае пяхотнае юнкерскае вучылішча 13.8.1865, якое скончыў па 2-м разрадзе (1865—1867). Паслядоўна атрымліваў чыны: прапаршчык (24.8.1867), падпаручнік 28.03.1869, паручнік (20.4.1870), штабс-капітан (28.6.1877), капітан 4.10.1879, падпалкоўнік 1.1.1889, палкоўнік (атрымаў пры выхадзе ў адстаўку 14.11.1904). Камандаваў ротай у 113-м палку агулам болей за 13 гадоў — з 22.12.1870 да 1.10.1881 і з 14.12.1884 да 18.7.1886 года.[2]
Служыў павятовым воінскім начальнікам: Серадзскім у Калішскай губерні (1886—1890), Сенненскім (1890—1904), Аршанскім (1904—1907) і Магілёўскім (1907—1910).[2]
Узнагароджаны ордэнамі Св. Станіслава 3-й ст. (1878), Св. Ганны 3-й ст. (1882), Св. Станіслава 2-й ст. (1895), Св. Ганны 2-й ст. (1899), Св. Уладзіміра 3-й ст. (1907).[23][2]
Буйны домаўладальнік у Магілёве. Меў уласны вялікі драўляны дом на каменным фундаменце з садам у Шушкевічавым завулку (Карабанаўская вуліца), які купіў у 1883 годзе[24]. Быў фігурантам гучнай судовай справы: у 1903 годзе яго абвінавацілі ў безгаспадарлівасці і растраце грошай Сенненскага павятовага папячыцельства народнай цвярозасці, з гэтай прычыны быў часова адхілены ад пасады. У чэрвені 1906 года Віленская судовая палата цалкам апраўдала яго. У 1910 годзе выйшаў у адстаўку[24]. Пасля гэтага некалькі гадоў вёў судовыя цяжбы з Магілёўскай гарадской думай наконт зямельнага ўчастка, абвінавачваў горад у незаконным адчужэнні часткі яго зямельнага ўчастка пад гарадскі завулак.[2]
Маці
[правіць | правіць зыходнік]Маці — Вольга Аляксандраўна Нікалаева, дачка калежскага рэгістратара.[25][2]
Браты і сёстры
[правіць | правіць зыходнік]У сям’і Аляксандра і Вольгі Бароўскіх было шасцёра дзяцей: Яўгенія (нар. 9.12.1871), Андрэй (нар. 28.11.1873), Аляксандр (нар. 9.7.1875), Сяргей (нар. 12.1.1882), Барыс (нар. 25.8.1883), Фёдар (нар. 26.12.1886).[25][2]
- Аляксандр Аляксандравіч Бароўскі (27.6.1875 [9.7. новага стылю] — 27.12.1938) — ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант. Скончыў Пскоўскі кадэцкі корпус (1894), Паўлаўскае ваеннае вучылішча (1896) і Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба (1903). Камандзір брыгады 2-й Сібірскай стралковай дывізіі ў Першую сусветную вайну. Адзін з заснавальнікаў Добраахвотніцкай арміі на поўдні Расіі, камандзір Крымска-Азоўскай арміі, начальнік войскаў Закаспійскай вобласці ў Белым руху. Памёр у эміграцыі ў Скоп’і (Югаславіі).[2]
- Уладзімір (28.2.1906 — 21.7.1923), вучыўся ў Першым рускім кадэцкім корпусе ў Югаславіі і загінуў маладым.[2]
- Сяргей Аляксандравіч Бароўскі (12.1.1882 — пасля 1923). Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1900), пасля канфлікту сышоў з Міхайлаўскага артылерыйскага вучылішча і скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (1903). Паступіў на службу ў 102-ы Вяцкі пяхотны полк (30.8.1900), адтуль 3.3.1904 перавёўся ў 96-ы Омскі пяхотны полк, падпаручнік. Удзельнік руска-японскай вайны 1904—1905 гадоў у складзе 8-га Сібірскага Томскага палка (накіраваны на ўкамплектаванне 4.10.1904), часовым выканаўца абавязкаў палкавога ад’ютанта, паранены. Узнагароджаны баявымі ордэнамі Св. Ганны 4-й ст. «За храбрасць» (25.4.1905) і Св. Станіслава 3-й ст. з мячамі і бантам «за отличия в делах против японцев»[26]. У 1906 годзе звольнены па хваробе сэрца. Пасля гэтага цалкам змяніў дзейнасць, стаў оперным спеваком (барытонам), выступаў у тэатрах Расіі. У 1918 годзе эміграваў у Швейцарыю, а ў 1920 годзе пераехаў у ЗША (Чыкага). Паводле мемуараў эмігрантаў, на кватэры Сяргея Бароўскага ў Чыкага, па прыездзе ў ЗША ў 1923 годзе некаторы час жыў першы старшыня Рады Міністраў БНР Язэп Варонка.[2]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Баринов 2024, p. 130.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н Баринов 2024, p. 131.
- ↑ а б в Баринов 2024, p. 145.
- ↑ а б в г д е ё Баринов 2024, p. 132.
- ↑ Баринов 2024, p. 129.
- ↑ а б Баринов 2024, p. 133.
- ↑ Баринов 2024, p. 133, 134.
- ↑ а б в г д е ё Баринов 2024, p. 135.
- ↑ Баринов 2024, p. 133, 135.
- ↑ а б в Баринов 2024, p. 134.
- ↑ а б в г Баринов 2024, p. 136.
- ↑ а б в Баринов 2024, p. 137.
- ↑ Баринов 2024, p. 137, 138.
- ↑ Баринов 2024, p. 140, 142.
- ↑ Баринов 2024, p. 138.
- ↑ а б в г д е Баринов 2024, p. 143.
- ↑ Баринов 2024, p. 140.
- ↑ Баринов 2024, p. 141.
- ↑ а б в г Баринов 2024, p. 142.
- ↑ Баринов 2024, p. 142, 143.
- ↑ Баринов 2024, p. 139.
- ↑ а б в Баринов 2024, p. 144.
- ↑ СПС 1 янв. 1909.
- ↑ а б Баринов 2022.
- ↑ а б РГВИА. Ф. 400, оп. 12, д. 24518, л. 450.
- ↑ РГВИА. Ф. 409.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Игорь Игоревич Баринов «Мое отношение к белорусскому делу неизменно»: личностная биография Андрея Боровского // Восточнославянские исследования. — 2024. — В. 3. — С. 128–148. — DOI:10.31168/2782-473X.2024.3.07
- Сакалоўскі У. Л. Да вытокаў беларускай дыпламатыі: дзейнасць беларускай місіі ў Берліне // Сацыяльна-эканамічныя і прававыя даследаванні. № 4. 2008. — С. 218.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Баринов И. Александр Иосифович Боровский, отец Андрея Боровского, будущего главы миссии БНР в Берлине // Запісы беларусаведа, 8.1.2022.
- Список полковникам по старшинству на 1 января 1909 года
- РГВИА. Ф. 400, оп. 12, д. 24518, л. 450.
- РГВИА. Ф. 409, п/с 317—826 (1906)