Герб Гомеля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб Гомеля
Дэталі
Шчыт
французскі
Заснаванне 16 ліпеня 1997

Герб Гомеля — герб горада Гомеля. Герб зацверджаны Рашэннем Гомельскага гарвыканкама ад 16 ліпеня 1997 г. № 60[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Сучасны герб Гомеля ўяўляе сабой французскі шчыт, на блакітным полі якога намалявана залатая рысь, якая ляжыць.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэканструкцыя першага вядомага герба Гомеля.
Рэканструкцыя першага вядомага герба Гомеля.

Пытанне наяўнасці гарадской сімволікі ў сярэднявечным Гомелі застаецца нявырашаным — архелагічныя ці пісьмовыя сведчанні пра герб Гомеля або нейкі адрозны знак, што выконваў бы функцыю герба, у X—XV стст. адсутнічаюць.

Першыя пісьмовыя звесткі пра герб Гомеля адносяцца да першага перыяду Новага часу. 21 сакавіка 1560 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст надаў гораду «печать местьскую з гербом Крыжа» адмысловым прывілеем (аднесенне дакумента да 1562 г., што сустракаецца ў асобных публікацыях, варта лічыць памылковым)[2][3]:199:

" Присылали до нас подданные нашы мещане места Гомеиского, оповедаючи, штожъ они печати местское, которое бы справы местьские печатовати мели, в себе не мають, и для того деи великое затрудненье в тых справах и потребах местских имъ частокроть деет ся… Ино мы з ласки нашое г(о)с(по)д(а)ръское… печать местьскую з гербом Крыжа имъ дали и мети дозволили и симъ листом нашымъ дозволяемъ, мають вжо они от того часу тое печати и гербу помененого во всих справах и потребах, оному месту належачих, вживати и имъ печатовати ся по тому, яко и у в ынъшых местах нашых Великого Князства Литовъского обычаи того заховываеть ся. "

Падрабязнага апісання герба ў прывілеі не ўтрымлівалася. Колеравае спалучэнне «у чырвоным полі срэбны крыж» з’яўляецца меркаваным і было прапанавана геральдыстам Анатолем Цітовым як рэканструкцыя ў 1990-х гадах[4]. Арыгінальная выява герба 1560 г. дагэтуль не выяўлена. Гісторык Міхаіл Спірыдонаў, які адшукаў тэкст адпаведнага прывілея, выказаў меркаванне, што гербам з крыжам Гомель карыстаўся нават пасля першага падзела Рэчы Паспалітай — да 1776 г., г.зн. да часу падаравання горада расійскай імператрыцай Кацярынай II графу Пятру Румянцаву-Задунайскаму[3]:156—157. Аднак пэўныя дакументальныя сведчанні на гэты конт пакуль невядомыя. Гомельскі гісторык і археолаг А. А. Макушнікаў лічыць непераканаўчай рэканструкцыю герба А. Цітовым, як у графічным і колеравым сэнсе, так і ў сэнсе абранага для яе тыпу геральдычнага крыжа[5].

Розныя варыяцыі рэканструкцыі паводле А. Цітова выкарыстоўваюцца ў наш час як неафіцыйны геральдычны элемент (аздабленне інтэр’ераў, сувеніры і г.д.), а адна з версій прысутнічае на афіцыйнай сімволіцы ваеннай кафедры Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (зацверджана ў 2017 г.)[6]:

У чорным барочным шчыце з падвойнай жоўтай аблямоўкай герб Гомеля (1560 г.) з перакрыжаванымі мячамі лязом уверх, накладзенымі на белую раскрытую кнігу і Кадуцэй.

У гонар гэтага герба названы клуб рэканструкцыі і мадэлявання «Белы крыж» пры гістарычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны[7], выява герба выкарыстоўваецца на атрыбутыцы клуба.

Падчас расійскага панавання імператрыца Кацярына II перадала Гомель «дзеля забавы» («для увеселения») графу Пятру Румянцаву-Задунайскаму. Ён дамогся вываду павятовай адміністрацыі ў вёску Беліца (цяпер — Старая Беліца), якая атрымала статус горада, а 16 жніўня 1781 года[4][8] — герб:

У верхняй частцы шчыта — частка герба Магілёўскага: у залатым полі палова Расійскага герба. У ніжняй — на блакітным полі рысь, якая спакойна ляжыць; бо звяроў такіх у наваколлях горада гэтага вельмі многа.

А. А. Макушнікаў характарызуе гэты герб як «штучна надуманы ў кабінетах стольных расійскіх канцылярый», што рысь чыноўнікі паставілі на герб, бо для наваспечанага горада ў расійскім гербоўніку не знайшлося «ганаровага звера» («почетной твари»)[5].

У 1786 годзе павятовая адміністрацыя была пераведзена ў пабудаваны для яе на левым беразе ракі Сож цэнтр, за якім замацавалася тая ж назва з дадаткам слова «Новая» — Новая Беліца[9]:96-97 (сёння — Навабеліцкі раён Гомеля). Герб з выявай рысі, такім чынам, перайшоў да Новай Беліцы. Гомель як прыватнаўласніцкі горад афіцыйна герба не меў. У 1852 годзе ён быў пераўтвораны ў павятовы горад (Новая Беліца стала яго прадмесцем)[9]:100, 23 снежня 1855 года (4 студзеня 1856) сімволіка з рыссю была зацверджана ў якасці яго герба[10]:

Шчыт падзелены на дзве часткі: у верхняй паказаны Магілёўскі губернскі герб, а ў ніжняй, на блакітным полі, рысь лежачы. Шчыт аздоблены каронай каменнага колеру.

На эталоннай выяве ў «Поўным зборы законаў Расійскай імперыі» (1856—1857 гг.) звер на гербе Гомеля паказаны з кароткім хвастом з кутасам[11]. Але ў пазнейшых выявах, напрыклад, у гербоўніку П. Вінклера (1899 г.), звер менш нагадвае рысь, бо адлюстраваны з неўласцівым для рысі доўгім хвастом. На вокладцы кнігі Льва Вінаградава «Гомель. Яго мінуўшчына і сучаснасць. 1142—1900 гг.» (1900 г.) выява звера на гербе Гомеля выканана неахайна схематычна[12]: звер адлюстраваны стоячы, нагадвае сабаку (пудзеля), а не прадстаўніка сямейства каціных.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. гомельскі герб быў відазменены: адлюстраваны ў верхняй частцы шчыта арол страціў свае імперскія рэгаліі (быў прыведзены да стандарту эмблемы Расійскай Рэспублікі), рысь жа па-ранейшаму адлюстроўвалася ў вычварным выглядзе, нагадваючы на вядомых выявах 1918 г., то мармуровага ката, то вавёрку. Гэта можна прасачыць, у прыватнасці, па выявах на бонах гомельскага гарадскога самакіравання і гомельскага земства (1918 г). Пасля канчатковага ўсталявання ў Гомелі савецкай улады розныя варыянты тутэйшага герба адышлі ў гісторыю. У 1929 г. у перадавым артыкуле газеты «Рабочий» падкрэслівалася неадпаведнасць старога герба з рыссю новаму індустрыяльнаму абліччу Гомеля, адзначалася, што гербам Гомелю «можа служыць не рысь, якая ляжыць у блакітным полі, а фабрычныя коміны, што сягаюць у неба»[13]. Да пачатку 1990-х гг. пытанне аб гарадскім гербе ў Гомелі сур’ёзна не падымалася. У 1990-я гг. гомельскі гарадскі савет рабіў захады па пошуках старадаўняга гомельскага герба, якія не далі станоўчага выніку. У 1997 г., напярэдадні адзначэння 200-годдзя стварэння палацава-паркавага ансамбля ў Гомелі, гэтае пытанне актуалізавалася і было вырашана на аснове перастварэння герба 1855 г.[14]

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У сучаснай Беларусі 16 ліпеня 1997 статус афіцыйнага геральдычнага сімвала Гомеля атрымаў герб часоў Расійскай імперыі[15], з якога былі прыбраны выявы гарадской кароны і верхняй часткі двухгаловага арла. Аўтарамі зацверджанага праекту з’яўляюцца А. П. Бялоў (мастацкі рэдактар) і Ю. Л. Сцяпанаў (мастак)[14]. Выява рысі ўпершыню за два стагоддзі атрымала большую рэалістычнасць. Выявы розных варыяцый сучаснага гомельскага герба даволі багата прысутнічаюць у гарадскім асяроддзі (манументальны роспіс, наддарожныя шыльды, скульптурныя ўвасабленні). «Пасведчанне аб рэгістрацыі герба г. Гомеля» і комплекс адпаведных дакументаў былі перададзены на захаванне ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей[14].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Решение Гомельского горисполкома от 16 июля 1997 г. № 802.
  2. Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 37 (1552—1561) / Parengė D. Baronus. — Vilnius : Lietuvos istorijos instituto leidykla, 2011. — С. 341. За выключэннем пунктуацыі (набліжана да сучаснай), дакумент даслоўна цытуецца згодна з гэтай публікацыяй.
  3. а б Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002.
  4. а б Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  5. а б Макушников О. Средневековый Гомель: состояние проблемы и перспективы изучения Архівавана 13 мая 2021. // Гомель: старонкі гісторыі (да 870-годдзя першай згадкі ў летапісе) [Тэкст] : зб. навук. арт. / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адказны рэд.) [і інш.], М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2012. — С. 5—10.
  6. Геральдика кафедры / Военная кафедра ГГМУ
  7. Белы крыж / Гістарычны факультэт ГДУ імя Ф. Скарыны
  8. Гербы городов, губерний, областей и посадов Российской империи, внесенные в полное собрание законов с 1649 по 1900 г. / cост. П. П. фон-Винклер. — Санкт-Петербург : издание книгопродавца Ив. Ив. Иванов, 1900. — С. 206. У гэтым зборніку Новая Беліца памылкова пазначана як «Беліцк».
  9. а б Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998.
  10. Журнал Министерства внутренних дел. Ч. 17. Март. 1856. С. 14.
  11. Россия. Законы и постановления. Полное собрание законов Российской империи. Собрание 2. - Санкт-Петербург : в Тип. 2 Отд-ния Собств. е. и. в. Канцелярии, 1830-1885. - Чертежи и рисунки [...]. Лист №9.
  12. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005.
  13. Езерский С. В бетон и железо одевается Гомель // Рабочий. 1929. 19 сентября. С. 3.
  14. а б в Саладоўнікаў А. Гарадская геральдыка Гомеля: гісторыя і сучаснасць // Інвентар : гісторыка-краязнаўчы навукова-папулярны часопіс гомельскага рэгіёна. 2002. № 1. С. 8-11.
  15. Решение Гомельского горисполкома от 16 июля 1997 г. № 802.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]