Аперацыя «Зімовае чараўніцтва»

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Аперацыя «Winterzauber»)
Перайсці да: рух, знайсці

Аперацыя «Зімовае чараўніцтва» (ням.: «Operation Winterzaubeа») — карная антыпартызанская аперацыя нямецкіх акупацыйных улад падчас Другой сусветнай вайны, якая была праведзена прыбалтыйскімі і ўкраінскімі калабарантамі ў перыяд з 14 лютага да 20 сакавіка 1943 года ў трохвугольніку СебежАсвеяПолацк на поўначы Беларусі (Дрысенскі, Асвейскі, Полацкі, Расонскі раёны) і ў Себежскім раёне Пскоўскай вобласці Расіі. У СССР гэтыя падзеі атрымалі назву «Асвейская трагедыя». Паводле дадзеных МЗС Расійскай Федэрацыі, юстыцыя ФРГ кваліфікавала аперацыю «Зімовае чараўніцтва» як злачынства супраць чалавечнасці.

Мэты і задачы аперацыі[правіць | правіць зыходнік]

Мэтай аперацыі было стварэнне нейтральнай зоны адчужэння без жыхароў і населеных пунктаў шырынёй 40 км паміж Дрысай на поўдні, Зілупе і Смольнаталь на поўначы і ахоплівала раён АсвеяДрысаПолацкСебежРасоны. Абезлюджаная паласа павінна была пазбавіць партызан іх апорных пунктаў.

Сілы карнікаў[правіць | правіць зыходнік]

Кіраваў карнай аперацыяй асабіста вышэйшы начальнік СС і паліцыі ў Остландзе обергрупэнфюрэр СС Фрыдрых Екель.

У аперацыі першапачаткова ўдзельнічалі:

  • 7 латышскіх паліцэйскіх батальёнаў — 273-і, 276-ы, 277-ы, 278-ы, 279-ы, 280-ы, 281-ы;
  • 50-ы ўкраінскі паліцэйскі батальён;
  • Паліцэйская рота СС;
  • Нямецкія зенітныя часткі;
  • Нямецкая паўбатарэя артылерыйскага дывізіёна;
  • Два нямецкіх ўзвода сувязі;
  • 2-я авіягрупа асаблівага прызначэння.

У ходзе аперацыі да яе правядзення прыцягваліся новыя фарміраванні:

  • паспешліва сфармаваны 282-і латышскі «ахоўны» батальён;
  • 2-і літоўскі паліцэйскі батальён;
  • рота 36-га эстонскага паліцэйскага батальёна;
  • айнзацкаманды паліцыі бяспекі пад камандаваннем оберштурмфюрэра СС Краўзэ;
  • айнзацкаманды СД пад камандаваннем гауптштурмфюрэра СС Каўфмана.

Агульная колькасць айнзацкамандаў паліцыі бяспекі і СД складала 210 чалавек. Агульная колькасць сіл, якія ўдзельнічалі ў карнай аперацыі, складала прыкладна 4000 чалавек.

З часам склад баявых груп некалькі змяніўся: у іх былі ўключаныя падраздзяленні украінскага і літоўскага паліцэйскага батальёнаў, нямецкая паліцэйская рота СС, нямецкі матарызаваны ўзвод жандармерыі і айнзацкаманды паліцыі бяспекі і СД.

Так, напрыклад, у склад баявой групы «Берта» ўваходзілі падраздзяленні:

  • 3-й танкавай арміі;
  • 201-й ахоўнай дывізіі;
  • 281-й ахоўнай дывізіі;
  • 391-й вучэбна-палявой дывізіі.

Ход аперацыі і ахвяры[правіць | правіць зыходнік]

Паводле дадзеных МЗС Расійскай Федэрацыі, аперацыя разгортвалася наступным чынам. Увайшоўшы ў вёску, паліцаі і далучаныя да іх часткі расстрэльвалі ўсіх, каго можна было падазраваць у прыналежнасці да партызанаў (такімі лічыліся практычна ўсе жыхары-мужчыны ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў), а таксама старых і інвалідаў, якім быў не па сілах доўгі пешы марш. Астатнія — у асноўным жанчыны з дзецьмі — накіроўваліся пешшу да месца так званага «другога шлюзавання». Тых, хто знясілеў у шляху, расстрэльвалі. Са зборных лагераў людзей накіроўвалі ў іншыя лагеры, напрыклад у лагер смерці Саласпілс пад Рыгай, дзе жанчын аддзялялі ад іх дзяцей і накіроўвалі на працу ў Германію.

16—18 лютага 1943 года карнікі знішчылі вёску Росіца. Маладых і больш моцных людзей адправілі на станцыю Бігосава, дзе іх грузілі ў вагоны і везлі ў канцлагер Саласпілс і на працы ў Германію. Астатнія жыхары былі спаленыя ў дамах, вялікая група людзей была загнаная ў хлеў, які затым падпалілі. Сярод забітых былі каталіцкія святары Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч, адзін з якіх быў спалены з іншымі жыхарамі, а другі — застрэлены за настойлівыя просьбы выратаваць дзяцей (па іншых дадзеных таксама спалены). У 1999 годзе папа рымскі Ян Павел II залічыў забітых святароў да ліку блажэнных.

Было знішчана некалькі соцень вёсак (у тым ліку такія, дзе жыла да тысячы і больш чалавек). Толькі ў адным Асвейскім раёне было спалена 183 вёскі, расстраляна і спалена 11383 чалавека (з іх 2118 дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў), 14175 жыхароў былі вывезены — дарослыя на працу ў Германію, дзеці — у канцлагер Саласпілс. Сярод вёсак, спаленых разам з жыхарамі, — Абразеева (загублена 36 жыхароў)[1], Агуркі (загублена 36 жыхароў)[1], Аніськава, Булы, Жарнасекі, Калюты, Канстанцінава, Папаратнае, Сокалава.

Колькасць ахвяр дагэтуль дакладна не ўстаноўлена. У розных крыніцах даецца ад 3500 забітых за ўсю карную акцыю, да 11383 толькі ў Асвейскім раёне.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя памяці ахвяр. У вёсцы Росіца, дзе аператыўная група СД знішчыла 204 жыхароў, уключаючы двух святароў, пазней прылічаных каталіцкай царквой да ліку блажэнных, двойчы на год, у сярэдзіне лютага і ў сярэдзіне жніўня, праводзяць памінальныя службы.

На месцы спаленай вёскі Абразеева (за 2 км на поўдзень ад сучаснага аграгарадка Сар’я) ў 1982 годзе насыпаны курган з абеліскам на ім[1]. На месцы вёскі Агуркі (за 1 км га поўдзень ад сучаснай вёскі Бяляны) устаноўлены мемарыяльны знак[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Зімовае чараўніцтва» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 448. — ISBN 985-11-0041-2.