Аомары

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Цэнтральны горад
Аомары
яп.: 青森市
Сцяг
Сцяг
Aomori bay.jpg
Краіна
Статус
Адміністрацыйны цэнтр
Прэфектура
Каардынаты
Мэр
Ранейшыя назвы
善知鳥村
Цэнтральны горад з
Плошча
824,54 км²
Водныя аб'екты
Насельніцтва
295 736 чалавек (2014)
Шчыльнасць
358,67 чал./км²
Часавы пояс
Тэлефонны код
+81 177
Паштовы індэкс
030-0000
Код
02201-2
Афіцыйны сайт
Рэгіён
Сімволіка
Кветка: Rosa rugosa
Дрэва: Піхта
Птушка: Strix uralensis
Аомары на карце Японіі
Аомары (Японія)
Аомары

Ао́мары (яп.: 青森市?) — цэнтральны горад і порт у Японіі, размешчаны на поўначы вострава Хансю ў бухце Аомары. Адміністрацыйны цэнтр прэфектуры Аомары.

Плошча горада складае 824,54 км²,[1] насельніцтва — 295 736 чалавек (1 жніўня 2014)[2], шчыльнасць насельніцтва — 358,67 чал./км².

Агульныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Аомары размешчаны ў цэнтральнай частцы прэфектуры. Ён выконвае ролю транспартнага калідора паміж двума вялікімі астравамі Хансю і Хакайда, Японскім морам і Ціхім акіянам. Асновай эканомікі горада з'яўляецца сельская гаспадарка, вырошчванне яблыкаў, чорнай парэчкі, гадоўля і лоўля малюскаў (грабеньчыкаў прыморскіх, Patinopecten yessoensis), а таксама вытворчасць ялавічыны. Штогод у Аомары праходзяць вялікія начныя парады нэбута з велізарнымі ліхтарамі. У горадзе размешчана найбуйнейшае ў краіне паселішча-стаянка эпохі неаліту.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Порт Аомары на берагах заліва Муцу, у паўночнай частцы горада.

Аомары размешчаны на паўночным узбярэжжы заліва Муцу, на раўніне Аомары, цэнтральнай часткі прэфектуры Аомары. Горад акружаны з усіх бакоў горамі, найбуйнейшымі з якіх з'яўляюцца вулканічная града Хакода.

Аомары мяжуе на захадзе з сялом Ямогіта і горадам Гасёгавара, на паўднёвым захадзе з пасёлкамі Ітаянагі, Фудзісакі і сялом Інакадатэ, на поўдні з гарадамі Кураісі, Хіракава і Тавада, і на ўсходзе з пасёлкамі Сітынахэ і Хіранай. Паўночны бок горада Аомары абмываецца водамі заліва Муцу.

Плошча горада складае 824,54 км². Гэта найбуйнейшы горад на тэрыторыі прэфектуры Аомары.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат Аомары ўмераны. Сярэдняя тэмпература паветра ў 2007 годзе складала 11,1 ° С. Лета па японскіх мерках халаднаватае і часта туманнае, а зіма адносна цёплая, але вельмі снежная[3]. Сярэдняя колькасць ападкаў у 1999—2007 гадах вагалася паміж 1300—1400 мм[4].

Клімат Аомары
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 13,5 17,1 20,1 28,3 30,0 33,5 35,1 36,7 35,9 30,5 23,8 21,1 36,7
Сярэдні максімум, °C 1,5 2,0 5,9 13,1 18,5 21,5 25,5 27,6 23,7 17,7 10,7 4,5 14,3
Сярэдняя тэмпература, °C −1,4 −1,1 2,0 7,9 13,1 17,0 21,1 23,0 18,9 12,6 6,4 1,3 10,1
Сярэдні мінімум, °C −4,3 −4,3 −1,8 3,2 8,3 13,2 17,6 19,3 14,6 7,8 2,4 −1,6 6,2
Абсалютны мінімум, °C −23,5 −24,7 −18,4 −12,2 −1,4 4,0 6,5 8,9 3,0 −2,4 −12,1 −20,6 −24,7
Норма ападкаў, мм 145 116 70 61 79 82 103 129 120 106 132 149 1 290
Крыніца: [2]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Турыстычны цэнтр Аомары.

Першыя людзі пасяліліся на тэрыторыі Аомары ў перыяд Дзёмон (12 000 да н.э. — 300 да н.э.). Сведчаннем гэтага з'яўляецца стаянка Санай-Маруяма, найбуйнейшае паселішча дзёмонцаў у Японіі. Нашчадкі гэтых людзей былі часткай этнічна-сацыяльнай агульнасці эмісі, якая ў 12 стагоддзі была заваявана і асімілявана жыхарамі дзяржавы Ямата, продкамі большай часткі сучасных японцаў.

У старажытную і сярэдневяковую эпоху на тэрыторыі Аомары існавала некалькі разрозненых населеных пунктаў — порт Ахама, рыбацкая вёска Уто і шэраг заезных пасёлкаў для турыстаў. У 1489 годзе самурайскі род Цуцумі захапіў землі раўніны Аомары і заклаў каля сяла Уто драўляны замак. Аднак праз стагоддзі, у 1585 годзе, войскі Цугару Тамэнобу, палкаводца з суседняй раўніны Цугару, знішчылі гэта ўмацаванне і перападпарадкавалі сабе мясцовую акругу.

У 1624 годзе Цугару Набухіра, пераемнік Тамэнобу і кіраўнік княства Хірасакі, загадаў пабудаваць на берагах заліва Муцу порт Аомары, які ўжо з наступнага года пачаў прымаць караблі. У 1626 туды быў пасланы аканом з княства Хірасакі, які паспрыяў развіццю паселішча. Гэты год лічыцца годам заснавання пасёлка Аомары[5].

На працягу ўсяго перыяду Эда (1603—1867) Аомары меў ролю важнага транспартнага пункта ў межах княства Хірасакі, уладання роду Цугару. Ён звязваў асноўныя японскія землі на востраве Хансю з востравам Хакайда, радзімай айнаў.

Пасля рэстаўрацыі прамога імператарскага кіравання ў Японіі ў 1869 годзе і адміністрацыйнай рэформы 1871 года, княства Хірасакі было ператворана ў прэфектуру Хірасакі. У верасні 1871 года прэфектурны цэнтр перанеслі з Хірасакі ў пасёлак Аомары, і новая адміністрацыйная адзінка атрымала назву прэфектура Аомары. 1 красавіка 1898 года гэтаму пасёлку быў нададзены статус горада.

Узімку 1902 года Аомары стаў месцам вялікай трагедыі: на горным перавале Хакода падчас ваенных вучэнняў загінулі 199 воінаў з 210. Вучэнні былі падрыхтоўкай да будучай руска-японскай вайны, якую планавалася весці ў Сібіры.

У часы існавання Японскай імперыі Аомары і яго порт служылі важным ваенна-стратэгічным пунктам. З-за гэтага горад моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны — у кастрычніку 1945 года авіяцыя ЗША знішчыла каля 90 % яго забудовы[6].

Паваенны Аомары развіваўся дзякуючы свайму статусу прэфектурнага цэнтра і парому Аомары-Хакадатэ паміж астравамі Хансю і Хакайда, які кантраляваў японскі ўрад. З 1988 года пад Сангарскім пралівам быў пракладзены тунэль Сэйкан, які замяніў гэты паром. У пачатку 21 стагоддзя вялося будаўніцтва хуткасных чыгуначных шляхоў сінкансэн, якія павінны злучыць Аомары з Токіа і буйнымі гарадамі ўзбярэжжа Японскага мора і Ціхага акіяна.

1 кастрычніка 2006 года Аомары атрымаў статус цэнтральнага горада Японіі.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Важны сельскагаспадарчы, лесапрамысловы, гандлёвы і транзітна-транспартны цэнтр у рэгіёне Тохаку. Звязаны хуткасным чыгуначным паромам з горадам Хакадатэ (востраў Хакайда). Развіта рыбная прамысловасць, машынабудаванне, вытворчасць вырабаў з лаку.

Адміністрацыя[правіць | правіць зыходнік]

Адміністрацыя горада размешчана па адрасе Аомары-сі, Цюо, 1-цёмэ, 22-5. Тэлефон — 017—734-1111.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Стаянка Санай-Маруяма
Мемарыял Хакода
Карабель-помнік «Кадамару»
  • Стаянка Санай-Маруяма — найбуйнейшае паселішча перыяду Дзёмон на Японскім архіпелагу. На яе тэрыторыі знаходзіцца музей пад адкрытым небам. Стаянка мае статус гістарычнага помніка дзяржаўнага значэння.
  • Мемарыял Хакода — помнік зімовай катастрофе 1902 года ў раёне гор Хакода. У ёй загінулі 199 воінаў 5-га пяхотнага палка. Выратавалася толькі адзінаццаць чалавек на чале з Гота Фусанасукэ.
  • Сэйру-дзі — будысцкае свяцілішча секты сінгон, у якім знаходзіцца статуя Дайбуцу Сёва. Яна з'яўляецца найбуйнейшай скульптурнай выявай буды Вайрачана ў Японіі.
  • Карабель-помнік «Кадамару» — чыгуначны паром на лініі Аомары — Хакадатэ 1964—1988 гг. Карабель пераўтвораны ў музей, прысвечаны гісторыі паромных перавозак.

Гарады-пабрацімы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Плошча ўказваецца паводле даных сайта Geospatial Information Authority of Japan(яп.)  з улікам змен, апублікаваных 1 кастрычніка 2011 года.
  2. 統計情報のご案内 (яп.) . Адміністрацыя прэфектуры Аомары (18 жніўня 2014). — Насельніцтва прэфектуры Аомары. Праверана 29 жніўня 2014.
  3. У 1981 годзе ў Аомары таўшчыня снега складала 196 см, што застаецца рэкордам для Японіі.
  4. Звесткі Службы статыстыкі Японіі.
  5. 『青森県の歴史』、山川出版社、2000年.
  6. Амерыканцы разбурылі 88 % горада Аомары. Пацярпелі 70 166 чалавек, з якіх 1 767 памерлі ці атрымалі цяжкія раненні. Гэта былі самыя маштабныя ў паўночна-ўсходняй Японіі бамбардзіроўкі авіяцыяй ЗША. Звесткі Таварыства памяці вялікай бамбардзіроўкі Аомары [1].

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Аомары