Брытва Хэнлана
Брытва Хэнлана (англ.: Hanlon’s razor) — прэзумпцыя, згодна з якой пры пошуках прычын непрыемных падзей трэба перш за ўсё дапускаць магчымасць чалавечай памылкі, і толькі потым — нечыя свядомыя зламысныя дзеянні. Звычайна фармулюецца фразай: «Ніколі не прыпісвайце злому намеру тое, што цалкам можна растлумачыць глупствам» (англ.: Never attribute to malice that which can be adequately explained by stupidity). Назва прыдумана па аналогіі з «брытвай Окама».
Паходжанне і падобныя фразы
[правіць | правіць зыходнік]Згаданая фраза ўпершыню з’явілася ў зборніку, прысвечаным закону Мёрфі , «Murphy’s law, book two: more reasons why things go wrong!» (на с. 52), складзеным Артурам Блохам і выдадзеным у 1980 годзе. Аўтарства фразы прыпісваецца Роберту Дж. Хэнлану са Скрантана, штат Пенсільванія. Як паведамляў у 2001 годзе Джозэф Е. Біглер, блізкі сябар Хэнлана, пры падрыхтоўцы зборніка рэдакцыя прасіла людзей дасылаць ім свае ўласныя «законы»; Хэнлан даслаў «брытву», і яе прынялі і надрукавалі ў кнізе, а аўтару падарылі 10 асобнікаў зборніка.
Аднак падобныя выслоўі сустракаюцца ў літаратуры, як мінімум, з XVIII стагоддзя.
У аповедзе Роберта Хайнлайна «Логіка імперыі», апублікаваным у сакавіку 1941 года ў часопісе «Astounding Science-Fiction» (т. 27, № 1, с. 39), ёсць вельмі падобная фраза: «Вы прыпісваеце злачынству стварэнне ўмоў, якія проста з’яўляюцца вынікам глупства» (англ.: You have attributed conditions of villainy that simply result from stupidity). З такой атрыбуцыяй фраза была згаданая ў слоўніку інтэрнэт-слэнгу Jargon File версіі 4.0.0 у 1996 годзе з указаннем, што, магчыма, «брытва Хэнлана» з’яўляецца скажонай «брытвай Хайнлайна». Падобная фраза часта некарэктна прыпісваецца Напалеону Банапарту[1]. Імаверна, крыніцай з’яўляецца думка Гётэ, выказаная ў рамане «Пакуты маладога Вертэра» 1774 года:
…Непаразуменні і нядбайнасць ствараюць больш путаніцы ў гэтым свеце, чым хітрасць і злосць. У любым выпадку, апошнія два, безумоўна, сустракаюцца значна радзей.
Арыгінальны тэкст (ням.)…Mißverständnisse und Trägheit vielleicht mehr Irrungen in der Welt machen als List und Bosheit. Wenigstens sind die beiden letzteren gewiß seltener.
Больш распаўсюджаная і лаканічная версія ў брытанскім варыянце англійскай мовы — «тэорыя „Аблажаліся“» (англ.: Cock-up theory) — была агучана Бернардам Інгамам у выглядзе «Аблажаліся, а не змова» (англ.: Cock-up before conspiracy)[2]:
Многія журналісты вельмі ласыя на тэорыю змовы ўрада. Я вас запэўніваю, іх матэрыялы атрымоўваліся б куды больш дакладнымі, калі б яны цвёрда прытрымліваліся тэорыі, што ўрад аблажаўся.
Арыгінальны тэкст (англ.)Many journalists have fallen for the conspiracy theory of government. I do assure you that they would produce more accurate work if they adhered to the cock-up theory.
Станіслаў Лем у фантастычным рамане «Агляд на месцы» (1982 год) выкарыстаў такую фармулёўку: «Мяркуючы прычынай памылкі не злую думку, але тугадумасць вашу…»
Пісьменнік Кірыл Еськоў фармулюе думку наступным чынам[3]:
…Лягчэй дапусціць, што светам кіруе прадуманае на шмат хадоў наперад ліхадзейства, чым прызнаць відавочнае: светам кіруе гармідар — глупства, поўная некампетэнтнасць і страшэнная, што не ўкладваецца ў галаву, безадказнасць Асоб, якія Прымаюць Рашэнні.
В. А. Пялевіну прыпісваецца фраза: «Светам кіруе не таемная ложа, а відавочная лажа» (1999)[4].
У іншым моўным раздзеле ёсць паўнейшы артыкул Rasoir de Hanlon(фр.) |
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Napoleon Misquoted — Ten Famous Things Bonaparte Never Actually Said . Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2022. Праверана 10 красавіка 2023.
- ↑ Galvin, Nick. Case of a misplaced point (англ.). Brisbane Times (1 верасня 2009). Праверана 26 ліпеня 2024.
- ↑ К. Еськоў. ЦРУ как мифологема Архівавана 1 ліпеня 2012.
- ↑ Анна Наринская «Интервью журналу Эксперт» / Интервью / Виктор Пелевин :: сайт творчества . pelevin.nov.ru. Праверана 26 ліпеня 2024.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]