Беларуска-тайванскія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуска-тайванскія адносіны — кантакты паміж Беларуссю і Тайванем. Улады Беларусі заўсёды прызнавалі Тайвань часткай КНР, але ў 1996—2006 гадах у Мінску дзейнічала Тайбэйская гандлёва-эканамічная місія, супрацоўнікі якой валодалі дыпламатычнымі прывілеямі. З 2006 года ўлады Беларусі дзейнічалі супраць Тайваня — напрыклад, па просьбе КНР настойвалі на выключэнні Тайваня з СААЗ. Тайвань у 2022—2023 гадах увёў санкцыі супраць Беларусі.

Беларуская ССР і Тайвань[правіць | правіць зыходнік]

У савецкі перыяд дыпламаты Беларускай ССР як і іншыя савецкія дыпламаты паслядоўна настойвалі, што Тайвань з’яўляецца часткай КНР. Так, напрыклад, Беларуская ССР падтрымала патрабаванне Чжоу Эньлая пазбавіць дэлегацыю Кітайскай Рэспублікі права голасу ў ААН[1]. 22 кастрычніка 1949 года прадстаўнік дэлегацыі Беларускай ССР у ААН К. В. Кісялёў на пленарным пасяджэнні 4-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН заявіў, што дэлегацыя Беларускай ССР не мае намеру прызнаваць паўнамоцтвы дэлегацыі Тайваня[1]. У сувязі з гэтым дэлегацыя Беларускай ССР адмовілася ўдзельнічаць у абмеркаванні скаргі прадстаўніка Тайваня ў ААН на Савецкі Саюз і прызнаць рашэнні, прынятыя палітычным камітэтам і Генеральнай Асамблеяй па гэтым пытанні[1]. У 1971 годзе Беларуская ССР падтрымала рэзалюцыю 26-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая дала КНР месца Тайваня ў Генеральнай Асамблеі ААН і ў Савеце Бяспекі ААН[2].

Беларусь і Тайвань у 1992—1996 гадах[правіць | правіць зыходнік]

У Пагадненні аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і КНР, падпісаным 20 студзеня 1992 года ў Пекіне, было паказана, што Тайвань з’яўляецца часткай КНР[3].

Аднак ужо ў красавіку 1992 года ў Мінск прыбыла тайванская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра замежных спраў Дж. Чанам[4]. Кіраўнік тайванскай дэлегацыі ўручыў прадстаўнікам Міністэрства аховы здароўя дакумент на перадачу медыкаментаў на суму 500 тысяч долараў і чэк на аналагічную суму[4]. Падчас перамоў Дж. Чан заявіў аб намеры ў бліжэйшы час адкрыць у Беларусі тайванскую місію і запрасіў удзельнікаў праведзеных сустрэч наведаць Тайвань з афіцыйным візітам[4]. У маі—чэрвені 1992 года мэр Мінска і намеснік міністра аховы здароўя Беларусі наведалі Тайвань[5].

У чэрвені 1992 года дэлегацыя Тайваня наведала Беларусь і правяла перамовы з намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь[5].

Кантакты беларускіх чыноўнікаў з прадстаўнікамі Тайваня выклікалі пратэсты з боку кітайскага пасольства[5]. У адказ Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у ліпені 1992 года накіравала ліст, у якім адзначыла, што беларуска-тайванскія кантакты магчымыя толькі паміж грамадскімі арганізацыямі, прадпрыемствамі або прыватнымі фірмамі, але супрацоўніцтва прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі з прадстаўнікамі Тайваня забаранялася[6].

У лістападзе 1995 года быў зарэгістраваны і пачаў дзейнасць Міжнародны фонд эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж Тайбэем і Мінскам[7].

Тайбэйская гандлёва-эканамічная місія[правіць | правіць зыходнік]

Улады Беларусі ў 1990-я гады мелі патрэбу ў інвестыцыях і нягледзячы на дэклараваную забарону пайшлі на ўсталяванне кантактаў з уладамі Тайваня. У студзені 1996 года ў Тайбэй прыбыла беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Л. Г. Сініцыным. Беларусь і Тайвань падпісалі пратакол аб адкрыцці ў Мінску Тайбэйскай гандлёва-эканамічнай місіі, прычым было ўказана, што Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь павінна выдаць супрацоўнікам місіі дыпламатычныя карткі. Супрацоўнікі місіі атрымалі дыпламатычныя прывілеі і імунітэт. Улетку 1996 года Тайбэйская місія была зарэгістраваная ў Міністэрстве знешніх эканамічных сувязяў Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікі Тайбэйскай гандлёва-эканамічнай місіі наведвалі афіцыйныя прыёмы, якія праводзілі ў Мінску дыпламатычныя прадстаўніцтвы замежных дзяржаў[7].

Адначасна А. Р. Лукашэнка ў спецыяльным пасланні старшыні КНР Цзян Цзэміню ў жніўні 1996 года заявіў аб нязменнасці пазіцыі Беларусі па тайванскім пытанні[8].

19 верасня 1996 года Беларусь па просьбе КНР галасавала за зняцце пытання аб аднаўленні членства Тайваня ў ААН з парадку 51-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН[9].

Інвестыцыі Тайваня ў беларускую эканоміку апынуліся нязначнымі і ў студзені 2006 года ўлады Беларусі зачынілі офіс Тайбэйскай гандлёва-эканамічнай місіі[10].

Беларусь і Тайвань з 2006 года[правіць | правіць зыходнік]

Пасля закрыцця Тайбэйскай гандлёва-эканамічнай місіі ўлады Беларусі ўвесь час заяўлялі, што лічаць Тайвань часткай Кітаю. Тайвань паспрабаваў аднавіць двухбаковыя адносіны. У сакавіку 2014 года Беларуская гандлёва-прамысловая палата адхіліла прапанову тайванскай Кітайскай асацыяцыі міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва аб падпісанні двухбаковага Мемарандума аб супрацоўніцтве[11].

У далейшым улады Беларусі адкрыта дзейнічалі супраць Тайваня. Так пасля просьбаў КНР улады Беларусі накіроўвалі кіраўніцтву СААЗ лісты аб пазбаўленні Тайваня права ўдзельнічаць у працы СААЗ[12]. 2 жніўня 2022 года Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у афіцыйнай заяве асудзіла візіт спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Н. Пэлосі на Тайвань[13].

У 2022—2023 гадах Тайвань увёў санкцыі супраць Беларусі і Расіі. 6 мая 2022 года Міністэрства эканомікі Тайваня апублікавала спіс высокатэхналагічнай прадукцыі, экспарт якой быў забаронены ў Расію і Беларусь[13]. 4 студзеня 2023 года Міністэрства эканомікі Тайваня прыняло рашэнне аб пашырэнні гэтага спісу[13].

Эканамічнае супрацоўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Імпарт тавараў з Тайваня ў Беларусь нязначны (па беларускай статыстыцы)[14]:

  • 2017 год — 87 млн долараў (0,3 % беларускага імпарту);
  • 2018 год — 95 млн долараў (0,2% беларускага імпарту).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 61.
  2. Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 63.
  3. Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 64.
  4. а б в Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 66.
  5. а б в Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 67.
  6. Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 67 — 68.
  7. а б Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 68.
  8. Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 70.
  9. Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 70 — 71.
  10. Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 71.
  11. Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 72 — 73.
  12. Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 73.
  13. а б в Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 75.
  14. Мацель В. М. Тайваньский вопрос в контексте белорусско-китайских отношений // Вестник Дипломатической академии МИД России. Россия и мир. — 2023. — № 3 (37). — С. 76.