Знешняя палітыка БССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Знешняя палітыка БССР, як часткі Савецкага Саюза, ажыццяўлялася дзякуючы атрыманню па выніках Другой сусветнай права на вядзенне міжнародных спраў. Разам з УССР яна стала адной з краін-заснавальніц ААН[⇨]. Членства ў ёй стала найважнейшым напрамкам знешнепалітычнай дзейнасці[⇨]. Па пытаннях, якія тычыліся Халоднай вайны, беларуская дыпламатыя адстойвала пазіцыі сацыялістычнага лагера[⇨]. У 1974—1975 гадах рэспубліка з’яўлялася непастаянным членам Савета Бяспекі ААН[⇨]. Акрамя таго, Мінск развіваў гандлёва-эканамічныя, культурныя і навуковыя сувязі з рознымі дзяржавамі[⇨]. Аднак Савецкая Беларусь не была самастойнай на міжнароднай арэне, паколькі яе знешнепалітычны курс вызначаўся агульнасаюзным кіраўніцтвам.

Станам на 1988 год БССР з’яўлялася ўдзельнікам 156 міжнародных дагавораў і пагадненняў і мела прадстаўнікоў у больш за 60 міжурадавых арганізацый і іх органаў, якія ўваходзілі ў сістэму ААН. Беларусь мела прадстаўніцтвы пры ААН у Нью-Ёрку, пры міжнародных арганізацыях у Вене, Парыжы і Жэневе. У Мінску працавалі генеральныя консульствы Польшчы, ГДР і Балгарыі[1].

Выхад на міжнародную арэну[правіць | правіць зыходнік]

У 1919—1922 гадах Беларуская ССР была прызнана РСФСР і іншымі савецкімі рэспублікамі, а таксама Польшчай і Германіяй. Краіна дэ-факта падтрымлівала кантакты з Латвіяй, Літвой, Эстоніяй, Аўстрыяй, Чэхаславакіяй, Турцыяй, Італіяй і Вялікабрытаніяй. Знешняя палітыка Мінска ажыццяўлялася ў рамках дыпламатычнага саюза савецкіх рэспублік, аб’яднаных вакол РСФСР. Так, напрыклад, у 1921 годзе БССР перадала Маскве права весці ад свайго імя перамовы з Польшчай. Пасля ўступлення ў склад СССР знешнепалітычныя паўнамоцтвы дзяржавы былі фактычна спыненыя, а знешнепалітычнае ведамства ліквідавана. Гэта было зафіксавана ў Канстытуцыях БССР 1927 і 1937 гадоў[1].

У ходзе падрыхтоўкі да стварэння ААН савецкія ўлады асцерагаліся, што Масква ў ёй магла апынуцца ў ізаляцыі сярод капіталістычных краін. Як рашэнне гэтай праблемы меркавалася ўключыць у будучую арганізацыю сем саюзных рэспублік, якія панеслі найбольшыя страты ў Другой сусветнай, у тым ліку Беларусь. 26 ліпеня 1943 года Крэмль афіцыйна выступіў з падобнай прапановай да саюзнікаў. Аднак брытанцы і амерыканцы выступілі супраць, паколькі ў іх не было канстытуцыйных паўнамоцтваў на вядзенне знешнепалітычнай дзейнасці. 1 лютага 1944 года савецкае кіраўніцтва прыняла закон «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін»[2][3][4], пераследуючы мэту атрымаць у іх асобе «множнае прадстаўніцтва» СССР на міжнароднай арэне[1].

24 сакавіка 1944 года на сесіі Вярхоўнага Савета рэспублікі, якая праходзіла ў Гомелі, заснаваны Народны камісарыят замежных спраў БССР (26 сакавіка 1946 года орган ператвораны ў Міністэрства замежных спраў БССР[5][6]). Рашэннем дэпутатаў у Канстытуцыю ўнесена палажэнне аб праве ажыццяўляць знешнепалітычную дзейнасць[7][8].

Кіраўнік савецкай дзяржавы І. Сталін паўторна паспрабаваў уключыць саюзныя рэспублікі ў склад заснавальнікаў ААН (прычым гэтым разам усе 16[9]), але заходнія саюзнікі зноў выступілі супраць. У сувязі з гэтым на Ялцінскай канферэнцыі 1945 года[6][10] вылучаныя кандыдатуры толькі двух — Беларусі і Украіны. Прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі У. Чэрчыль ухвалілі ўступленне рэспублік, паколькі лічылі, што два дадатковых галасы для Крамля ў Генасамблеі не пераважаць чашу вагаў на карысць СССР[11][1]. Афіцыйна ўключэнне рэспублік у міжнародную арганізацыю было абгрунтавана іх значным укладам у перамогу над Германіяй[6].

6 мая 1945 года паўнамоцная дэлегацыя на чале з наркамам замежных спраў Савецкай Беларусі К. Кісялёвым прыбыла ў Сан-Францыска і ўключылася ў канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. 26 чэрвеня ўпаўнаважаныя 50 краін-заснавальніц, у тым ліку і БССР, падпісалі Статут ААН[6][12].

У першыя пасляваенныя гады сярод значных падзей у знешнепалітычнай дзейнасці Мінска вылучаюцца: пагадненні 1944—1945 гадоў з Польшчай аб добраахвотнай рэпатрыяцыі беларускага і польскага насельніцтва; Парыжская мірная канферэнцыя 1946 года, скліканая з мэтай выпрацоўкі мірных дагавораў з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй — былымі саюзнікамі Германіі; удзел у 1949 годзе ў працы міжнароднай канферэнцыі па абароне ахвяр вайны ў Жэневе[13][14].

На пляцоўцы ААН[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Важным напрамкам знешнепалітычнай дзейнасці рэспублікі з’яўлялася яе прадстаўніцтва ў ААН. Беларуская дэлегацыя ўдзельнічала ва ўсіх чарговых і пазачарговых сесіях Генеральнай Асамблеі. Яе члены прызначаліся на розныя кіруючыя пасады ў арганізацыі. Краіна стала членам розных спецыялізаваных устаноў[15][14].

У 1946 годзе па ініцыятыве беларускай дэлегацыі 1-я сесія Генасамблеі прыняла рэзалюцыю аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў[16]. У 1968 годзе рэспубліка выступіла сааўтарам рэзалюцыі, якая забараняла выкарыстанне замежных наймітаў супраць нацыянальна-вызваленчага руху і барацьбы народа за незалежнасць. У 1973 годзе па прапанове Савецкай Беларусі зацверджаны з некаторымі папраўкамі Прынцыпы міжнароднага супрацоўніцтва ў вышуку, арышце, выдачы і пакаранні асоб, вінаватых у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці. У 1977-м з падачы дэлегацыі БССР Генеральная Асамблея прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, затрыманых або пазбаўленых волі за барацьбу супраць апартэіду, расізму і расавай дыскрымінацыі, каланіялізму, агрэсіі і замежнай акупацыі[17].

У 1959 годзе беларускія дыпламаты ініцыявалі прыняцце рэзалюцыі ГА ААН аб міжнародным заахвочванні навуковых даследаванняў у галіне ракавых захворванняў[18], у 1973 годзе — аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру і сацыяльнага прагрэсу, у 1990 годзе — аб умацаванні міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыі намаганняў у справе вывучэння, змякчэння і мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Апошняя ініцыятыва падштурхнула міжнародную арганізацыю да стварэння спецыялізаванага «чарнобыльскага» сакратарыята, сфарміравана міжведамасная група[19].

У 1947 годзе рэспубліка стала членам Міжнароднага саюза электрасувязі і Сусветнага паштовага саюза, у 1948 годзе — Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 1954 годзе — Міжнароднай арганізацыі працы і ЮНЕСКА, у 1957 годзе — МАГАТЭ, у 1974 годзе — Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. У 1965 годзе Мінск стаў удзельнікам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, а ў 1985 годзе — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА)[17][14].

Савецкая Беларусь стала ўдзельніцай важных дагавораў па стрымліванні гонкі ўзбраенняў: аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, касмічнай прасторы і пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы (1967), аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў і ў яго нетрах ядзернай зброі (1971), аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашвання запасаў бактэрыялагічнай (біялагічнай) і таксічнай зброі і яе знішчэння (1972). У 1968 годзе БССР падтрымала праект Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў Генеральнай Асамблеі, але не стала ўдзельніцай гэтай дамовы. Акрамя таго, краіна выступіла сааўтарам Дэкларацыі сацыяльнага развіцця (1969), Дэкларацыі аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру і на карысць чалавецтва (1975). БССР падпісала і ратыфікавала Канвенцыю аб выключэнні тэрміну даўнасці за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва (1969)[17].

У кантэксце Халоднай вайны[правіць | правіць зыходнік]

На фоне разгорнутай Халоднай вайны Савецкая Беларусь прымала актыўны ўдзел у 1946—1950 гадах у абмеркаванні іспанскага пытання. Яна была адным з ініцыятараў прыняцця 12 снежня 1946 года рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі, якая кваліфікавала рэжым Ф. Франка як фашысцкі. У перыяд Карэйскай вайны дэлегацыя БССР выступала за мірнае ўрэгуляванне і вывад з Карэі ўсіх замежных войск[20]. Дыпламаты рэспублікі асудзілі дактрыну Трумэна і план Маршала[21]. Па кітайскім пытанні краіна выступала за перадачу месца Тайваня ў СБ ААН КНР[22][23]. З пачаткам дэкаланізацыі ў Азіі і Афрыцы грамадскасць рэспублікі рашуча выступала ў падтрымку народаў, якія змагаліся за незалежнасць альбо знаходзіліся ў канфрантацыі з заходнімі дзяржавамі і іх саюзнікамі, у прыватнасці, Інданезіі (па пытанні антыкаланіяльнай вайны), Алжыра (па пытанні антыкаланіяльнай вайны), Егіпта (па пытанні Суэцкага крызісу), арабскіх дзяржаўараба-ізраільскім супрацьстаянні)[24]. Датычна Кангалезскага крызісу дэлегацыя БССР заклікала асудзіць інтэрвенцыю Бельгіі і запатрабаваць ад бельгійскага ўрада вываду сваіх войск з Рэспублікі Конга[25]. У 1980 годзе дэлегацыя БССР прагаласавала супраць рэзалюцыі ГА, якая кваліфікавала ўвод савецкіх войск у Афганістан як замежную інтэрвенцыю[26].

У перыяд гарбачоўскай перабудовы БССР, таксама як і агульнасаюзнае кіраўніцтва, змяніла падыход да праблематыкі Халоднай вайны: замест канфрантацыі дыпламаты перайшлі да карэктных і ўважлівых выказванняў[27].

На пляцоўцы ААН беларускія дыпламаты выкарыстоўвалі аргументацыю і ацэнкі, якія даваліся ад кіраўнікоў агульнасаюзнай дэлегацыі, у залежнасці ад сітуацыі ўзмацняючы або саслабляючы іх[28]. Пазіцыя БССР па пытаннях, якія ставіліся да праблематыкі адносін двух блокаў, дыктавалася неабходнасцю жорсткай падтрымкі агульнасаюзнай знешнепалітычнай лініі. Магчымасць праявы якой-небудзь самастойнасці або ініцыятывы з боку беларускай дэлегацыі па палітычных пытаннях Халоднай вайны выключалася. Беларускія прадстаўнікі выконвалі толькі абмежаваныя тактычныя задачы ў рамках размеркавання функцый паміж дэлегацыямі «савецкага блока»[29].

У Савеце Бяспекі[правіць | правіць зыходнік]

У 1974—1975 гадах БССР з’яўлялася непастаянным членам Савета Бяспекі ААН[17].

Як успамінаў тагачасны пастаянны прадстаўнік БССР у ААН В. Смірноў, Мінск прыняў рашэнне вылучыць сваю кандыдатуру яшчэ ў 1970 годзе. Дадзенае даручэнне для дыпламата аказалася дастаткова складаным. Выканаць задачу ўдалося толькі праз чатыры гады. У гэтай справе БССР сутыкнулася з шэрагам праблем. Спачатку рэспубліцы трэба было заручыцца падтрымкай краін Усходняй Еўропы, але пры першай спробе высветлілася, што сваю кандыдатуру вылучыла Польшча, якая раней ужо абіралася непастаянным членам Савета Бяспекі. Дыпламаты паспрабавалі дамовіцца з Варшавай і іншымі ўсходнееўрапейскімі дзяржавамі, але дамагчыся жаданага не ўдалося. У другі раз канкурэнцыю склала Чэхаславакія. Смірноў падтрымаў кандыдатуру Прагі з умовай, што наступным разам будзе абраная БССР[30].

Далей, дзякуючы намаганням беларускіх дыпламатаў, удалося заручыцца падтрымкай краін Захаду і астатняга свету. Найбольшыя цяжкасці ўзніклі з пастаянным прадстаўніком ЗША ў ААН Джорджам Бушам-старэйшым, бо паміж амерыканскай і беларускай дэлегацыямі склаліся досыць нацягнутыя адносіны. Тым не менш Смірноў змог пераканаць яго прагаласаваць за БССР, апелюючы да таго факту, што яна з’яўляецца адной з краін-заснавальнікаў арганізацыі. Такім чынам, у верасні 1973 года за кандыдатуру Савецкай Беларусі ў непастаянныя члены СБ ААН на 1974—1975 гады прагаласавалі 112 краін з 123[31].

Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у 109 афіцыйных і 150 неафіцыйных пасяджэннях Савета Бяспекі. Рэспубліка ўключылася ў работу па праблеме ірана-іракскай пагранічнай спрэчкі, выступаючы ў ролі члена кантактнай групы. У большай ступені Мінск спрабаваў задаволіць пажаданні Ірака, за што МЗС краіны выказаў беларускай дэлегацыі падзяку. Далей рэспубліка займалася кіпрскім крызісам: БССР прагаласавала за рэзалюцыю СБ ААН 353, выступіўшы за тэрытарыяльную цэласнасць Кіпра і вывад замежных войск. Акрамя таго, Мінск выступаў з заявамі па праблеме апартэіду ў ПАР, блізкаўсходнім канфліктам, антыкаланіяльнай барацьбе[32].

Адносіны і сувязі[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны БССР з замежнымі дзяржавамі ажыццяўляліся з дапамогай пасольстваў і місій СССР[33]. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе сувязі з замежнымі краінамі былі нязначнымі. Прычынамі таму былі і сацыяльна-эканамічныя фактары (пасляваеннае спусташэнне), і палітыка-ідэалагічныя (падазрэнні да іншаземцаў, барацьба з нізкапаклонствам перад Захадам). З сярэдзіны 50-х гадоў сітуацыя пачала мяняцца[34]. Асабліва ярка гэта выяўлялася ў гандлі ў сувязі з ростам эканамічнага патэнцыялу краіны, які прывёў да павелічэння экспарту тавараў[35]. Умацаванню гандлёвых сувязяў спрыяла шырокая сетка аўтамабільных, чыгуначных, паветраных, водных шляхоў зносін праз тэрыторыю Беларусі. 2/3 экспарту прыпадала на краіны Савета эканамічнай узаемадапамогі, астатняе — «трэці свет» (10 %) і капіталістычныя дзяржавы (20 %). Аднак самастойнага выхаду на знешнія рынкі ў Мінска не было. Гэтымі пытаннямі займалася Міністэрства знешняга гандлю СССР пры садзейнічанні Гандлёва-прамысловай палаты БССР[33].

У сацыялістычныя краіны пастаўлялі абсталяванне для будаўніцтва энергетычных аб’ектаў, прадпрыемстваў металургічнай і металаапрацоўчай галін прамысловасці, мінеральныя ўгнаенні, тавары народнага спажывання. Для развіваных краін прадавалі трактары, аўтамабілі, металаапрацоўчыя станкі, вырабы электратэхнічнай, лёгкай прамысловасці. У капіталістычным лагеры карысталіся попытам беларускія ровары, гадзіннікі, фотаапараты, шкло, іншыя тавары. Добра ішла на экспарт прадукцыя тэкстыльных і швейных прадпрыемстваў: ільняныя і баваўняныя тканіны, ручнікі, абрусы, бялізна[33]. З-за мяжы ў Беларусь ішлі хімічныя тавары, ЭВМ, станкі, тавары народнага спажывання. Пры падтрымцы ГДР, Кубы, ПНР і ЧССР у Мазыры створаны завод кармавых дрожджаў[35]. У 70-я гады з шэрагам прадпрыемстваў дзяржаў сацлагера ўстаноўлены прамыя кантакты. Праходзіў абмен вопытам, практыкаваліся стажыроўкі[35].

У сферы культуры праводзілася палітыка па папулярызацыі беларускай літаратуры, ішла актыўная работа па перакладзе твораў на замежныя мовы. Наладжвалася супрацоўніцтва паміж мастацкімі калектывамі. Важнае месца занялі Дні культуры замежных краін у Беларусі і наадварот. Акрамя таго, кантакты наладжаны таксама ў навуцы і адукацыі. Так, напрыклад, даследчыя інстытуты і лабараторыі Акадэміі навук БССР каардынавалі і праводзілі даследаванні сумесна з навукоўцамі розных устаноў Польшчы, Венгрыі, Чэхаславакіі і іншых краін. Дзясяткі тысяч замежных грамадзян атрымалі сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю ў Беларусі, у той час як беларускія навукоўцы і выкладчыкі працавалі ў навучальных установах Афганістана, Кубы, Індыі і іншых краін[36]. З 70-х гадоў кантакты ў навукова-адукацыйнай сферы, у асноўным з сацкраінамі, набылі пастаянны характар. За азначанае дзесяцігоддзе звыш 13 тысяч замежнікаў з развіваных краін атрымалі спецыяльнасці ў БССР. Да 1986 года 10 беларускіх ВНУ ўсталявалі супрацоўніцтва з 16 замежнымі партнёрамі[37].

Значную ролю ў развіцці кантактаў згуляла Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. На 1 студзеня 1990 года ў яго складзе мелася 12 рэспубліканскіх аддзяленняў агульнасаюзных аб’яднанняў: Таварыства савецка-польскай дружбы (з 1958), Савецкае таварыства дружбы з Германіяй (з 1958), Таварыства савецка-кітайскай дружбы (з 1958), Таварыства савецка-балгарскай дружбы (з 1961), Таварыства савецка-чэхаславацкай дружбы (з 1961), Таварыства савецка-венгерскай дружбы (з 1963), таварыства «СССР — Канада» (з 1962), таварыства «СССР — Фінляндыя» (з 1963), таварыства «СССР — Францыя» (з 1964), Таварыства савецка-в’етнамскай дружбы (з 1966), Таварыства савецка-кубінскай дружбы (з 1973), Таварыства савецка-аўстрыйскай дружбы (з 1980). Працавалі 10 абласных, 38 гарадскіх і раённых, 311 пярвічных арганізацый[38]. У рабоце таварыства прынялі ўдзел вядомыя культурныя дзеячы БССР, у тым ліку Ларыса Александроўская, Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч, Уладзімір Алоўнікаў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Анатоль Вярцінскі, Марыя Захарэвіч, Георгій Паплаўскі[39].

Да 1980-х гадоў Савецкая Беларусь істотна нарасціла кантакты з замежнымі краінамі. Павялічылася колькасць сувязяў, увайшлі ў практыку новыя формы і метады супрацоўніцтва, пашырылася геаграфія. Так, калі ў другой палове 50-х гадоў большая частка кантактаў рэспублікі прыходзілася на суседнюю Польшчу, то паступова ў актыўнае супрацоўніцтва ўступілі ГДР, Чэхаславакія, Балгарыя, іншыя еўрапейскія дзяржавы. Аб’ём і змест кантактаў вызначаліся вышэйшым партыйна-дзяржаўным кіраўніцтвам. Яны ў асноўным праводзіліся на наступных узроўнях: супрацоўніцтва паміж абласцямі БССР і адміністрацыйнымі рэгіёнамі членаў Варшаўскага дагавора на аснове двухбаковых планаў; ажыццяўленне партнёрскіх сувязяў асобных гарадоў, прадпрыемстваў і ўстаноў; правядзенне мерапрыемстваў у рамках планаў і дагавораў Саюза савецкіх таварыстваў дружбы, рэспубліканскім аддзяленнем якога з’яўлялася Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі; замежныя кантакты па лініі грамадскіх арганізацый рэспублікі (Белсавпраф, ЛКСМБ, Камітэт моладзевых арганізацый БССР, Беларускі камітэт абароны міру, творчыя саюзы БССР і інш.)[40].

Ацэнкі і значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Як адзначаў гісторык М. М. Мязга, Савецкая Беларусь выступала толькі як інструмент у дыпламатычных камбінацыях савецкага кіраўніцтва[12]. Яго калега У. Е. Снапкоўскі пісаў, што беларуская дыпламатыя не праводзіла ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у перыяд існавання СССР самастойнай знешнепалітычнай лініі. У сувязі з гэтым Мінск не прызнаваўся міжнароднай супольнасцю як раўнапраўны суб’ект міжнароднага права[1].

Прагаласаваць не так, як саюзная дэлегацыя — скандал, хоць часам мне здавалася, што звычайная чалавечая логіка, годнасць патрабуе ад нас, што б мы галасавалі разам з большасцю, з Амерыкай. Не, палітыка логікі не прызнае. [...] А як галасаваць? Даводзілася падымацца і бегчы да саюзнай дэлегацыі, якая сядзела ў іншым канцы залы, такое, між іншым, было дадзена ўказанне — не саромецца, хоць газеты [амерыканскія] гэта і высмейвалі. Ды і нашы шэфы саюзныя напышліва пасмейваліся. Мне гэта было абразліва.

— пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч І. Шамякін, які неаднаразова ўдзельнічаў у сесіях Генеральнай Асамблеі ААН[41].

Тым не менш, паводле Мязга, уступленне ў ААН «адпавядала нацыянальным інтарэсам беларускага народа і спрыяла фарміраванню беларускай дзяржаўнасці»[12]. У сумесным артыкуле А. В. Давідовіч і С. А. Кісялёва пісалі, што за кошт выхаду Мінска на міжнародную арэну многія заходнія дыпламаты і палітыкі ўпершыню пачулі пра Беларусь, даведаліся пра ўдзел беларусаў у вайне, культуру краіны, адрозненні беларускай і рускай моў[42].

З пункту гледжання міжнароднага права ўдзел членаў федэрацыі ў міжнародных адносінах мае даволі абмежаваны характар. Звычайна федэратыўныя дзяржавы не дазваляюць сваім суб’ектам правядзенне ўласнай знешняй палітыкі, паколькі гэта падрывае асновы дзяржаўнага ладу. Аднак кіраўнік СССР І. Сталін і яго асяроддзе, па заяве Снапкоўскага, здзейснілі «рэвалюцыю ў тэорыі і практыцы міжнароднага права», падаўшы саюзным рэспублікам фармальна шырокія канстытуцыйныя паўнамоцтвы ў галіне знешняй палітыкі[43].

В. Г. Шадурскі пісаў, што дзякуючы развіццю знешніх сувязяў БССР у гэтай сферы быў назапашаны значны вопыт. Незалежна ад ацэнак ён стаў асновай для развіцця міжнародных кантактаў незалежнай Беларусі. Узніклі і атрымалі развіццё многія формы і напрамкі супрацоўніцтва. Былі ўсталяваныя кантакты паміж прадпрыемствамі і ўстановамі, дзеячамі культуры, якія захаваліся і ў постсавецкі перыяд[44].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д Внешняя политика Республики Беларусь: первые итоги первого десятилетия // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 2000. — С. 45—51.
  2. Мезга 2019, с. 195.
  3. Ковкель 2000, с. 471.
  4. Снапковский 2021, с. 23—24.
  5. Высшие органы государственной власти и центрального управления БССР (1965-1991 гг.). Ч. 3. — Мн., 2000. — С. 123.
  6. а б в г Новик 2011, с. 468.
  7. Мезга 2019, с. 196.
  8. Снапковский 2021, с. 26.
  9. Мезга 2019, с. 197.
  10. Мезга 2019, с. 198—200.
  11. Снапковский 2021, с. 45—55.
  12. а б в Мезга 2019, с. 203.
  13. Новик 2011, с. 468—469.
  14. а б в Ковкель 2000, с. 472.
  15. Новик 2011, с. 469.
  16. Новік 2011, с. 468.
  17. а б в г Уладзімір Снапкоўскі. ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ ССР: ПАРТЫЙНА-ДЗЯРЖАЎНАЯ СІСТЭМА КІРАВАННЯ І ДЫПЛАМАТЫЯ (1950—1980-я гг.) // Белорусский журнал международного права и международных отношений 2004 — № 4
  18. Свилас, С.В. Об инициативном предложении дипломатии Белорусской ССР «Международное поощрение научных исследований в области борьбы с раковыми заболеваниями» // Беларусь в современном мире: материалы IX Международной конференции, посвященной 89-летию образования Белорусского государственного университета, 29 октября 2010 г. / редкол.: В. Г. Шадурский [и др.]. — Минск: Изд. центр БГУ, 2010. — 303 с.
  19. Ретроспектива, основные шаги, инициативы, достижения // МИД Беларуси
  20. Снапковский 2021, с. 83—85.
  21. Снапковский 2021, с. 158.
  22. Снапковский 2021, с. 122—126.
  23. В. Г. Шадурский Сердечность дружеских встреч // Беларуская думка : журнал. — 2011. — № 9. — С. 30—35.
  24. Снапковский 2021, p. 152.
  25. C. Ф. Свилас Конголезский кризис 1960—1963 гг. и дипломатия Белорусской ССР // журнал международного права и международных отношений 2010 — № 3
  26. Снапковский 2021, с. 186.
  27. Снапковский 2021, с. 250.
  28. Снапковский 2021, p. 81.
  29. Снапковский 2021, p. 86.
  30. Снапковский 2021, с. 174—175.
  31. Снапковский 2021, с. 175.
  32. Снапковский 2021, с. 176—177.
  33. а б в Новик 2011, с. 470—471.
  34. Ковкель 2000, с. 472—473.
  35. а б в Ковкель 2000, с. 506.
  36. Новик 2011, с. 472—473.
  37. Ковкель 2000, с. 506—508.
  38. Ваніцкі, А. М. Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі / А. М. Ваніцкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 360.
  39. Пра таварыства
  40. Памылка ў зносках: Няслушны тэг <ref>; для зносак Шадурский няма тэксту
  41. Анатолий Великий БССР-США: дипломатия периода «холодной войны» // Советское фото : журнал. — 1999.
  42. Давидович А.В., Киселева С.А Деятельность БССР в ООН. Исторический опыт 50-х гг. XX в.. Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2024.
  43. Снапковский 2021, с. 7.
  44. Виктор Шадурский Культурное сотрудничество Беларуси со странами Центральной и Восточной Европы // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 1998. — № 3. Архівавана з першакрыніцы 4 лістапада 2023.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]