Беларусы ў Антарктыдзе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Антарктыда — апошні рэсурсны рэзерв чалавецтва. Гэта таксама амаль 90 % сусветных запасаў прэснай вады. Тут праводзяцца назіранні за кліматычнымі і метэаралагічнымі працэсамі, якія з’яўляюцца кліматаўтваральнымі фактарамі для ўсёй Зямлі. Вывучаюцца ўздзеянне космасу і працэсы, што адбываюцца ў зямной кары. Існуе не менш дзясятка кірункаў фундаментальных навуковых даследаванняў, цалкам завязаных на Антарктыду.

Рэспубліка Беларусь мае багатыя традыцыі ў вывучэнні і асваенні Антарктыкі. Беларусы прымалі актыўны ўдзел у даследваннях у складзе савецкіх антарктычных экспедыцый. Пасля набыцця незалежнасці Рэспубліка Беларусь страціла цікавасць да ледзянога кантыненту, але ў 2006 паўднёвыя палярныя даследванні былі адроджаны. Да іх былі прыцягнуты і старыя савецкія палярнікі (Аляксей Гайдашоў, Юрый Гігіняк), і пляяда маладых. З 2015 года на базе «Гара Вячэрняя» ў летні перыяд дзейнічае Беларуская антарктычная станцыя.

У складзе савецкіх экспедыцый[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаючы з 1957 у розныя гады ў палярных экспедыцыях удзельнічала звыш 100 чалавек. У асноўным гэта былі супрацоўнікі Рэспубліканскага гідраметцэнтра г. Мінска, гідраметэаралагічнай службы іншых беларускіх гарадоў, а таксама НАН Беларусі і Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

Першым палярнікам Беларусі быў В. К. Шымановіч, удзельнік другой комплекснай антарктычнай экспедыцыі (1957). Самай легендарнай асобай сярод жыхароў Брэста стаў Ф. Ф. Кабот. У гады вайны — марак-падводнік на Паўночным і Балтыйскім флатах. Адразу пасля вайны год правёў на ільдзіне ў Паўночным Ледавітым акіяне, удзельнік дзвюх савецкіх антарктычных экспедыцый. Гэта аб ім пісалі газеты ўсяго свету: ён, не будучы ўрачом, зрабіў аперацыю па выдаленні апендыцыту ўрачу станцыі. Аперацыя праходзіла без наркозу паслядоўна па ўказаннях самога ўрача і прайшла паспяхова.

Вялікі ўклад палярнікаў Беларусі ў даследаванні Антарктыды адлюстраваны ў многіх навуковых працах. Супрацоўнікі Рэспубліканскага гідраметцэнтра, удзельнікі савецкай антарктычнай экспедыцыі, зафіксіравалі ў 1983 годзе на станцыі «Усход» самую нізкую тэмпературу на планеце: мінус 89,2 градусы па Цэльсію (В. Л. Карпюк), у 1989 годзе на станцыі «Ленінградская» — самы моцны вецер на планеце: 78 м/сек (А. А. Гайдашоў).

Даследванні ў перыяд незалежнасці (з 2006)[правіць | правіць зыходнік]

Падмурак[правіць | правіць зыходнік]

У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне аб адкрыцці ўласнай станцыі і значным пашырэнні навукова-даследчых работ спецыялістамі Беларусі ў Антарктыдзе. Для стварэння беларускай станцыі будзе выкарыстана бязвыплатна перадаваемая Расіяй палявая база, размешчаная ў раёне гары Вячэрняя на ўзбярэжжы мора Касманаўтаў (непадалёку ад закансервіраванай савецкай станцыі «Маладзёжная», калісьці — «сталіцы» савецкай Антарктыды).

Расійскія даследчыкі зацікаўлены ва ўдзеле Беларусі ў антарктычным праекце і прысутнасці на мацерыку. Супрацоўніцтва з беларусамі дазволіць расіянам працягваць даследаванні, якія зараз знаходзяцца пад пагрозай спынення з-за недахопу фінансіравання. У сваю чаргу, супрацоўніцтва з Расіяй дазволіла Беларусі пазбегнуць затрат у 10 млн долараў на ўзвядзенне станцыі з нуля і яшчэ прыкладна столькі ж на фрахт суднаў для дастаўкі паліва, харчавання і абсталявання на антарктычны мацярык.

Абмяркоўваецца праграма супрацоўніцтва з французскімі палярнікамі.

Першая экспедыцыя[правіць | правіць зыходнік]

Перадавая група беларускіх вучоных была накіраваная на станцыю ў лістападзе 2006 года. Для вядзення пастаяннай навуковай работы і круглагадовага пражывання неабходна было мадэрнізіраваць электраабсталяванне станцыі, а таксама ўстанавіць новае ацяпляльнае і навуковае абсталяванне. Афіцыйнае адкрыццё станцыі адбываецца з моманту перадачы ў эфір першай зводкі назіранняў, перш за ўсё метэаралагічных. Паўнавартасным удзельнікам Дагавора аб Антарктыцы краіна лічыцца толькі тады, калі яна ў круглагадовым рэжыме папаўняе інфармацыяй сусветны банк даных і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх міжнародных працэсах, якія адбываюцца ў рамках Дагавора.

Такім чынам, пачатак самастойнай прысутнасці Беларусі ў Антарктыдзе супаў з Міжнародным палярным годам, якім аб’яўлены 2007 год.

Наступныя экспедыцыі[правіць | правіць зыходнік]

Аляксей Гайдашоў выступае перад вучнямі мінскай гімназіі пасля вяртання з экспедыцыі, 2018

У 2007—2010 гадах праведзеныя тры беларускія антарктычныя экспедыцыі. За гэты час у Антарктыдзе пабывалі 12 беларускіх спецыялістаў. Вядзецца будаўніцтва ўласнай станцыі на базе гары Вячэрняй. Па стане на люты 2016 года, у Антарктыдзе працавалі першыя тры модулі беларускай антарктычнай станцыі. Усяго плануецца пабудаваць каля 12-15 модуляў, разлічаных прыкладна на 12 чалавек.

Дзясятая[правіць | правіць зыходнік]

25 студзеня 2018 года Аляксей Гайдашоў паведаміў аб увядзенні ў эксплуатацыю трох новых аб’ектаў — навуковай лабараторыі і службова-жылых пакояў — беларускай антарктычнай станцыі і ўрачыста ўручыў ключы ад іх удзельнікам дзясятай экспедыцыі — Аляксею Захватаву, Максіму Гарбацэвічу і Артуру Івашку.[1]

Адзінаццатая[правіць | правіць зыходнік]

8 лістапада 2018 Аляксей Гайдашоў са Стамбула распавёў тэлеканалу СТБ аб пачатку 11-й экспедыцыі. У пачатку снежня 2018 года другая частка экспедыцыі разам з расійскімі калегамі даставіла да Гары Вячэрняй каля 100 тон грузаў для развіцця станцыі. Галоўная задача 11-й экспедыцыі — развіццё інфраструктуры станцыі. З навуковых задач экспедыцыя па-ранейшаму ставіла на першы план даследванні фізічнага стану атмасферы, маніторынг азонавага слою, мікрабіялогіі і біялогію прыбярэжнай фаўны, кліматычныя даследванні.[2]

Дзяржаўнае кіраванне дзейнасцю ў Антарктыдзе[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыццё станцыі і вядзенне навуковых даследаванняў прадугледжана дзяржаўнай мэтавай праграмай «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2007—2010 гады і на перыяд да 2015 года»]].

11 мая 2011 года Урадам Беларусі зацверджана дзяржаўная праграма «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011—2015 гады». Новая праграма прадугледжвала правядзенне навуковых даследаванняў і маніторынгу стану прыроднага асяроддзя палярных раёнаў Зямлі, накіраваных на атрыманне Беларуссю статусу раўнапраўнага ўдзельніка сусветнага працэсу па даследаванні і выкарыстанні палярных раёнаў, забеспячэнне доўгатэрміновых палітычных, эканамічных і навуковых інтарэсаў краіны ў палярных абласцях Зямлі, выкананне міжнародных абавязацельстваў у рамках Дагавора аб Антарктыцы і атрыманне статусу кансультатыўнага боку.

Грамадская актыўнасць[правіць | правіць зыходнік]

Дзеля выкарыстання антарктычнага досведу беларусаў для будучых даследаванняў, на ўрачыстым паседжанні беларускіх палярнікаў, якое было прысвечана 50-годдзю пачатку даследаванняў Антарктыды, пад эгідай Беларускага геаграфічнага таварыства быў створаны аддзел палярных даследаванняў. Аб’яднанне беларускіх палярнікаў дазволіць прафесіянальна ажыццяўляць грамадскую каардынацыю падчас падрыхтоўкі і рэалізацыі нацыянальных антарктычных даследаванняў. Прыярытэтны кірунак дзейнасці аддзела — выкарыстанне накопленага інтэлектуальнага і практычнага патэнцыялу па вывучэнні палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнні дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый.

Зноскі