Археалагічная разведка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Археалагічная разведка — форма правядзення і метад навукова-даследчай дзейнасці археолагаў і прыраўнаваных да іх даследчыкаў па выяўленню і вывучэнню археалагічных помнікаў, на аснове выяўленага археалагічнага матэрыяла.

Праводзіцца паводле спецыяльных дазволаў з мэтай паўторнага абследавання ці выяўлення новых помнікаў, звычайна пешшу (з улікам патрабаванняў тэхнікі бяспекі), колькасцю не менш як 2 чал., сумесна з мясцовымі жыхарамі. Пры археалагічнай разведцы асаблівая ўвага звяртаецца на абследаванне берагоў старыц і тарфяных масіваў, якія ў далёкім мінулым былі вадаёмамі, іх берагі маглі быць заселены людзьмі. Стаянкі каменнага веку перыядаў палеаліту і мезаліту ў Беларускім Падняпроўі звычайна знаходзяцца на 2-й надпоймавай тэрасе вышынёй 10 — 30 м і болей над летнім межанным узроўнем вады ў вадаёмах, больш познія помнікі — на 1-й надпоймавай тэрасе вышынёй да 10 м.

Аднак у розных зонах лакалізацыі помнікаў могуць быць выключэнні. Так, у Тураўскім міжрэччы р. Прыпяцьр. Сцвігі ёсць помнікі ад ранніх перыядаў каменнага веку да Позняга сярэднявечча, хоць вышыня тэрас там не перавышае 4 — 5 м над поймамі рэк. Могільнікі могуць знаходзіцца ў розных месцах. Археалагічная разведка дае асабліва плённыя вынікі пры абследаванні тых зямель, што разворваюцца, там спрактыкаваныя даследчыкі лёгка прасочваюць могільнікі і жытлы. Тэрыторыі распаўсюджвання пэўнага тыпу рэчаў дапамагаюць вызначыць прыкладныя межы археалагічных помнікаў. Пры дэталёвых абследаваннях кар'ераў для здабычы крэйды, пяску, гліны, жарствы, распрацовак торфу, на месцах прыкладвання дарог, будаўніцтва жытлаў, прадпрыемстваў і іншых земляных работ могуць быць выяўлены рэшткі паселішчаў, майстэрняў па апрацоўцы крэменю, могільнікі, скарбы, рэшткі чацвярцічнай фауны і інш.

Усе адкрытыя археалагічныя помнікі фатаграфуюцца, наносяцца іх планы маштабам 1:500 см і 1:1000 см, на якіх пазначаюцца месцы пахаванняў, жытлаў, скопішчы знойдзенага матэрыялу і інш. Афармляюцца пашпарты, у якіх указваюцца мясцовыя назвы ўрочышчаў, рэк, азёр, прыводзяцца прывязкі да найбліжэйшых населеных пунктаў, цэнтраў сельсаветаў, пазначаюцца раён, вобласць, аўтар археалагічнай разведкі, месца захоўвання, а пасля рэгістрацыі і калекцыйныя нумары знаходак; у дзённіках падрабязна апісваюцца і замалёўваюцца знойдзеныя прадметы. Па выніках археалагічных разведак аўтар прадстаўляе кіраўніцтву арганізацыі, што выдала дазвол, навуковую справаздачу, якая захоўваецца ў навуковым архіве. Аўтар археалагічных разведак прымае захады па рэгістрацыі выяўленых помнікаў, іх ахове і ўвядзенні ў навуковы зварот.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]