Васіль Мельяновіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васіль Мельяновіч
Род дзейнасці беларускі грамадскі дзеяч на эміграцыі
Дата нараджэння 28 жніўня 1934(1934-08-28)
Месца нараджэння
Дата смерці 6 кастрычніка 2004(2004-10-06) (70 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Месца працы
Альма-матар
Член у

Васіль (Вацлаў) Мельяновіч (28 жніўня 1934, в. Азярніца Лунінецкага павета Палескага ваяводства, сёння Лунінецкі раён — 6 кастрычніка 2004, Кліўленд) — беларускі грамадскі дзеяч на эміграцыі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З 1944 года — у Германіі, працаваў на фабрыцы. Пасля Другой сусветнай вайны быў у лагерах ДП. Вучыўся ў беларускіх гімназіях у Віндышбергердорфе, Міхельсдорфе і Розенгайме. Браў удзел у беларускім скаўтынгу.

З 1950 года жыў у ЗША. Не маючы грошай на вучобу, у 1954 годзе пайшоў у амерыканскае войска. Служыў быў у зоне Панамскага канала, у іншых гарачых пунктах планеты. Звольніўшыся з войска ў сакавіку 1956 года, паступіў ва ўніверсітэт. У 1963 годзе атрымаў дыплом інжынера ў Нью-Ёркскім гарадскім каледжы.

У 1961—1963 гадах быў старшынёй Нью-Ёркскага аддзела ЗБМА, уваходзіў у рэдкалегію «Biuleteniu ZBMA» (1958), пазней — член рэдкалегіі часопіса «Беларуская моладзь». У 1963 годзе пераехаў у штат Мэрыленд, працаваў у найбуйнейшай амерыканскай кампаніі ў галіне сувязі AT&T. Атрымаўшы ступень магістра ўніверсітэта Джорджа Вашынгтона (г. Вашынгтон) у менеджменце, пачаў выкладаць у Кейтансвільскім каледжы (Мэрыленд).

Заступнік старшыні Агульнаамерыканскай асацыяцыі этнічных груп (1970-я), узначальваў Асацыяцыю ўсходнееўрапейскіх даследаванняў у штаце Мэрыленд, быў старшынёй Беларускай рэспубліканскай секцыі ў штаце Мэрыленд (ад 1973) і Федэрацыі Беларускіх рэспубліканскіх клубаў (ад 1982). У 1984 годзе на Канферэнцыі рэспубліканскіх этнічных груп быў абраны ў органы Федэрацыі этнічных рэспубліканскіх груп Амерыкі. Сустракаўся з прэзідэнтамі Рональдам Рэйганам, Джорджам Бушам-старэйшым.

Член Савета дырэктараў беларускага цэнтра адпачынку «Бэлэр-Мінск». Працаваў беларускамоўным гідам на амерыканскіх выставах у Мінску (1989) і Брэсце (1991). У першы прыезд, у 1989 годзе, савецкія ўлады не дазволілі яму наведаць родную вёску[1]. Першы з беларусаў ЗША атрымаў дыпламатычны пашпарт. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 1988 года быў нацыянальным старшынёй акцыі «Беларусы за Буша». У 1998 годзе пераехаў у Кліўленд і далучыўся да жыцця мясцовай беларускай грамады. Аўтар шэрагу артыкулаў на прафесійныя і грамадскія тэмы ў амерыканскіх выданнях.

Пасля атрымання незалежнасці жыў на два дамы: адзін у ЗША, а другі — у Мінску. Хаця і дома ў традыцыйным разуменні ў яго ніякага не было — здымаў сціплую кватэру і марыў, што некалі прыдбае ў ваколіцах Мінска катэдж. Планаваў адкрыць уласную фірму, якая дапамагала б беларусам асвойваць азы бізнесу, менеджменту, збіраўся чытаць лекцыі. Але не атрымалася. Адзінае, што зрабіў, — правёў за свой кошт лінію электраперадач на аддалены хутар ля Лунінца, дзе дасюль пры газавай лямпе жыла яго сваячка.

Пазней беларускія ўлады забаранілі Мельяновічу ўезд у краіну.

Узброены шматгадовым досведам удзелу ў прэзідэнцкіх і іншых выбарчых кампаніях, ён прапаноўваў беларускай апазіцыі свае паслугі і бываў глыбока абражаны, калі заставаўся незапатрабаваным.

У канцы 1990-х гадоў прадаў вялікі дом з друкарняй у штаце Мэрыленд і перабраўся ў штат Агая, бліжэй да культурнага цэнтра «Полацк».

Пасля смерці яго жонка, беларуская журналістка і мастачка Таццяна Антонава-Мельяновіч, пахавала урну з Васілёвым прахам у Азярніцы, побач з магілай яго дзеда[2].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]