Індзейская рэзервацыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Індзейскія рэзервацыі ў кантынентальных ЗША

Індзе́йская рэзерва́цыяЗША: англ.: Indian reservation; у Канадзе: англ.: Indian reserve, фр.: Réserve indienne) — афіцыйна вызначаная тэрыторыя ў ЗША і Канадзе, якая кіруецца індзейскім племем.

У залежнасці ад статуса або традыцыі рэзервацыя можа таксама мець назву ранчэрыя (англ.: ranchería, rancheríe на захадзе ЗША і Канады), калонія (англ.: colony у Невадзе), туземная вёска (англ.: Native Village на Алясцы), хоўмленд (англ.: Home land, Гаваі).

Рэзервацыямі часцяком называюць індзейскія тэрыторыі з розным прававым статусам у краінах Лацінскай Амерыкі.

ЗША[правіць | правіць зыходнік]

У ЗША землі індзейскіх рэзервацый і іншых тэрыторый, што знаходзяцца пад кіраваннем індзейскіх супольнасцей, уваходзяць у склад так званай краіны індзейцаў (англ.: Indian country). Вылучаюць наступныя тыпы рэзервацый:

  • Федэральна прызнаныя рэзервацыі ў колькасці 334 займаюць 1,3% ад усіх федэральных тэрыторый ЗША
  • Племянныя тэрыторыі, што прызнаюцца федэральным урадам, але не вызначаюцца як рэзервацыі, у колькасці 4
  • Рэзервацыі, прызнаныя штатамі ў колькасці 30
  • Туземныя вёскі Аляскі, што маюць плошчу ад 2,7 км² да 15 584,73 км² і ўключаюць паселішчы эскімосаў і алеўтаў
  • Племянныя тэрыторыі Аклахомы
  • Гавайскія хоўмленды

Характэрна, што не кожнае з 573 афіцыйна прызнаных плямёнаў мае ўласную рэзервацыю — некаторыя плямёны маюць некалькі рэзервацый, некаторыя не маюць ніводнай. Этнічны склад насельніцтва рэзервацыі можа быць змяшаным, аднак яе насельнікі вызначаюцца як адно племя або нацыя. Індзейцам і іншым абарыгенам ЗША дазваляецца жыць па-за межамі рэзервацый, прычым гэтым правам карыстаецца большасць з іх.

Федэральна прызнаныя рэзервацыі і племянныя тэрыторыі[правіць | правіць зыходнік]

Рэзервацыя сенека ў штаце Нью-Ёрк

Існаванне сучасных федэральна прызнаных рэзервацый і племянных тэрыторый фарміравалася ў выніку прыняцця законаў 1887 г. і 1934 г., якія вылучылі агульныя правілы надання зямель для рэзервавання, карыстання імі, унутранага самакіравання і адміністрацыйнага нагляду. Федэральна прызнаныя плямёны вызначаюцца як юрыдычныя асобы, з якімі федэральны ўрад мае адпаведныя пагадненні. Для набыцця статуса федэральнага прызнання патрабуецца асобны закон, прыняты Кангрэсам, пастанова суда або праходжанне працэса адміністрацыйных працэдур, вызначаных правіламі 1994 г.

Федэральны ўрад ЗША здзяйсняе давернае кіраванне рэзервацыямі праз спецыяльнае агенцтва Бюро індзейскіх спраў (БІС, англ.: Bureau of Indian Affairs), якое плануе землекарыстанне і зямельнае занаванне, арганізуе перагаворы аб арэндзе, лесанарыхтоўках і здабычы карысных выкапняў. Такім чынам федэральны ўрад з'яўляецца апекуном уласнасці плямёнаў, але не апекуном саміх індзейцаў. Улады штатаў і мясцовыя органы кіравання таксама маюць права вельмі абмежаванага ўдзелу ў кіраванні рэзервацыямі, калі гэта істотна закранае іх інтарэсы.

Паводле закона 1934 г. унутраная палітыка рэзервацыі будуецца згодна праў на самакіраванне і абмежаваны суверэнітэт. Абмежаванасць ствараюць раней заключаныя дагаворы паміж федэральным урадам і племем. Падобна штатам ЗША, рэзервацыі не могуць абвяшчаць і самастойна ўдзельнічаць у вайне, мець знешнепалітычныя стасункі і свае грошы. Жыхары многіх рэзервацый вызначаюць сябе як суверэнныя нацыі, маюць унутраныя Канстытуцыі, грамадзянства, заканадаўства, урады, суды, паліцыю і г. д.

Насельнікі рэзервацый не выплочваюць федэральныя падаходныя падаткі за мэтанакіраванае карыстанне зямлёй знутры рэзервацыі, даходы, атрыманыя ад федэральнага ўрада, мясцовыя падаткі на нерухомасць, падаткі штатаў з продажу.

Рэзервацыі, прызнаныя штатамі[правіць | правіць зыходнік]

Прававы статус рэзервацый, прызнаных асобнымі штатамі, рэгуляюцца дагаворамі паміж рэзервацыяй і штатам. Звычайна такія рэзервацыі ўваходзяць у сферу адказнасці губернатара штата.

Туземныя вёскі Аляскі[правіць | правіць зыходнік]

У 1924 г. абарыгеннае насельніцтва Аляскі атрымала права грамадзянства ЗША. У 1936 г. — права на самакіраванне.

Пасля абвяшчэння асобнага штата Аляска ў 1959 г. улады штата выкарысталі дазвол абвяшчаць сваёй маёмасцю землі, што не былі прыватнымі або не ўваходзілі ў склад населеных пунктаў. У выніку штат нацыяналізаваў каля 423 тысячы км². Значную частку гэтых зямель індзейцы, эскімосы і алеўты лічылі сваімі племяннымі тэрыторыямі.

У 1971 г. быў прыняты закон аб урэгуляванні зямельных прэтэнзій карэннага насельніцтва. Яму перадавалася ў агульнае карыстанне каля 180 тысяч км² і грашовая кампенсацыя. На гэтай тэрыторыі ўзнаўлялася абшчыннае традыцыйнае кіраванне. З 1979 г. дзейнічаюць міжплемянныя суды.

Нягледзячы на назву "вёска", туземныя вёскі — гэта не сельскія населеныя пункты, а пэўныя тэрыторыі, дзе дзейнічае абшчыннае кіраванне карэнных народаў, і якія могуць уключаць часткі гарадоў. Прававы статус туземных вёсак блізкі да федэральна прызнаных рэзервацый.

Племянныя тэрыторыі Аклахомы[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі сучаснай Аклахомы здаўна жылі індзейскія народы, аднак з канца XVIII ст. сюды сталі мігрыраваць індзейцы з усходніх тэрыторый ЗША для захавання традыцыйнага ладу жыцця. Закон 1830 г. зрабіў міграцыю чэрокі, чакто, семінолаў, маскогі і чыкасо абавязковым. Прадстаўнікі гэтых народаў атрымоўвалі грашовую кампенсацыю і перасяляліся на вызначаныя тэрыторыі, дзе захоўвалі традыцыйныя законы і ўладу. Практыкавалася і прымусовае высяленне, што суправаджалася ахвярамі (гл. Дарога слёз). У апошняй трэці XIX ст. адбывалася прымусовае і добраахвотнае перасяленне індзейцаў з астатняга Захаду ў створаныя пад кантролем ваенных рэзервацыі.

У 1905 г. планавалася стварыць асобны індзейскі штат Секвоя, але ў 1907 г. быў абвешчаны штат Аклахома, назва якога паходзіць з мовы чакто. У нашы дні гэты штат займае трэцяе месца ў ЗША па колькасці індзейскага насельніцтва пасля Аляскі і Каліфорніі. Фармальна статус рэзервацый ніколі не адмяняўся федэральнымі ўладамі ЗША, але ў 1907 - 1936 гг. тэрыторыі, што знаходзіліся пад кантролем плямён, фактычна былі падзелены на прыватныя і абшчынныя, заахвочвалася перасяленне іншых, у тым ліку чарнаскурых мігрантаў. У 1936 г. самакіраванне плямён было ўзноўлена, вылучаны тэрыторыі іх юрыдычнай адказнасці. Выключэнне склаі землі осэйдж. Яны захоўваюць статус рэзервацыі, прызнанай федэральным урадам.

Гавайскія хоўмленды[правіць | правіць зыходнік]

Гавайцы — карэннае насельніцтва Гавайскіх астравоў палінезійскага паходжання. Хаця яны не з'яўляюцца індзейцамі, іх прававы статус роўны з апошнімі. Гавайскія хоўмленды пачалі старацца пасля прыняцця 9 ліпеня 1921 г. Кангрэсам ЗША адпаведнага закона, паводле якога карэнныя гавайцы атрымалі ў карыстанне 810 км² зямель на Гавайскіх астравах на неабмежаваны тэрмін для самазабеспячэння, самавызначэння, захавання каштоўнасцей, традыцый і культуры. З 1960 г. першасную адказнасць за кіраванне хоўмлендамі мае асобны дэпартамент хоўмлендаў Гаваяў, аднак значныя наглядныя абавязкі захоўвае федэральны ўрад ЗША. Унутранае кіраванне належыць абшчынам саміх гавайцаў.

Канада[правіць | правіць зыходнік]

У 2017 г. у рэзервацыях жыло 44,2% карэннага насельніцтва Канады. Усяго налічваецца 2267 рэзервацый агульгай плошчай 2,6 млн га (0,2% тэрыторыі Канады). Большасць з іх знаходзіцца ў правінцыі Брытанская Калумбія (1606 рэзервацый агульнай плошчай 353 324,2 км²), але найбольшая плошча пад рэзервацыі вылучана ў правінцыі Антарыа (189 рэзервацый агульнай плошчай 709 985,8 км²). Да рэзервацый не адносяцца так званыя традыцыйныя тэрыторыі, на якіх жыхары рэзервацый вядуць гаспадарчую дзейнасць, а таксама абшчыны індзейцаў і інуітаў на паўночных тэрыторыях, што месцяцца на дзяржаўных землях, маюць самакіраванне, але не статус рэзервацый.

У Канадзе прававы статус рэзервацый вызначаецца Індзейскім актам, які быў прыняты ў 1876 г., але пасля гэтага шмат разоў змяняўся. Землі рэзервацый з'яўляюцца дзяржаўнай маёмасцю, таму іх выкарыстанне і здабыча карысных выкапняў рэгулююцца федэральным Дэпартаментам адносін дзяржавы з карэнным насельніцтвам і паўночных спраў (англ.: Crown-Indigenous Relations and Northern Affairs).

У Канадзе афіцыйна прызнана больш за 550 груп абарыгенаў, якія маюць права на самакіраванне. Звычайна кожнай групе належаць адна або некалькі рэзервацый. У апошнім выпадку яны кіруюцца агульнай адміністрацыяй. Аднак здараюцца выпадкі, калі ў адной рэзервацыі суіснуюць некалькі груп. У Канадзе традыцыйнае самакіраванне індзейцаў было адменена. Галоўнымі органамі самакіравання з'яўляюцца рады. Яны выбіраюцца ўсімі дарослымі чальцамі груп.

Закон аб ахове прыроды Канады (1999 г.) абавязвае федэральны ўрад і ўрады правінцый і тэрыторый клапаціцца аб навакольным асяроддзі супольна з органамі самакіравання карэннага насельніцтва.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]