Антыква

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Антыква (шрыфт з засечкамі)

Антыква — вельмі шырокае паняцце, якое азначае форму пісьма, на аснове лацінскага алфавіта, якая на сённяшні дзень дамінуе сярод друкарскіх шрыфтаў. Практычна ўсе сучасныя кнігі, часопісы і іншыя тыповыя месцы прымянення друкарскага шрыфту на нацыянальных мовах, якія выкарыстоўваюць алфавіты, што паходзяць з лаціны (заходнеславянскія, раманскія, англасаксонскія, нардычныя, фіна-ўгорскія і да т. п.), друкуюцца нейкім відам антыквы. Неантыкваваныя шрыфты ў лацінскіх шрыфтах сёння ўжываюцца толькі ў асаблівых сітуацыях, як прыгожае пісьмо (напрыклад, у тытуларыях, літарным аздабленні, рэкламнай графіцы і г. д., але таксама здараюцца, напрыклад, пры друкаванні паэзіі).

Гісторыя антыквы[правіць | правіць зыходнік]

Антыква зарадзілася ў 2-й палове XV ст., калі на мыслярнай хвалі эпохі Рэнесансу ў Італіі быў распрацаваны новы спосаб ручнога пісання, які значна адрозніваўся ад дамінуючага ў той час, але не вельмі чытэльнага гатычнага пісьма. Маюскулы (вялікія літары) антыквы абапіраліся на рымскую капітэль — манументальнае пісьмо старажытнага Рыма, а мінускулы (малыя літары) — на раннесярэдневяковы каралінгскі мінускул — кодэксавае пісьмо эпохі Карла Вялікага. Спачатку ў дачыненні да антыкваў, альбо формаў, што грунтаваліся на пісьме ранейшых эпохаў, ужываўся тэрмін littera antiqua, у параўнанні з распаўсюджаным у той час гатычным пісьмом, якое называлася littera moderna. Сёння ж менавіта гатычнае пісьмо падаецца архаічным, у той час як формы першых антыкваў дагэтуль пратрымаліся ў практычна нязменным выглядзе і па-ранейшаму ахвотна ўжываюцца. Аднак з часам збор формаў, якія акрэсліваліся як антыквы, быў значна пашыраны ў візуальным сэнсе за кошт тых пазіцый, якія зусім не падобныя на першыя антыквы. Сёння да антыкваў залічаюць як шрыфты з засечкамі (серыфамі), так і без серыфаў, і разам з тым у абодвух выпадках яны могуць быць формамі адна- або двухэлементнымі.

Антыкву прыдумалі практычна ў тыя самыя часы, калі адбылося распаўсюджанне друку ў Еўропе, і хоць ксілаграфічныя друкі (з друкарскай формы, выразанай у дрэве) і першыя друкі, выкладзеныя рухомым шрыфтам (разам з Бібліяй Гутэнберга) друкаваліся гатычным шрыфтам, аднак першыя антыквавыя друкарскія шрыфты таксама з'явіліся ў той час, а з часам, і даволі хутка, яны выцеснілі гатычныя на большай частцы Еўропы і ў большасці выпадкаў ужывання. У раманскіх краінах антыква панавала ўжо ў XVI ст., у Рэчы Паспалітай паспяхова выцесніла гатычнае пісьмо толькі ў XVII ст. (хоць першая антыква на яе тэрыторыі была ўжытая ўжо ў 1517 годзе кракаўскім друкаром Фларыянам Унглерам). Найдаўжэй, ажно да II сусветнай вайны, паралельнае ўжыванне антыквы і гатычных шрыфтаў захоўвалася на нямецкамоўным культурным абшары.

Храналогія антыквавых шрыфтаў[правіць | правіць зыходнік]

  • рэнесансная антыква (сярэдневяковая) — двухэлементная, серыфная, з невялікім кантрастам паміж верхнімі і ніжнімі лініямі
  • баракальная антыква — двухэлементная, серыфная, з павялічаным кантрастам у параўнанні з рэнесанснай антыквай, затое з менш скошанымі засечкамі
  • класіцысцкая антыква — двухэлементная, серыфная, з большым кантрастам у параўнанні з баракальнай антыквай, прамымі засечкамі, у якой падкрэсліваюцца ніжнія і верхнія лініі
  • егіпецкая (1-я палова XIX ст.) — аднаэлементная серыфная антыква
  • гратэск (1-я палова XIX ст.) — аднаэлементная безсерыфная антыква
  • мадэрновая антыква

Класіфікацыя антыквавых шрыфтаў[правіць | правіць зыходнік]

У адной з найбольш папулярных у Еўропе класіфікацыяў шрыфтаў — нямецкай класіфікацыі DIN, сярод адзінаццаці асноўных класаў сем былі прысвечаны ўласна антыквам (з апорай на храналагічны прынцып).

Іншае значэнне антыквы[правіць | правіць зыходнік]

У прастамоўі, у іншым значэнні, антыквамі называюцца таксама наагул усе шрыфты ў простых формах пісьма, у адрозненне ад нахіленых шрыфтоў, або курсіваў.

Шаблон:Шрыфтавы дызайн