Перайсці да зместу

Віктар Валер’евіч Крыўко

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Біятлон
Віктар Крыўко
Поўнае імя Віктар Валер’евіч Крыўко
Нарадзіўся 13 верасня 1995(1995-09-13) (29 гадоў)
Грамадзянства Сцяг Беларусі Беларусь
Рост/Вага 180 см / 75 кг

Ві́ктар Вале́р’евіч Крыўко́ (нар. 13 верасня 1995, Сянно, Віцебская вобласць) — беларускі біятланіст, удзельнік Кубка свету ў складзе зборнай Беларусі, двухразовы чэмпіён Еўропы сярод юніёраў. Майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

Юніёрская кар’ера

[правіць | правіць зыходнік]

Займаўся біятлонам з 2003 года ў школе «Алімпіец» горада Сянно, дзіцячым трэнерам быў Валерый Міхайлавіч Лектараў. Скончыў Наваполацкае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву[1]. Асабісты трэнер у цяперашні час — Лешчанка Васіль Міхайлавіч.

У міжнародных спаборніцтвах высокага ўзроўню ўдзельнічае з 2012 года. На чэмпіянаце свету сярод юніёраў 2012 года ў Кантыялахці, у катэгорыі 19-гадовых быў чацвёртым у спрынце, 17-м у пераследванні, 21-м у індывідуальнай гонцы і шостым у эстафеце. Таксама ў 2012 годзе ўдзельнічаў у зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях, заняў 13-е месца ў спрынце і дзесятае ў змешанай эстафеце. На Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі ў 2013 годзе стаў бронзавым прызёрам у спрынце[2].

У 2014 годзе на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў у Нове-Места-на-Мораве заняў 18-е месца ў спрынце і 17-е ў гонцы пераследвання, а ў змешанай эстафеце зборная Беларусі адстала на круг. У індывідуальнай гонцы Віктар паказаў трэці вынік, але быў дыскваліфікаваны з-за ўмяшання беларускіх трэнераў у працэс гонкі.

У 2015 годзе на юніёрскім чэмпіянаце свету ў Раўбічах стаў шостым у індывідуальнай гонцы, 24-м — у спрынце і пятым у эстафеце.

У 2016 годзе прымаў удзел у чэмпіянаце свету сярод юніёраў у Кейле-Грэдзішцей, дзе двойчы быў дзесятым — у спрынце і пасьюце, а ў індывідуальнай гонцы — 27-м. На чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў 2016 года ў Паклюцы, Віктар выйграў два залатыя медаля — у індывідуальнай гонцы і спрынце[3], а ў гонцы пераследвання з-за няўдалай стральбы адкаціўся на восьмае месца.

Дарослая кар’ера

[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютаваў у Кубку IBU у лістападзе 2013 года на этапе ў Ідры, дзе заняў 78-е месца ў спрынце. У тым жа сезоне на этапе ў Рыднаў упершыню набраў ачкі, заняўшы 38-е месца ў спрынце. Лепшым вынікам Віктара на Кубку IBU з’яўляецца восьмае месца ў спрынце на этапе ў Рыднаў у сезоне 2015/16.

У 2016 годзе Віктар Крыўко прымаў удзел у чэмпіянаце Еўропы сярод дарослых, заняў дзесятае месца ў спрынце, 11-е — у гонцы пераследвання, 15-е — у мас-старце і дзевятае — у сінгл-міксце.

На ўзроўні Кубка свету дэбютаваў у студзені 2015 года на этапе ў Оберхофе. У эстафеце зборная Беларусі, якая выступала эксперыментальным складам, не фінішавала з-за адставання на круг, а ў спрынце Крыўко заняў 68-е месца. У наступны раз Віктар прыняў удзел у гонцы Кубка свету толькі праз год, у лютым 2016 года на этапе ў Кэнмары, дзе стаў 53-м у спрынце.

Асабістае жыццё

[правіць | правіць зыходнік]

Вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Сястра, Ірына Крыўко, таксама займаецца біятлонам і выступае за зборную Беларусі. Віктар выхоўваўся ў няпоўнай сям’і, маці Людміла Браніславаўна — выхавальніца дзіцячага саду. Не жанаты, ёсць дзяўчына.

Палітычныя погляды

[правіць | правіць зыходнік]

Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе[4][5].

Зноскі

  1. Выпускнікі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2016. Праверана 20 сакавіка 2018.
  2. Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль.
  3. Віктар Крыўко выйграў другое золата юніёрскага чэмпіянату Еўропы па біятлоне Архівавана 24 сакавіка 2016.
  4. Стало известно, кто подписал открытое письмо спортсменов, выступающих за власть (руск.)(недаступная спасылка) (24 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 24 лістапада 2020. Праверана 24 лістапада 2020.
  5. Подписи. Праверана 8 снежня 2020.