Быхаўцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб «Магіла»

Быхаўцы — старажытны шляхецкі род герба «Магіла», прадстаўнікі якога займалі дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя з 16 ст. Заснавальнік роду Міцька Быхавец меў сыноў Васіля, Васька і Андрэя. Вялікі князь літоўскі і кароль Польшчы Жыгімонт I Стары дараваў «баярам смаленскім» Васілю і Ваську 12 неаседлых вёсак у Дарсунішскім павеце. Васько ў 1514 стаў уладальнікам яшчэ 8 вёсак. Андрэй у 1536 атрымаў землі ў Троцкім павеце. Быхаўцы таксама валодалі маёнткамі ў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губернях. Найбольш буйныя з іх Лыскава і Магілёўцы з фальваркамі Лібярполь, Гута, Разалін з хутарамі Копан, Палько, Сасенкі і Крупа.

У 1822 у гэтых маёнтках было 1470 сялян. Быхаўцы былі ўладальнікамі папяровай мануфактуры (Лыскава 1711—1724), шклозавода, лесаапрацўчых заводаў, бровараў. У 1835 у кнігі шляхты Гродзенскай губерні ўпісаны Быхаўцы: Ян (сын Ігнація), стрыечны брат Яна Язэп з сынам Адамам, Янам і Аляксандрам. У 1858 у кнігі шляхты Віленскай губерні ўпісаны Казімір (сын Тадэвуша) з сынам Яўхімам і ўнукамі Ежы, Язэпам і Казімірам і Яўхім з сынам Фердынандам. У ЦДГА Беларусі ў Гродне захоўваецца фонд Быхаўцаў, які ўключае 893 адзінкі захоўвання.

Вядомыя прадстаўнікі[правіць | правіць зыходнік]

  • Мікалай (?-?), дэпутат Трыбунала ВКЛ (1589).
  • Крыштоф (?-?), намеснік троцкі (1615).
  • Зміцер[pl] (Дзмітрый, ?-?), сын Мікалая, пісар гродскі троцкі (1615), падчашы троцкі.
  • Язэп (Юзаф, ?-?), дэпутат Трокскага вяводства на Люблінскім трыбунале (1627).
  • Ян (?-1655), сын зміцера, стольнік троцкі, палк. ВКЛ, загінуў у бітве.
  • Войцех[pl] (?-?), пасол троцкі. Падпісаў элекцыю (пагадненне аб галасаванні на элекцыйным сойме) Уладзіслава Вазы з Троцкім ваяводствам (1632).
  • Базыль (? — 1653), меў братоў Януша (памёр 1622) і Аляксандра Пракопа (памёр 1646), віленскі гродскі пісар 1623—1632
  • Міхал (?-?), падстолі і падчашы троцкі, маршалак Трыбунала ВКЛ (1646).
  • Самуэль (?-?), падстароста слонімскі (1658).
  • Мацей[pl] (?-?), пісар земскі троцкі (1671).
  • Міхал (?-?), харужы і пасол троцкі (1678), цівун, харужы і пасол троцкі (1688).
  • Мікалай з Цывіна[pl] (?-?), харужы і пасол троцкі, маршалак Трыбунала ВКЛ, пасол сойма (1680), стольнік інфлянцкі (1716).
  • Самуэль (?—1709), староста люцынскі. У 1689 указам караля Рэчы Паспалітай Яна ІІІ Сабескага асуджаны на вечнае выгнанне (вываланне, баніцыю). У 1693 меў дом у Гродне. Быў жанаты з Хрысцінай з роду Кунцэвічаў-Дэнгоф.
  • Дамінік (?-?), падпісаў элекцыю Аўгуста ІІ Моцнга з Браслаўскім ваяводствам (1697).
  • Якуб (?-?), разам з Янам падпісаў элекцыю Аўгуста ІІ Моцнага з Трокскім ваяводствам (1697).
  • Ян (?-?), скарбнік троцкі. У 1697 разам з Якубам падпісаў элекцыю Аўгуста ІІ Моцнага з Трокскім ваяводствам.
  • Уладзіслаў (?-10.8.1761), сын Самуэля, падчашы менскі (1715), суддзя земскі ваўкавыскі, падстароста Ваўкавыскага павета (1738—1746).
  • Ян (каля 1732-?), сын Ігнацыя, дэпутат Трыбунала ВКЛ (1797—1802), суддзя земскі слонімскі (1802—1808), межавы суддзя слонімскага межавога апеляцыйнага суда (1814—1830), старшыня слонімскага межавога суда (1830—1832).
  • Язэп (Юзаф, ?-?), сын Яна, падстолі ваўкавыскі (1780), камергер караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, краўчы літоўскі (1793). Кавалер ордэна святога Станіслава.
  • Адам Ян Віктар (1796-?), сын Язэпа, член ваўкавыскага апеляцыйнага суда. За ўдзел у паўстанні 1863—1864 арыштаваны ў 1863 і асуджаны ваенна-следчай камісіяй да ссылкі. У 1866 жыў пад наглядам паліцыі ў г. Нараўчат Пензенскай губерні.
  • Аляксандр (?-?), старшыня ваўкавыскага межавога апеляцыйнага суда. У яго бібліятэцы ў 1820-я гады захоўвалася Хроніка Быхаўца.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]