Аперацыя «Waldwinter»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Waldwinter» (бел.: «Зімовы лес») — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх акупацыйных улад у Другой сусветнай вайны супраць савецкіх партызанскіх брыгад 3-й і 4-й Беларускіх, «За Савецкую Беларусь», Сіроцінскай, «Няўлоўныя», атрадаў Беларускай дыверсійнай брыгады імя Леніна, некалькіх спецгруп і цывільнага насельніцтва ў трохвугольніку чыгунак Віцебск — Невель — Полацк (Віцебскі, Гарадоцкі, Мехаўскі, Полацкі, Сіроцінскі раёны) 27 снежня 1942 — 25 студзеня 1943 гг.

Праводзілася сіламі 286-й ахоўнай дывізіі «Рыхерт» у складзе 2-га грэнадзёрскага матарызаванага палка, 2 ахоўных палкоў, 794-га ахоўнага батальёна, 600-га паліцэйскага батальёна, 8-га артылерыйскага палка, танкавых падраздзяленняў, 690-й роты палявой жандармерыі, зогдэркаманд з гаспадарчай камендатуры Віцебска. З мэтай стварэння шчыльнай лініі загароды ўздоўж чыгункі Віцебск—Невель да аперацыіі былы прыцягнуты 391-я вучэбна-палявая дывізія і «баявая група Шэвелеры». Была працягам аперацыі «Affenkäfid».

Жорсткія баі ішлі ўздоўж ракі Обаль каля вёсак Лахначы, Равенец, Шыліна, Катляры, Токарава, Пяцеры, Заходы. Пасля баёў большасці партызанскіх фарміраванняў удалося прарвацца цераз чыгунку Полацк — Невель і вывесці за сабою ў Расонскі раён тысячы мясцовых жыхароў. У зоне аперацыі да 27 студзеня вялі баі некалькі атрадаў 4-й Беларускай партызанскай брыгады, спецыяльныя дыверсійныя і разведвальныя групы.

У ходзе аперацыі немцы забілі 1627 чал., 2041 чал. вывезлі на прымусовыя працы ў нацысцкую Германію. Поўнасцю спалілі вёсак Аржавухава, Белае, Чарбамыслы з большасцю жыхароў, захапілі 7468 галоў жывёлы, 894 кані, каля 1 тыс. штук птушкі, 446,8 т. збожжа, 14,5 т. бульбы, 75,9 ільнасемя і льнотрасты і інш. У час аперацыі 286-я дывізія была знята з забеспячэння вермахта, бо забяспечвала сябе за кошт мясцовага насельніцтва.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Зімовы лес» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 448. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., 1990. — С. 221. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]