Бітва на Сініх Водах (1362)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва на Сініх Водах
Асноўны канфлікт: Мангола-татарскія набегі
Дата 1362
Месца Сінюха (зараз Украіна)
Вынік Перамога Вялікага Княства Літоўскага
Праціўнікі
Flag of the Grand Duchy of Lithuania 1578.svg Вялікае Княства Літоўскае Golden Horde flag 1339.svg Залатая Арда
Камандуючыя
Альгерд Кутлубуга, Хаджы-бей, Дэмір-бей
Сілы бакоў
н/д н/д
Страты
н/д н/д
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бітва на Сініх Водах — бітва, якая адбылася восенню 1362 года паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага і аб’яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў на р. Сінія Воды (Сінюха, Снівада; левы прыток Паўднёвага Буга). Бітва была галоўнай падзеяй y наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўднёва-заходняй Русі.

Вялікі князь літоўскі Альгерд хадзіў у карны паход на тых семярых ханаў падольскіх татараў — сваіх саюзнікаў у канфлікце з Польшчай, якія ў 1356 годзе ўзялі бок польскага караля Казіміра. У 1362 годзе ён, выкарыстаўшы паляпшэнне адносін з Польшчай і крыжакамі, выступіў супраць ардынскага панавання ў міжрэччы Дняпра і Дуная. Яго войска было сабрана ў Вялікім Княстве Літоўскім, папоўнена на Валыні і Кіеўшчыне. Восенню Альгерд з войскам рушыў з Кіева на заходняе Падолле.

Войска татар, якое ўзначалілі князі Кутлубуг, Качубей (Качыбей, Хачыбей) і Дзімітр — «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі», падзялялася на 3 часткі. Альгерд свае 6 палкоў паставіў y лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было зламана і яны ратаваліся ўцёкамі. У час пагоні быў захоплены абоз ардынцаў. Асабліва вызначыліся ў бітве ратнікі з Новагародка, якімі камандавалі князі Карыятавічы.

Гэтая перамога аддала Альгерду ўсё Падолле, а ў стратэгічным выніку — і Кіеўшчыну. На Падоллі пасля бітвы былі заснаваныя гарады Смотрыч, Бакота, Камянец-Падольскі, Вінніца, Сакалінцы, Скала.

Бітва адбылася, відаць, над ракой Снівада[1] паміж вёскамі Уланіў, Вароніўці, Лозна, Пуставійты і Чэрнятынці на тэрыторыі сучаснага Хмяльніцкага раёна на паўночным захадзе Вінніцкай вобласці[2].

Альгерд, разбіўшы татараў на Сініх Водах, авалодаў невялікім паселішчам Хмельнік. Яно знаходзілася за шэсць кіламетраў ад Чорнага Шляха, якім рухаліся татарскія орды на захад, і было варотамі на Падолле з поўначы. Гэта перамога Альгерда фактычна аднавіла пасля 120 гадоў валадарства татара-манголаў свабоду праваслаўнай Кіеўскай Русі, гэта значыць цяперашняй Украіны, і тым самым паклала пачатак складанню своеасаблівай заходнерускай культуры, якая потым стала культурай украінцаў.

Таксама існуе прывязка месца бітвы да ракі Сінюхі (Кіраваградчына)[3].

Зноскі

  1. Прыток Паўднёвага Буга, цячэ на паграніччы Валыні, Кіеўшчыны і Падолля. Паводле думкі В. Б. Антановіча і М. С. Грушэўскага.
  2. https://sinie-vody-blog.tumblr.com/
  3. Паводле думкі Ф. М. Шабульдо  (укр.).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мікола Ермаловіч. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. — Гіст. дасл. — Мн.: Выд. цэнтр "Бацькаўшчына": МП "Бесядзь", 1994. — 91 с. ISBN 985-6026-01-6.
  • Уладзімір Цімашэнка, Мікола Ліннік. Дзе была ў 1362 годзе бітва войска Вялікага Княства Літоўскага з татарамі: на Снівадзе ці Сінюсе? // Наша слова, № 41, 17 кастрычніка 2007.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).