Перайсці да зместу

Выставачны павільён «МінскЭкспа»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Выставачны павільён «МінскЭкспа»
53°55′41″ пн. ш. 27°31′15″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктар Л. Маскалевіч, Г. Ласкавая, Г. Федасенка, В. Капылоў
Будаўніцтва 19831988 гады
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Выставачны павільён «МінскЭкспа» — будынак у Мінску, размешчаны на рагу праспекта Пераможцаў і Арлоўскай вуліцы, каля плошчы Дзяржаўнага Сцяга. Пабудаваны ў 1988 годзе, перабудаваны ў 2013 годзе па праекце архітэктара А. Вішнеўскага[1].

Рашэнне аб будаўніцтве ў Мінску новага комплексу для правядзення міжнародных выставак (да гэтага існаваў толькі павільён ВДНГ на вуліцы Янкі Купалы) прынялі ў 1975 годзе. Фінансаванне ажыцяўлялася за кошт саюзных і рэспубліканскіх сродкаў, дзяржзаказ на аб’ект атрымаў інстытут «Мінскпраект»[2]. Над аб’ектам працавалі архітэктары Л. Маскалевіч, Г. Ласкавая, Г. Федасенка, В. Капылоў[3] і інжынеры Л. Б. Валчэцкі[1] і С. Майсеева.

Мінпрамбуд БССР выдаў тэхнічнае заданне запраектаваць каркасны павільён на апорных калонах. Але архітэктары не пагадзілся з такім рашэннем і здолелі пераканаць заказчыка, дырэктара будучага комплексу, адмовіцца да калон. У выніку была запраектавана ўнікальная па тых часах сістэма перакрыцця павільёна ў выглядзе гіпербалічных парабалоідаў (пялёсткаў), паміж якімі нацягваўся металічны каркас (ванты) і бетанаваўся[4]. Паколькі гэта было першае ў краіне збудаванне, выкананае ў вантавых канструкцыях, узніклі праблемы з атрыманнем дазволу на яго ўзвядзенне ў Мінпрамбудзе і Дзяржплане БССР[2].

Будынак узведзены ў 1983—1988 гадах. Пад выставачны комплекс адвялі 12 гектараў. Ён мусіў складацца з выставачнага павільёна на 5 тысяч квадратных метраў экспазіцыйных плошчаў і некалькіх іншых будынкаў агульнай плошчай яшчэ 12 тысяч квадратных метраў. Але была рэалізаваная толькі першая чарга з выставачным павільёнам[2].

Паводле задумы архітэктараў, дах мусіў мець зялёнае адценне, каб узмацніць падабенства з раслінай, але ўзніклі цяжкасці з дастаўкай спецыяльных аддзелачных матэрыялаў з-за мяжы, і дах зрабілі чорным[4].

Стэла з Меркурыем

Перад будынкам была пастаўлена стэла з гадзіннікам і скульптурай Меркурыя. Вакол скульптурнай кампазіцыі адводзілася месца для паркоўкі аўтатранспарту. Музыку для гадзінніка напісаў Ігар Лучанок, аднак, яны так ніколі не зайгралі. Не быў рэалізаваны і трохпялёсткавы фантан у падножжа стэлы[2]. У красавіку 2013 года стэла была дэмантавана пры ўзвядзенні на гэтым месцы плошчы Дзяржаўнага Сцяга. Планавалася, што скульптуру ўсталююць перад новым будынкам выставачнага павільёна па вуліцы Кіжаватава[5].

Зноскі