Перайсці да зместу

Антон Мітрафанавіч Кецка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Антон Кецка)
Антон Мітрафанавіч Кецка
Дзейнасць пастар
Нараджэнне 14 лютага 1907(1907-02-14)[1]
Смерць 29 сакавіка 1978(1978-03-29)[1] (71 год)
Пахаванне

Узнагароды

Антон Мітрафанавіч Кецка (14 лютага 1907, в. Замагілле, цяпер в. Рассвет Салігорскага раёна — 29 сакавіка 1978) — прэсвітар Мінскай царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ) у 1942—1945 і 1972—1974 гадах. Праведнік народаў свету (16.11.2005)[2].

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, дзе было 6 дзяцей. З 10-гадовага ўзросту працаваў пастухом у заможных сялян, з 1928 — лясніком, пазней кавалём. У 1923 годзе пачуў казанне аднаго з братоў Слуцкай царквы ЕХБ, стаў наведваць супольнасці вернікаў па дамах і ў Слуцкай царкве. Летам 1928 года ахрышчаны ў Старобінскай царкве ЕХБ[3]. Неўзабаве быў абраны членам савета царквы, амаль адразу зведаў варожасць савецкай улады.[4]

У 1930 годзе А. Кецка быў арыштаваны, разам з 200 іншымі евангельскімі, праваслаўнымі, каталіцкімі святарамі і рабінамі, а таксама заможнымі сялянамі і іх сынамі. Трапіў у лагер на будаўніцтве чыгункі Орша-Лепель. Вызвалены ў 1933 годзе.[4]

З цяжкасцю ўладкаваўся на працу інструктарам ваенна-будаўнічых работ УВБРВ у Слуцку. Наведваў супольнасць слуцкіх вернікаў ЕХБ, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай Нінай. Калі ў 1933 годзе яны вырашылі ўзяць шлюб, то не маглі знайсці брата ЕХБ для правядзення абраду, усе прэсвітары былі ў лагерах, а дамы малітвы закрытыя. Урэшце, брат Віктар Мікалаевіч Чэчнеў (старшы прэсвітар ЕХБ па Беларусі ў 1923—1930 гадах) тайна правёў абрад на ўласнай кватэры ў прысутнасці 10 блізкіх сваякоў.[4]

У 1937 годзе на агульным сходзе будаўнікоў УВБРВ, як лепшага працаўніка, Антона Кецку прапанавалі перавыбраць у пабудкам. Аднак, адна з працаўніц ведала пра зняволенне Кецкі ў лагеры у 1930—1933 гадах і галосна паведаміла пра гэта. Кіраўніцтвам на сходзе Кецка быў названы «чуждым элементам», які прабраўся ў шэрагі будаўнікоў, «ворагам народа» і выгнаны.[4]

Ведаючы, што можна чакаць новага арышту, Кецка з жонкай у канцы 1937 года з’ехаў у Башкірыю. Да 1940 года працаваў прарабам на Башкірскай чыгунцы. У 1940 годзе, зноў пазбягаючы арышту, Кецкі вярнуліся ў Беларусь, Антон уладкаваўся прарабам на будаўніцтва авіязавода (цяпер МТЗ).[4]

У час 2-й сусветнай вайны Антон Кецка, разам з іншым братам ЕХБ Уладзімірам Канатушам, дамогся ад нямецкіх акупацыйных уладаў дазволу на правядзення богаслужбаў, бо нелегальныя сходы пагражалі ўсім вернікам расстрэлам. Таксама акупацыйная адміністрацыя вылучыла для царквы ЕХБ памяшканне на вул. Нямігскай. У студзені 1942 года Антон Кецка быў абраны прэсвітарам Мінскай царквы ЕХБ, якім быў да 1945 года. Вернікі Мінскай царквы ЕХБ, якія самі цярпелі нястачу ўсяго, збіралі ў доме малітвы на Нямігскай вуліцы абутак, адзежу і харчаванне, якімі дапамагалі тым, хто меў у гэтым патрэбу.[4]

На просьбу старасты гарадской управы Вацлава Іваноўскага[4], мінская суполка ЕХБ апекавала дзіцячыя дамы № 2 і № 7, збірала для іх харчаванне, адзежу, медыкаменты. Сярод 126 выхаванцаў гэтых дзіцячых дамоў было 72 яўрэі. Схаваць іх было немагчыма, бо акупацыйныя ўлады ведалі агульную колькасць выхаванцаў. На час праверак, Антон Кецка падмяняў дзяцей з тыповай яўрэйскай знешнасцю, або тых хто мог выдаць сам сябе, сваімі дачкамі і дзецьмі іншых вернікаў ЕХБ. Інфармацыю пра праверкі Кецка атрымліваў ад аднаверца — нямецкага афіцэра Герхарда Кругера, якому дапамагалі яшчэ два вернікі-немцы Фурман і Най[4]. Таксама вернікі ЕХБ прыводзілі ў апекаваныя дзіцячыя дамы яўрэйскіх дзяцей беспрытульнікаў, якіх афармлялі пад неяўрэйскімі прозвішчамі. Гэтая дзейнасць працягвалася фактычна да канца акупацыі летам 1944 года. Адзін з братоў Мінскай царквы ЕХБ — Якаў Рапецкі, быў аформлены выхавацелем па рэлігіі ў дзіцячых дамах, яму было даручана размеркаванне паміж дзецьмі дапамогі ад супольнасці ЕХБ[4].[2]

Дзейнасці Антона Кецкі і яго жонкі Ніны ў старым будынку Музея Вялікай Айчыннай вайны, у экспазіцыйнай зале № 3 «Акупацыйны рэжым і злачынцы гітлераўцаў на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг.», быў адведзены асобны стэнд[4].

У 1943 годзе Антон Кецка здолеў выдаць 15000 асобнікаў Новага Запавету[4]. Таксама апрацаваў беларускамоўны «Евангельскі хрысціянскі спеўнік»[3], выдадзены тыражом 5500 асобнікаў[4]. Пісаў у «Беларускай газеце» пра становішча царквы ЕХБ у Беларусі[3].

У чэрвені 1944 года Антон Кецка з сям’ёй быў вывезены на прымусовыя працы ў Германію[2], паводле іншых звестак «эвакуіраваўся»[3].

Вярнуўся з сям’ёй у Мінск у красавіку 1945 года[3]. Пасяліліся ў пакоі жончынай сястры з яе двума дзецьмі, на вул. Пралетарскай — 8 чалавек на 9 кв.м., для дзяцей зрабілі трох’ярусныя нары. Антон Кецка ўладкаваўся сталяром у Акадэміі навук, але працаваў там толькі 8 дзён. Арыштаваны 2 лістапада 1945 года па дарозе на працу. Вечарам таго ж дня ў пакоі правялі вобыск, але нічога не знайшлі, апроч двух гадзіннікаў[4].

А. Кецка быў асуджаны 28.3.1946 года ваенным трыбуналам войскаў НКУС Мінскай вобласці да 10 гадоў пазбаўлення волі, па арт. 72 «правядзенне контррэвалюцыйнай прапаганды і ўзвядзенне паклёпу на Савецкую уладу», з паражэннем у правах і канфіскацыяй маёмасці[4].

Жонка працяглы час не ведала пра лёс мужа, яна засталася цяжарная і з трыма дзецьмі — 11-гадовай Лідай, 6-гадовай Валяй і 1,5 гадовай Галяй. Яна тлумачыла дачкам, што бацька пацярпеў за любоў да Хрыста. Неўзабаве нарадзіўся сын Мікалай. Сям’і, якая засталася без жытла і сродкаў, неяк дапамагалі вернікі ЕХБ. Адну з дачок — Валю, давялося ў 1949 годзе аддаць у дзіцячы дом, дзе яна жыла да вяртання бацькі ў 1953 годзе[4].

Антон Кецка адбываў пакаранне ў лагеры «Тахтамыгда» у Амурскай вобласці. Вызвалены ў 1953 годзе, пасля смерці Сталіна[4], дзякуючы хадайніцтву персанала дзіцячых дамоў і выратаваных дзяцей[2]. Рэабілітаваны 16.2.1994 года Мінскім абласным судом[4].

Пасля вызвалення Антон Кецка працаваў будаўніком у розных установах Мінска. Зноў далучыўся да Мінскай царквы ЕХБ. У 1967 годзе быў абраны старшым прэсвітарам па Мінскай вобласці і намеснікам старшага прэсвітара па Беларусі. Быў у царкоўным савеце Мінскай царквы ЕХБ, у 1972—1974 гадах — яе прэсвітарам. Кіраваў пабудовай новага малітоўнага дому Мінскай супольнасці ЕХБ[3][4].

У 1966 годзе памерла жонка Ніна Адамаўна. Дзеці да таго часу былі ўжо дарослыя і мелі ўласныя сем’і. Валя і Галя пелі ў хоры Мінскай царквы ЕХБ. Муж Валі — І. І. Панько — быў дыяканам Мінскай царквы ЕХБ, дапамагаў А. Кецку ў служэнні цэрквам вобласці, а ў 1989 годзе абраны прэсвітарам Вільнюскай царквы ЕХБ, а затым — біскупам цэркваў ХВЕ Літвы[4].

Памёр Антон Кецка 29 сакавіка 1978 года. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Мінску, па помніку выбіты словы з 2 Цім. 4:7-8: «Подвигом добрым я подвизался, течение совершил, веру сохранил; а теперь готовится мне венец правды, который даст мне Господь»[4].

Зноскі

  1. а б The Righteous Among the Nations Database
  2. а б в г Детские дома как убежище: Василий Орлов, Антон Кецко, Мария Воронич, Вера Спарнинг (Беларусь) Архівавана 16 мая 2017. // Яд Вашем. Мемориальный комплекс истории Холокоста. — Дата доступа: 12.04.2017.
  3. а б в г д е Туронак Ю. Кецка Антон…
  4. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Фирисюк А. За что?…
  • Туронак Ю. Кецка Антон // Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002.
  • Фирисюк А. За что? Архівавана 7 жніўня 2008. // «Крыніца жыцця», 25 крас. 2006. — Дата доступа: 12.04.2017.