Аповесць пра Таўдала

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Аповесць пра Таўдала» («Книга о Таудале-рыцери») — помнік беларускай перакладной літаратуры XVI стагоддзя, твор царкоўна-рэлігійнага характару.

Гісторыя і сюжэт арыгінала[правіць | правіць зыходнік]

Арыгінал аповесці пад назвай Visio Tnugdali (Візія Тнугдала або Прывіды Тундала) напісаны ў XII стагоддзі ў Рэгенсбургу на лацінскай мове як пераклад вуснага па-ірландску апавядання рыцара Тнугдала. Сюжэт апісвае незвычайнае падарожжа душы рыцара па замагільным свеце падчас страты ім прытомнасці, уражаны пакутамі грэшнікаў у пекле, герой каецца ў грахах і вырашае жыць па хрысціянскіх запаветах. Вядомы пераклады Visio Tnugdali прынамсі на пятнаццаць моў.

Лёс старабеларускага помніка[правіць | правіць зыходнік]

«Аповесць пра Таўдала-рыцара» была змешчана ў рукапісным зборніку XVI ст. У 1833 годзе Канстанты Свідзінскі[pl] перадаў зборнік у бібліятэку Красінскіх у Варшаве[pl], дзе помнік захоўваўся да 1944 годзе, калі падчас Другой сусветнай вайны згарэў у пажары, адпаведна, арыгінальны тэкст твора не захаваўся. У свой час польскі даследчык Аляксандр Брукнер апублікаваў некалькі вялікіх урыўкаў літаратурнага помніка[1]. З арыгінальным тэкстам твора таксама азнаёміўся Яўхім Карскі, які ў сваім артыкуле надрукаваў першыя дзевяць яго радкоў[2]. Такім чынам, вывучэнне «Аповесці пра Таўдала-рыцара» магчыма толькі на аснове ўрыўкаў, апублікаваных Брукнерам і Карскім.

Паходжанне і мова аповесці[правіць | правіць зыходнік]

Старабеларускі пераклад узыходзіць да невядомага чэшскага пратографа. Аднак аповесць пэўна была вядома ў чэшскіх землях — у Пражскіх аналах захаваўся запіс Tungdalus visionem vidit, датаваны 1149 годам; адна з нямецкіх рэдакцый змешчана ў рукапісе чэшскага паходжання XV ст. Польскае пасрэдніцтва выключана, бо першая падобная аповесць на польскай мове — «Przeraźliwe echo trąby ostatecznej» Клеменса Балеславіуша[pl] — надрукавана толькі ў 1670 годзе. Дадатковы доказ, што старабеларуская «Аповесць пра Таўдала-рыцара» ўзыходзіць да чэшскага пратографа — змешчаныя разам з ёй у зборніку «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і «Кніга Тавіта», якія пэўна перакладзены з чэшскай мовы[3].

Мову «Аповесці пра Таўдала-рыцара» даследавалі Аляксандр Брукнер, Яўхім Карскі, Антоній Флароўскі, Юлія Верхаланцаў, Ганна Алексяевіч. Лінгвістычны аналіз помніка на сённяшні дзень застаецца адзіным надзейным спосабам абгрунтаваць яго чэшскае паходжанне. У выпадку, калі будзе знойдзены чэшскі пратограф, з’явіцца магчымасць правесці таксама тэксталагічны аналіз. Паводле Брукнера аповесць напісана «бела- або літоўска-рускай, мовай Скарыны і яго сучаснікаў»[4], па актуальнай тэрміналогіі — старабеларускай мовай. У тэксце назіраюцца, аднак, запазычанні з царкоўнаславянскай (нощь, горѧщого, ветръ, падащих, сирѣчь) і польскай (мовилъ, процовати, речах) моў. Асабліва цікавы багемізмы, якія маглі трапіць у старабеларускі помнік непасрэдна з чэшскай крыніцы: вражделникъ, мръха, оскварокъ, повлаць, прелишь, штиръ (лексічныя багемізмы), горкость (семантычны багемізм)[5].

Зноскі

  1. Brückner, A. Die Visio Tundali in Böhmischer und Russischer Übersetzung / A. Brückner // Archiv für Slavische Philologie. — 1891. — № 13. — S. 199—212.
  2. Карский, Е. Ф. Белорусы. Том 3. Очерки словесности белорусскаго племени. Часть 2. Старая западно-русская письменность. Петроград: 12-я Государственная Типография, 1921. — С. 218—219.
  3. Verkholantsev, J. Ruthenica Bohemica: Ruthenian Translations from Czech in the Grand Duchy of Lithuanian and Poland / J. Verkholantsev. — Wien ; Berlin : Lit. Verlag, 2008. — p. 57, 59, 71-89.
  4. Brückner, A. Die Visio Tundali in Böhmischer und Russischer Übersetzung / A. Brückner // Archiv für Slavische Philologie. — 1891. — № 13. — S. 208.
  5. Алексяевіч, Г. В. Багемізмы ў старабеларускім літаратурным помніку «Аповесць пра Таўдала-рыцара» / Г. В. Алексяевіч // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Філалогія, 2021. — № 3. — С. 77-84.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Алексяевіч, Г. В. Багемізмы ў старабеларускім літаратурным помніку «Аповесць пра Таўдала-рыцара» / Г. В. Алексяевіч // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Філалогія, 2021. — № 3. — С. 77—84.
  • Алексяевіч, Г. В. Усходне- і заходнеславянскае моўнае ўзаемадзеянне ў XIV—XVII стст. / Г. В. Алексяевіч. — Мінск, 2023. — С. 24—25.
  • Иванов Сергей Ирландская история XII века в восточнославянских переводах «Видения Тнугдала» // Индоевропейское языкознание и классическая филология XXVII (чтения памяти И. М. Тронского). Материалы Международной конференции, проходившей 26-28 июня 2023 г. / Гл. редактор Н. Н. Казанский. СПб.: ИЛИ РАН, 2023. Ч. I. 698 с., Ч. II. 637 с. (= Индоевропейское языкознание и классическая филология, 27, 2023).
  • Кіпель, З. Беларуская перакладная літаратура XV—XVI стст. як мост паміж Усходам і Захадам / З. Кіпель // Беларусіка = Albaruthenica / Аддз-не культуралогіі і духоўн. сувязей сусед. народаў Міжнар. АН Еўразіі, Міжнар. асац. беларусістаў, Нац. навук.-асвет. цэнтр імя Ф. Скарыны. — Мінск, 1997. — [Т.] 6 : Беларусь паміж Усходам і Захадам: праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу : матэрыялы ІІ Міжнар. кангр. беларусістаў, Мінск, май 1995 г. / рэд.: У. М. Конан [і інш.], ч. 2. — С. 175—181.
  • Кіпель, З. Лёс беларускай Аповесьці аб Тундалі ў сьвятле беларуска-заходнеславянскіх узаемадачыненьняў / З. Кіпель // Скарыназнаўства, кнігазнаўства, літаратуразнаўства / рэдкал.: У. Конан (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск, 2001. — С. 140—143.
  • Карский, Е. Ф. Белорусы. Том 3. Очерки словесности белорусскаго племени. Часть 2. Старая западно-русская письменность. Петроград, 1921. — 246 с.
  • Флоровский, А. В. Чехи и восточные славяне. Очерки по истории чешско-русских отношений (X—XVIII вв.). Т. 2. Praha, 1947. — 548 с.
  • Чамярыцкі В. А. Аповесць пра Таўдала / В. А. Чамярыцкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 139.
  • Brückner, A. Die Visio Tundali in Böhmischer und Russischer Übersetzung / A. Brückner // Archiv für Slavische Philologie. — 1891. — № 13. — S. 199—212.
  • Verkholantsev, J. Ruthenica Bohemica: Ruthenian Translations from Czech in the Grand Duchy of Lithuanian and Poland / J. Verkholantsev. — Wien ; Berlin, 2008. — 215 p.