Беларускае Паазер’е

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Беларускае Паазер'е)
Jump to navigation Jump to search
Беларуска-Паазерская правінцыя

Беларускае Паазер'е, Паўночная Беларусь — прыродна-гаспадарчы раён у басейнах Заходняй Дзвіны, верхняга Дняпра і прытока Нёмана — Віліі, які ахоплівае ўсю Віцебскую вобласць, паўночныя раёны Гродзенскай, паўночна-заходнія раёны Мінскай абласцей. Плошча каля 50 тыс. км².

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Паазерская правінцыя азёрна-ледніковых, марэнна-азёрных і ўзгорыста-марэнна-азёрных ландшафтаў — індывідуальны прыродна-тэрытарыяльны комплекс рангу ландшафтнай правінцыі, вылучаемы ў сістэме ландшафтнага раянавання Беларусі. Размешчаная на поўначы рэспублікі і распасціраецца на поўдзень да лініі СмаргоньДокшыцыЛепельСянно. Невялікім участкам прадстаўленая таксама на крайнім паўночным захадзе ў раёне Гродна. Займае 18,7 % тэрыторыі Беларусі.

Правінцыя вылучаецца распаўсюджваннем падтаежных ландшафтаў, якія характарызуюцца шэрагам асаблівасцяў, якія наклалі адбітак на прыроду ўсёй правінцыі. Для Паазер'я найбольш тыповыя сярэдневысотныя і нізінныя, некалькі ў меншай ступені ўзвышаныя ландшафты. Аднак своеасаблівасць ландшафтнай структуры вызначаюць ландшафты ўсяго некалькіх родаў. Гэта ў першую чаргу, азёрна-ледніковыя ПТК, прадстаўленыя прыкладна на 1/3 плошчы правінцыі. Далей ідуць марэнна-азёрныя і ўзгорыста-марэнна-азёрныя ландшафты. На долю дамінуючых ПТК прыходзіцца каля 70 % тэрыторыі. Сярод іншых даволі значны ўдзел водна-ледніковых з азёрамі і камава-марэнна-азёрных ландшафтаў.

Раўнінны краявід у Віцебскай вобласці

Пераважае нізінны рэльеф: большую частку займаюць Полацкая і Нарачана-Вілейская нізіна нізіны. Яны з усіх бакоў акаймаваны ўзвышшамі Гарадоцкім, Віцебскім, Аршанскім на ўсходзе і паўднёвым усходзе, Браслаўскай градой, Свянцянскімі градамі і Ашмянскім узвышшам на захадзе і паўднёвым захадзе. У рэльефе выразна адзначаюцца сляды старажытнага зледзянення. З ім звязана вялікая колькасць азёр, сярод якіх самыя буйныя па плошчы азёры краіны Нарач, Асвейскае, Дрывяты, Лукомскае. З-за мноства азёр Паўночную Беларусь называюць Беларускім Паазер'ем. Пераважаюць сугліністыя і супясчаныя глебы.

Клімат у параўнанні з астатняй часткай краіны больш халодны і вільготны. Ападкаў 600—650 мм за год. Працягласць вегетацыйнага перыяду складае 180—188 сутак, што на 15-20 сутак менш, чым у Паўднёвай Беларусі. З карысных выкапняў найбольшае значэнне маюць паклады даламіту ў даліне Заходняй Дзвіны каля пасёлкаў Руба і Вярхоўе, якія распрацоўваюцца вытворчым аб'яднаннем «Даламіт». Галоўныя лясныя масівы знаходзяцца на Полацкай нізіне. Пераважаюць хваёвыя лясы. У межах Паўночнай Беларусі знаходзіцца Бярэзінскі біясферны запаведнік. Рэльефам, высокай лясістасцю, вялікай колькасцю азёр абумоўлена драбнаконтурнасць сельскагаспадарчых угоддзяў. На палях шмат валуноў, што ўскладняе механізацыю сельскагаспадарчых работ. Сельскагаспадарчая асвоенасць тэрыторыі ніжэй, чым у Цэнтральнай Беларусі, але вышэй, чым у Паўднёвай. Шчыльнасць сельскага насельніцтва ніжэй сярэдняй для краіны. Пераважаюць вёскі з невялікай колькасцю жыхароў. Галоўнымі прамыслова-транспартнымі вузламі з'яўляюцца Віцебскі, Аршанскі і Полацкі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ландшафты Белоруссии /под ред. Г. И. Марцинкевич, Н. К. Клицуновой. — Минск: Университетское, 1989. — 239 с.
  • Геаграфія Беларусі / Рэдкал.: С. I. Сідор і інш. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-056-4
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8