Апонаўцы (археалагічны помнік)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Апонаўцы
Краіна
Месцазнаходжанне

Апонаўцы — археалагічны помнік: безкурганны могільнік яцвягаў каля в. Апонаўцы (Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць). За 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, на пакатым узвышшы памерам 150х80 м, выцягнутым з усходу на захад. Адкрыў у 1887 г. і даследаваў 14 пахаванняў у 1891 г. В. А. Шукевіч, у 1888 г. Э. А. Вольтэр даследаваў 51 пахаванне. Пахаванні 2 тыпаў: больш старажытныя каменныя муроўкі ў 3—4 паралельныя радкі, форма муру прамавугольная; муроўкі пазнейшага часу авальнай формы з 1—2 вялікімі камянямі ў галавах і нагах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах глыбінёй 0,6—1,3 м, нябожчык абкладзены дошкамі. У запаўненні магіл выяўлены вугальныя праслойкі. Інвентар мужчынскіх пахаванняў: баявыя сякеры, жалезныя нажы і кінжалы, крэсівы, паясны набор (спражкі, бронзавыя накладкі). Інвентар жаночых пахаванняў: сярэбраныя (адзін з выявай птушкі) і бронзавыя пярсцёнкі, скроневыя кольцы, бронзавыя бранзалеты і завушніцы, бразготкі, бляшкі рознай формы і дробныя шкляныя пацеркі ад галаўнога ўбору, кавалкі тканіны, пражскія грошы XV ст. і літоўскія дэнарыі XIV—XV стст., у т.л. дэнарый Вітаўта пачатку XV ст. з надпісам «печать» на адным баку і выявай кап’я і крыжа — на другім.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Квяткоўская, А. В. Апонаўцы / А. В. Квяткоўская // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 36. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Квяткоўская, А. В. Апонаўцы / А. В. Квяткоўская // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 40. — ISBN 5-85700-077-7.