Перайсці да зместу

Бітва пад Мсціславам (1501)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Бітва пад Мсціславам, 1501)
Мсціслаўская бітва
Асноўны канфлікт: Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500—1503 гадоў
Дата 4 лістапада 1501
Месца Мсціслаў
Вынік перамога маскоўскага войска
Праціўнікі
Вялікае Княства Літоўскае Вялікае Княства Маскоўскае
Камандуючыя
Аляксандр Растоўскі
Сямён Варанцоў
Міхаіл Заслаўскі
Астафей Дашкевіч

Бітва пад Мсціславам адбылася 4 лістапада 1501[1] года ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500—1503 гадоў.

У другой палове 1501 года вялікі князь маскоўскі Іван III прадпрыняў наступ на ўсходзе Беларусі, карыстаючыся адсутнасцю ў ВКЛ вялікага князя Аляксандра, які быў выбраны каралём польскім і выехаў у Польшчу.

Групоўка маскоўскіх войскаў была сканцэнтравана ў Старадубе, дзе акрамя войскаў мясцовых князёў Сямёна Старадубскага і Васіля Шамячыча, былі сабраны войскі на чале з вялікакняжацкімі ваяводамі князямі Аляксандрам Растоўскім, Сямёнам Варанцовым і інш. Каб паспрыяць маскоўскаму наступленню на Смаленск, яны былі накіраваны на Мсціслаў, куды падышлі 4 лістапада 1501 года. Насустрач ім з горада выйшлі войскі ВКЛ на чале з князём Міхаілам Заслаўскім і ваяводам Астафеем Дашкевічам.

У бітве перамаглі маскоўскія войскі. Паводле маскоўскіх крыніц, было забіта 7 тысяч чалавек з літоўскага войска, што з’яўляецца відавочным перабольшваннем. Рэшткі літоўскага войска, страціўшы ўсе сцягі[2], на чале з князем Заслаўскім замкнуліся ў замку. Праз упартае супраціўленне абаронцаў, узяць Мсціслаў маскоўскія войскі не здолелі і пасля спалення пасадаў і спусташэння ваколіц горада адышлі назад з вялікім палонам.

Зноскі

  1. Дата 1502 года (Ткачоў), відавочна, памылковая. Сустракаецца прывязка бітвы да дня 14 лістапада (Разін).
  2. Волкаў.