Перайсці да зместу

Банкс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Востраў Банкс (англ.: Banks Island) — востраў на захадзе Канадскага Арктычнага архіпелага, тэрыторыя Канады. Аддзелены ад вострава Вікторыя на ўсходзе пралівам Прынца Уэльскага, а ад кантынента на поўдні — залівам Амундсена. Мора Бафорта ляжыць на захадзе. На паўночным усходзе праліў Мак-Клур аддзяляе яго ад астравоў Прынс-Патрык і Мелвіл.

Гісторыя назвы

[правіць | правіць зыходнік]
Востраў Банкс з космасу

Названы ў 1820 годзе сэрам Уільямам Пары ў гонар сэра Джозефа Банкса. Тым не менш, падчас даследавання тэрыторыі, якое праводзіў Роберт Мак-Клур (1850—1854), востраў быў адзначаны на яго картах як «востраў Берынг».

Адзінае сталае паселішча эскімосаў на востраве — гэта Сакс-Харбар або Ікхуак, размешчаны на паўднёва-заходнім узбярэжжы. Востраў Банкс займае тэрыторыю 70.028 км², па плошчы ён займае 24-е месца ў свеце і 5-е месца ў Канадзе. Ён мае амаль 380 км у даўжыню і да 290 км у шырыню. Паверхня — раўніны і плато вышынёй да 762 м. Найвышэйшы пункт вострава размешчаны на поўдні, гэта гара Дарэм-Хайтс (англ.: Durham Heights), якая дасягае вышыні 730 м.

Найбуйнейшыя рэкі: Томсэн, Біг-Рывер і Бернард. Рэкі Біг-Рывер і Бернард цякуць на захад у Паўночны Ледавіты акіян, рака Томсэн — на поўнач у праліў Мак-Клур. Вялікія бухты — Дэ-Салі (на паўднёвым усходзе), Тысіджэр (на паўднёвым захадзе), Бернэт і Сторкерсан (на захадзе). Крайнія пункты: мыс Прынс-Альфрэд — на паўночным захадзе, мыс Келет — на паўднёвым захадзе, мыс Ламтон — на поўдні, мыс Расэл — на ўсходзе і мыс Ротслі — на поўначы.

Клімат субарктычны. Тундравая расліннасць.

На востраве Банкс не растуць дрэвы, самая высокая расліна на востраве — вярба арктычная, якая зрэдку дасягае вышыні чалавечага калена, звычайна ж не вышэй за 10 см.

У 1961 на востраве заснавалі два запаведнікі пералётных птушак. На поўначы вострава размешчаны нацыянальны парк Алавік. На востраве Банкс жыве дзве трэці сусветнай папуляцыі малога белага гусака, гусі пералятаюць на востраў з мацерыка праз заліў Амундсена. На востраве таксама самая высокая ў свеце канцэнтрацыя аўцабыкоў — каля 70 тысяч. Першую партыю аўцабыкоў для Таймыра канадскія заолагі адлавілі ў жніўні 1974 года. У наваколлі Сакс-Харбар на іх ладзіцца штогадовае паляванне. Тут таксама можна сустрэць тундравых карыбу, белага мядзведзя і такіх птушак, як вандроўны дрозд і ластаўка.

Менавіта тут упершыню ў свеце быў знойдзены гібрыд белага і бурага мядзведзя.

  • Canada. Banks Island, a Natural Area of Canadian Significance. Natural area of Canadian significance. Ottawa: Parks Canada, 1978.
  • Cotter, R. C., and J. E. Hines. 2001. «Breeding Biology of Brant on Banks Island, Northwest Territories, Canada». Arctic. 54: 357—366.
  • Gajewski, K., R. Mott, J. Ritchie, and K. Hadden. 2000. «Holocene Vegetation History of Banks Island, Northwest Territories, Canada». Canadian Journal of Botany. 78: 430—436.
  • Holyoak, D. T. Notes on the Birds of Southwestern Banks Island, Northwest Territories, Canada. Bulletin of the British Ornithologists' Club, Vol.103,No.2, June. 1983.
  • Manning, T. H., E. O. Höhn, and A. H. Macpherson. The Birds of Banks Island. 1956.
  • Stephens, L. E., L. W. Sobczak, and E. S. Wainwright. Gravity Measurements on Banks Island, N.W.T. Gravity map series, no. 150. Ottawa: Dept. of Energy, Mines and Resources, Earth Physics Branch, 1972.
  • Struzik, Ed. 2000. «AND THEN THERE WERE 84,000 — The Return of Musk-Oxen to Canada’s Banks Island in Recent Decades Is Just One Chapter of a Beguiling Arctic Mystery». International Wildlife. 30, no. 1: 28.
  • Will, Richard T. Utilization of Banks Island Muskoxen by Nineteenth Century Copper Inuit. [S.l.]: Boreal Institute for Northern Studies, 1983.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — 480 с. іл.