Надзвычайная місія БНР у Нямеччыне
Надзвыча́йная дыпламаты́чная мі́сія Белару́скай Наро́днай Рэспу́блікі ў Няме́ччыне — дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў сталіцы Германіі Берліне, якая дзеяла ў 1919—1925 гадах. Адрас дыпмісіі — Motzstraße 21[1].
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]З мэтай усталявання дыпламатычных стасункаў з еўрапейскімі дзяржавамі Рада БНР накіравала ў шэраг сталіцаў свае дэлегацыі. У Берліне першым афіцыйным пасланнікам БНР стаў кіраўнік Беларускае ваеннае місіі па справах ваеннапалонных капітан Антон Борык, які прыбыў з Гродна 23 сакавіка 1919 года. У нямецкіх лагерах для ваеннапалонных знаходзіліся каля 60 000 беларусаў, і беларускі ўрад спадзяваўся з дапамогай вайскоўца-дыпламата стварыць з іх беларускае войска. Наладзіўшы сувязь з Міжнароднай камісіяй па справах ваеннапалонных, Антон Борык разам з генералам Кіпрыянам Кандратовічам актыўна вёў беларускую працу сярод ваенных. Пазней у Берлін прыехалі з Кіеву міністры БНР Васіль Захарка і Аляксандр Цвікевіч, а таксама Аркадзь Смоліч, прызначаны паслом Беларусі.
Неўзабаве да іх далучыўся старшыня Рады міністраў БНР Антон Луцкевіч, які меў атрымаць у Рэйхсбанку акрэдытыў у 1,6 млн марак , выдаткаваны ўрадам Украінскай народнай рэспублікі. Нямецкі ўрад адмовіўся іх выдаць, і цягам трох месяцаў, пакуль вырашалася пытанне, урад БНР фактычна ў поўным складзе прытуліўся ў Берліне. Гэты перыяд дзейнасці Рады міністраў БНР адзначаны значнай актыўнасцю: урадавымі пасяджэннямі, сустрэчамі з нямецкімі палітыкамі, журналістамі, наладжваннем кантактаў з дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі. Пасля адмовы Германіі выплаціць украінскую фінансавую пазыку Аляксандр Цвікевіч выехаў у Вену, дзе захоўвалася другая частка ўкраінскага акрэдытыву.
6 красавіка ў Берлін прыбыла дэлегацыя ад афіцэраў-беларусаў з лагера ваеннапалонных у Зальцведэлі на чале з палкоўнікам Вішнеўскім. Яны прывезлі ў Беларускае ваеннае прадстаўніцтва падпісаны 60-цю афіцэрамі ліст з просьбай накіраваць беларускіх палонных на бацькаўшчыну дзеля фарміравання нацыянальных ваенных аддзелаў. Аднак нямецкія ўлады не зарэгістравалі Беларускае ваеннае прадстаўніцтва і не далі яму згоды на вырашэнне ваенных пытанняў.
У Берліне дзейнічала фірма «Сіндыкат Сапегі для Еўропы і Азіі на Беларусі», заснаваная ўраджэнцам Беларусі Станіславам Львом Сапегам-Ваяводам, які пэўны час аказваў фінансавую дапамогу беларускаму прадстаўніцтву. У складзе фірмы працавала вялікая колькасць беларусаў, а да лета 1920 года яе ўзначальваў Антон Борык. Сапега заснаваў таксама і першую па-за межамі Расійскай імперыі Беларускую службу друку і тэлеграфнай інфармацыі.
У красавіку 1919 года Аркадзь Смоліч выехаў у Варшаву на перамовы з польскім урадам і ў Берлін больш не вярнуўся. Беларуская дэлегацыя на Парыжскую мірную канферэнцыю звярнулася да паслоў Англіі, ЗША і Францыі ў Берліне з просьбаю прызнаць БНР. 4 мая Антон Луцкевіч звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Германіі з заявай пра афіцыйную рэгістрацыю Дыпламатычнай місіі БНР у складзе самога Луцкевіча (старшыня Рады і міністр замежных спраў), Аркадзя Смоліча (пасла), службоўцаў Антона Борыка і Янкі Натусевіча. Афіцыйным адрасам пазначаны Кайзералее , 209—1, дзе размяшчалася Беларускае прэс-бюро[1]. Першае пасяджэнне пасля рэгістрацыі адбылося 2 ліпеня 1919 года[2].
25 жніўня паўнамоцным прадстаўніком Ураду БНР у Берліне афіцыйна прызначаны Леанард Заяц, аднак праз яго хваробу ўжо 27 кастрычніка гэту пасаду заняў Леанід Баркоў. З чэрвеня па снежань місія БНР выдавала ўласны інфармацыйны бюлетэнь на нямецкай мове.
Пасля расколу Рады БНР у снежні 1919 года Берлінская місія падпарадкавалася юрысдыкцыі ўраду Народнае Рады БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім.
1919—1921 гады сталі найбольш плённым перыядам у дзейнасці Берлінскай місіі БНР. Беларускія прадстаўнікі дамагліся дазволу выдаваць грамадзянам Беларусі пашпарты БНР, уласнікі якіх мелі права падарожнічаць па Еўропе, атрымаць візу на пераезд у Амерыку ці вярнуцца на радзіму. Усе дыпламатычныя і агульнаграмадзянскія пашпарты БНР былі надрукаваны менавіта ў Германіі. Нямецкія ўлады дазволілі правесці рэгістрацыю беларускіх ваеннапалонных, дзякуючы чаму ўраджэнцы Беларусі ў лагерах для інтэрніраваных здолелі атрымліваць грашовую дапамогу праз Беларускі Чырвоны Крыж. У кастрычніку 1920 быў адноўлены выхад інфармацыйных бюлетэняў. Беларускае прэс-бюро наладзіла таксама кантакты з літоўскім дзяржаўным тэлеграфным агенцтвам «Эльта » і нямецкімі «Агенцтвам Вольфа», «Прэсэ-Вартэ». У 1920 годзе заснаваная выдавецкая суполка «Вызваленне».
Пасля пераезду Рады міністраў у Прагу дзейнасць берлінскай місіі паступова занепадае. 1 верасня 1922 года ўрад цалкам спыніў яе фінансаванне. Пасля падпісання Рапальскага дагавора паміж Германіяй і БССР яна апынулася ў напаўлегальным становішчы. У жніўні 1923 МЗС Германіі паведаміла шэфу дыпламатычнай місіі БНР Андрэю Бароўскаму, што адгэтуль разглядае місію выключна прадстаўнікамі замежнай палітычнай групы[2]. Канчаткова місія спыніла дзейнасць у кастрычніку 1925 года пасля Другой Усебеларускай канферэнцыі, якая прыняла рашэнне пра ліквідацыю ўраду БНР і прызнанне БССР.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Марта Сакавік.. Места белорусской истории в Берлине. Где что находится (руск.). Беларусь. Deutsche Welle (30 мая 2023). Праверана 24 жніўня 2023.
- ↑ а б Александр Тихомиров. Проблемы белорусско-германских отношений в 1914—1922 гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 2002. — № 4.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сакалоўскі У. Надзвычайная дыпляматычная місія БНР у Нямеччыне. Дакумэнты дыпляматычнае чыннасьці БНР у Нямеччыне // Спадчына. — 1998. — № 1. — С. 164—196.
- Сакалоўскі У. Надзвычайная дыпляматычная місія БНР у Нямеччыне. Дакумэнты дыпляматычнае чыннасьці БНР у Нямеччыне // Спадчына. — 1998. — № 2. — С. 204—222.
- Сакалоўскі У. Надзвычайная дыпляматычная місія БНР у Нямеччыне. Дакумэнты дыпляматычнае чыннасьці БНР у Нямеччыне // Спадчына. — 1998. — № 4. — С. 89—99.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Артыкул Уладзіміра Сакалоўскага на старонцы Рады БНР