Боны гомельскага гарадскога самакіравання

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Боны гомельскага гарадскога самакіравання — мясцовыя папяровыя грашовыя адзінкі горада Гомеля, вынік эмісій 1918 г., ажыццёўленых клопатам Гомельскай гарадской думы аб пераадоленні фінансавага крызісу[1][2].

Бона вартасцю 10 рублёў.

Кантэкст[правіць | правіць зыходнік]

На пачатак 1918 г. дэфіцыт гарадскога бюджэту Гомеля складаў звыш 500 тыс. рублёў[2]. Становішча ўскладнілася вывазам гарадской касы падчас эвакуацыі з горада мясцовага рэўкама (перад пагрозай германскай акупацыі)[3][2]. Гомельскае казначэйства мусіла спыніць дзейнасць па грашовым абароце і крэдытаванні. Адбываўся значны рост цэн і выдаткаў на ўтрыманне гарадскіх служб. Збор падаткаў на фоне змены ўлады фактычна не ажыццяўляўся. Перадача германскімі акупантамі Гомеля і Гомельскага павета пад юрысдыкцыю Украіны істотна не змяніла сітуацыі — дэклараваная дзяржаўным скрабам фінансавая падтрымка Гомеля не была рэалізавана нават на канец ліпеня 1918 г. Для выратавання ўнутрыгарадскога фінансавага рынку Гомельская гарадская дума пастанавіла правесці эмісію гарадскіх бон — папяровых грошай, забеспячэннем якіх абвяшчалася гарадская маёмасць. Іх было выпушчана 848 тыс. 500 рублёў[2].

Наміналы і тэрміны эмісіі[правіць | правіць зыходнік]

Боны Гомельскага гарадскога самакіравання былі эмітаваны ў чатырох наміналах  — 1, 3, 5, 10 рублёў. Год выпуску — 1918 — пазначаны толькі на бонах вартасцю 5 і 10 рублёў[1]. Эмісія наміналаў 1, 3 і 5 рублёў падрыхтавана не пазней за 4 красавіка 1918 г. На гэта ўказваюць факсіміле подпісаў гарадскога галавы і члена ўправы на кожнай з бон — М. Х. Бабарыкіна і М. Кагана адпаведна. Менавіта 4 красавіка 1918 г. М. Х. Бабарыкін, які з’яўляўся гомельскім гарадскім галавой з 31 ліпеня 1917 г., падаў у адстаўку ва ўмовах ўзмацнення правакансервантыўнага ўхілу гетманата[4][5]. Выканаўцам пасады гарадскога галавы стаў М. Каган, факсіміле подпісу якога змешчана на боне наміналам 10 рублёў[5][6]. Адсюль можна зрабіць выснову, што эмісія гэтага наміналу была ажыццёўлена у нейкі перыяд пасля азначаных падзей.

Афармленне[правіць | правіць зыходнік]

Усе боны аформлены на рускай мове паводле правіл дарэформеннага правапісу. Яны ўтрымліваюць інфармацыю аб эмітэнце, намінале, пераследзе за падробку, факсіміле подпісаў гарадскога галавы і члена ўправы, а таксама адмысловае паведамленне[1]:

«Мае хаджэнне ў г. Гомелі нароўні з дзяржаўнымі крэдытнымі білетамі. Забяспечваецца ўсёй маёмасцю гор. Гомеля».

На бонах прысутнічае відазменены герб Гомеля ўзору 1855 г.: на французскім шчыце, падзеленым гаразынтальнай лініяй на дзве часткі, у верхнім полі паказана палова некаранаванага двухгаловага арла, а ў ніжнім — рысь лежачы. Некаранаваны двухгаловы арол фонавай выявай змешчаны на наміналах 5 і 10 рублёў[1].

Мастацкае вырашэнне гомельскіх бон  мае на сабе адбітак стылістычнай манеры, у якой ствараліся грашовыя знакі былой Расійскай імперыі. Напрыклад, з расійскімі крэдытнымі білетамі ўзору 1898-1899 гг. перагукаюцца асобныя элементы афармлення бон гомельскага гарадскога самакіравання: манера напісання некаторых лічбаў, выкарыстанне рознага кшталту віньетак, выяў лаўровых і дубовых галін. Аверс боны вартасцю 10 рублёў, па ўсім відаць, натхнёны аднарублёвым крэдытным білетам узору 1898 г.[7], хаця і адрозненні між імі відавочныя. У цэлым боны выкананы на даволі нізкім мастацкім узроўні, што асабліва заўважаецца на выявах герба Гомеля — выявы выкананы пераважна неахайна, рысь на іх выглядае карыкатурна, а  рысіны хвост пададзены часам  у зусім недарэчнай манеры.

Усе наміналы, апроч трохрублёвага, былі надрукаваныя на паперы без вадзяных знакаў[1].

Выява Намінал Памеры (мм)[1] Асноўныя колеры[8] Апісанне Дата выхаду Дата зняцця
Пярэдні бок Адваротны бок Пярэдні бок Адваротны бок
1 рубель 90×70 зялёны;

карычневы

герб Гомеля без гарадской геральдычнай кароны, выявы лічбы «1» у розных віньетках, факсіміле подпісаў гарадскога галавы і члена ўправы выявы лічбы «1» (вялікая — па цэнтры) да 4 красавіка 1918 г. да канца

1918 г.

3 рублі 95×60 зялёны герб Гомеля з гарадской геральдычнай каронай на фоне аліўкавай галіны, выявы лічбы «3», факсіміле подпісаў гарадскога галавы і члена ўправы вялікая выява лічбы «3» на шчыце, лаўровыя галіны
5 рублёў 130×75 фіялетавы герб Гомеля з гарадской геральдычнай каронай у вянку з лаўровых галін, вялікая выява лічбы «5», факсіміле подпісаў гарадскога галавы і члена ўправы, фонавая выява некаранаванага двухгаловага арла, скрыжаваныя дубовая і лаўровая галіны вялікая выява герба Гомеля з гарадской геральдычнай каронай, вялікая выява лічбы «5» у віньетцы
10 рублёў 145×85 чырвоны;

зялёны

герб Гомеля з гарадской геральдычнай каронай у вянку з лаўровай і дубовай галін (упісаны ў віньетку і своеасаблівы арнаментальны геаметрычны блок), выявы лічбы «10», факсіміле подпісаў гарадскога галавы і члена ўправы, фонавая выява некаранаванага двухгаловага арла выявы лічбы «10» (вялікая — па цэнтры), скрыжаваныя галіны дуба і лаўра пасля 4 красавіка 1918 г.

Праблема хаджэння бон[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя эмісіі і хаджэння бон гомельскага гарадскога самакіравання застаецца маладаследаванай. Даследчыца В. М. Мятліцкая (Лебедзева) падкрэслівала, што іх выпускам самакіраванне выратавала гарадскі бюджэт[2]. Разам з тым, дакладна невядома, як мясцовыя грошы ўспрымаліся гомельцамі. У адносна блізкім ад Гомеля Магілёве аналагічныя абставіны (мясцовая грашовая эмісія 1918 г.) справакавалі сярод жыхароў паніку — магілёўцы не ўспрымалі тамтэйшыя боны ў якасці паўнавартаснага плацежнага сродку, літаральна называючы смеццем і аддаючы перавагу «крэдыткам» і «керанкам»[9]. Магчыма, падобныя настроі панавалі і ў тагачасным Гомелі. Па ўспамінах старажылаў, сярод масы грошай, што хадзілі тады ў горадзе, вартымі лічыліся адно залатыя чырвонцы.

Вывад бон з абароту, верагодна, адбыўся да канца 1918 г. на фоне чарговай змены ўлады (пачатак вываду нямецкіх войск, праца Гомельскай дырэкторыі) і далейшага абясцэньвання грошай як такіх. Улічваючы складанасць становішча таго часу, можна дапусціць, што хаджэнне бон гомельскага гарадскога самакіравання скончылася без спецыяльнай пастановы гарадскіх улад — пагашэннем «знізу», г.зн. выкарыстаннем абясцэненых грашовых знакаў не па іх непасрэдным прызначэнні (напр., як паліва, абгортка, матэрыял для абклейвання, забаўкі для дзяцей). Падобнае ў 1917-1919 гг. здаралася па ўсёй цэнтральна-еўрапейскай частцы былой імперыі, наводненай шматлікімі бонамі разнастайных мясцовых эмісій[10].

Зноскі

  1. а б в г д е Орлов, А. П. Бумажные денежные знаки на территории Беларуси. 1769—2014 [Текст] : каталог / А. П. Орлов. — 2-е изд., доп. — Минск : Полиграфкомбинат им. Я. Коласа, 2014. — C. 506—508.
  2. а б в г д Мятліцкая, В. М. На паграніччы эпох і дзяржаў. Старонкі гісторыі Гомеля (1917—1918) / Валянціна Мятліцкая. — Гомель : Барк, 2021. — С. 155.
  3. Такоева, И. Т. Гомельская губерния : Как всё начиналось. Неизвестные страницы / Ирина Такоева, под общ. ред. Владимира Дворника; науч. ред. Валентина Лебедева. — Гомель : Редакция газеты «Гомельская праўда», 2014. — С. 13.
  4. Валкавіцкі, І. І. Гомельская гарадская дума / І. І. Валкавіцкі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я. — Мн., БЕЛТА, 1998. — С. 261.
  5. а б Мятліцкая, В. М. На паграніччы эпох і дзяржаў. Старонкі гісторыі Гомеля (1917—1918) / Валянціна Мятліцкая. — Гомель : Барк, 2021. — С. 147—148.
  6. Орлов, А. П. Бумажные денежные знаки на территории Беларуси. 1769—2014 [Текст] : каталог / А. П. Орлов. — 2-е изд., доп. — Минск : Полиграфкомбинат им. Я. Коласа, 2014. — C. 507.
  7. Орлов, А. П. Бумажные денежные знаки на территории Беларуси. 1769—2014 [Текст] : каталог / А. П. Орлов. — 2-е изд., доп. — Минск : Полиграфкомбинат им. Я. Коласа, 2014. — C. 152.
  8. Бумажные денежные знаки выпущенные на территории бывшей Российской империи за время с 1769 по 1924 гг. [Текст] / под ред. Ф. Г. Чучина. — Москва : Издание Уполномоченного по филателии и бонам в СССР, [1924]. — С. 57.
  9. Орлов, А. Грошики местного значения / А. Орлов // Банкаўскі веснік — 2003. — № 7. — С. 54.
  10. Лонг, В. Деньги как деньги : История денег Гомельщины [интервью с В. Литвиновым] / В. Лонг // Деловой Гомель – 2010. — № 3. — С. 39.