Эскімосы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Эскімос-юпік з Аляскі

Эскімосы — група карэнных народаў Паўночнай Амерыкі, Грэнландыі і Чукоцкага паўвострава Азіі. Эскімосы кампактна жывуць у ЗША (Аляска), поўначы Канады (правінцыя Ньюфаўндленд і Лабрадор, Паўночна-Заходнія тэрыторыі, правінцыя Квебек, Нунавут), Грэнландыі, Расіі (Чукоцкая аўтаномная акруга, Магаданская вобласць). Агульная колькасць можа дасягаць 200 000 чал.

Мовы адносяцца да эскімоскай галіны эскімоска-алеуцкай сям'і. Культура эскімосаў надзвычай прыстасавана да прыроды арктычных рэгіёнаў. Галоўны традыцыйны занятак — паляванне на марскога звера, займаюцца таксама рыбалоўствам, збіральніцтвам, паляваннем у тундры.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Найменне эскімосы ніколі не ўжывалася эскімоскімі народамі ў якасці саманазвы. Яно паходзіць з мовы суседніх індзейскіх народаў і трапіла ў еўрапейскія мовы праз дацкую або французскую[1]. У нашы дні яно шырока ўжываецца ў навуковай літаратуры і ў афіцыйных дакументах, аднак высоўваецца прапанова называць эскімоскія народы Інуіт—Юпік[2] паводле моў, якімі яны самі карыстаюцца.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне эскімоскіх народаў з'яўляецца надзвычай складаным пытаннем. У першай палове XX ст. вучонымі былі высунуты 2 асноўныя версіі[3]:

Прадстаўнікі першай версіі не адвяргалі міграцыю старажытных людзей з Азіі ў Паўночную Амерыку праз Берынгію, аднак лічылі, што эскімосы сфарміраваліся ў выніку працяглай ізаляцыі ад індзейцаў ужо ў Паўночнай Амерыцы. Так, Ф. Боас называў прарадзімай эскімосаў землі на захад ад Гудзонава заліва. Ён сцвярджаў, што менавіта адтуль пачалося рассяленне продкаў эскімосаў па арктычных тэрыторыях, болей за тое — эскімосы і некаторыя індзейскія народы перасяляліся ў Азію і аказалі ўплыў на палеазіяцкія народы Сібіры.

Прыхільнікі другой версіі абапіраліся на археалагічныя знаходкі, якія дэманстравалі тое, што міграцыя палеаэскімосаў адбывалася з захаду на паўночны ўсход. Аднак, нягледзячы на наяўнасць старажытных эскімоскіх стаянак на Чукоцкім паўвостраве і востраве Урангеля, пакуль не выяўлены знаходкі, больш старажытныя, чым на паўночнаамерыканскім беразе[4].

У нашы дні папярэднія веды пра развіццё старажытных эскімоскіх культур стала перагледжваюцца. Палеагенетыкі высветлілі, што продкі сучасных эскімосаў мігрыравалі ў Паўночную Амерыку каля 6 тысяч гадоў таму, значна пазней, чым продкі індзейцаў[5][6]. Генетычныя даследаванні паказалі, што палеаэскімосы, якія насялялі арктычныя раёны Канады і Грэнландыі не з'яўляюцца продкамі сучасных эскімосаў[7]. На мысе Дэнгбі на Алясцы знойдзена мікралітычная культура 4 - 3 тысячагоддзяў да н. э.[8] Яна магла быць непасрэдным папярэднікам культур палеаэскімосаў, а таксама продкаў сучасных эскімосаў. У канцы 1 тысячагоддзя да н. э. на ўсходзе Аляскі і захадзе Чукоцкага паўвострава сфарміравалася археалагічная культура паляўнічых Берынгава мора, што ўжо непасрэдна датычылася сучасных эскімосаў. На яе аснове ўзнікла археалагічная культура Туле, прадстаўнікамі якой з'яўляліся продкі сучасных інуітаў. Продкі юпік пачалі міграцыю з берагоў Берынгава мора ў цэнтральныя землі Аляскі ўздоўж буйных рэк не раней за XIV ст.[9]

Эскімоскія народы[правіць | правіць зыходнік]

Эскімоскае традыцыйнае грамадства ніколі не было цэнтралізавана[10]. Групы эскімосаў найчасцей адрозніваліся па паходжанню, заняткам, рэгіёну пражывання і мове, што ў выніку прывяло да стракатай карціны спроб этнічнага падзелу ў навуковых выданнях і афіцыйных дакументах. У нашы дні вучоныя найчасцей выкарыстоўваюць моўны прынцып, тэрытарыяльны, калі размова ідзе пра эскімосаў, што жывуць у розных дзяржавах, радзей — матэрыяльна-культурны. Такім чынам вылучаюць наступныя эскімоскія народы:

Сугпіят
Юпік Цэнтральнай Аляскі
Азіяцкія эскімосы (Сібірскія юпік)
Грэнландскія інуіты
Інуіты Нунавут
Інуіты Нунавік
Інуіты Нунатсіавут
Інувіялуіт
Іньюпіят

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Эскімосы // БЭ ў 18 т. Т. 18, кн. І. Мн., 2004.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]