Перайсці да зместу

Білоксі (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Білоксі
(Tanêksa)
Першапачатковая тэрыторыя распаўсюджання мовы білоксі
Агульная колькасць 951 (разам з туніка, 2010 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова білоксі
Рэлігія шаманізм, татэмізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы катоба, магчыма ючы

Білоксі (саманазва: Tanêksa) — індзейскісіўанскі народ на поўдні ЗША. У нашы дні аб’яднаны ў індзейскую нацыю туніка-білоксі (951 чал. у 2010 г.).

Назва білоксі паходзіць ад слова ąyaaxi (літаральна «шаман»).

Білоксі маглі мігрыраваць на паўднёвы захад з усходняга ўзбярэжжа сучасных ЗША яшчэ ў перыяд Місісіпскай культуры. У канцы XVII ст. яны жылі ў прыбярэжных вёсках, хаціны будавалі з гліны, займаліся земляробствам і паляваннем. На чале народа стаяў першасвятар Yaaxitąąyą, якому падпарадкоўваліся правадыры ixi. Быў распаўсюджаны звычай муміфікацыі высакародных нябожчыкаў. Падчас даследаванняў у канцы XIX ст. было выяўлена, што ў мінулым білоксі падзяляліся на 3 роды і вялі адлік сваяцтва па матчынай лініі.

Білоксі сталі вядомы ў 1699 годзе, калі на паўночным беразе Мексіканскага заліва недалёка ад іх паселішчаў (сучасны штат Місісіпі) высадзіліся французскія каланісты. За 2 гады да гэтага сярод білоксі адбылася эпідэмія воспы, у выніку якой іх шэрагі значна скараціліся.

У XVIII ст., відавочна пад уплывам каталіцкіх місіянераў, білоксі спачатку перасяліліся на памежжа Луізіяны і Тэхаса, а потым разам з новымі саюзнікамі туніка аселі недалёка ад вусця Рэд-Рывер. Праз асіміляцыю яны хутка страцілі многія рысы традыцыйнай культуры. У 1934 годзе памерла Эма Джэксан, апошняя жанчына, што размаўляла на мове білоксі.

У 1981 годзе была створана рэзервацыя туніка-білоксі, якая мае самакіраванне.