Вітольд Карпыза

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вітольд Карпыза
Партрэт
Род дзейнасці краязнавец, грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 28 жніўня 1913(1913-08-28)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 сакавіка 2009(2009-03-03) (95 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
кавалер ордэна Адраджэння Польшчы сярэбраны крыж Заслугі з мячамі Medal of the National Education Commission

Вітольд Карпы́за (польск.: Witold Karpyza; 28 жніўня 1913, вёска Жынаўцы, Ваўкавыскі павет Гродзенскай губерні, Расійская імперыя — 3 сакавіка 2009, Гожаў Велькапольскі, Польшча) — польскі настаўнік, краязнавец, грамадскі дзеяч.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Жынаўцах каля Шылавічаў, Цярэшак, Чырвонага Груда, Вярэйкаў[1] (паводле іншых звестак — у Зіняўцах[2]). Бацька — афіцэр Пётр Карпыза; маці — Браніслава з Рашчэўскіх.

У 1930 годзе, па заканчэнні сярэдняй школы, паступіў у Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, а пасля яе закрыцця працягнуў навучанне ў Гродна. Скончыў настаўніцкую семінарыю з дыпломам настаўніка пачатковай школы.

Першым месцам працы маладога настаўніка стала школа імя Юзафа Пілсудскага ў Росі. Пасля акупацыі вёскі савецкімі войскамі ў пачатку Другой сусветнай вайны працягнуў працу ў школе на польскай мове. За нямецкім часам працаваў бухгалтарам на малочнай вытворчасці і адначасна заняўся нелегальнай дзейнасцю ў шэрагах Арміі Краёвай, быў падпольным камендантам Росі. Скончыў падпольную школу падхарунжых. У 1944 годзе па рашэнні кіраўніцтва польскага войска ў Лондане быў адзначаны Срэбным крыжам Заслугі з мячамі і атрымаў званне падпаручніка.

У 1945 годзе з’ехаў з Беларусі і пасяліўся ў Гожаве Велькапольскім. Тут таксама займаўся выкладаннем, арганізаваў і камандаваў гуфам харцараў. Скончыўшы матэматычны факультэт Педагагічнага ўніверсітэта ў Гданьску, атрымаў магчымасць выкладаць таксама і матэматыку. Выкладаў у педагагічным ліцэі з часу яго заснавання ў 1950 годзе. Пасля яго закрыцця ў 1970 годзе перайшоў у комплекс кулінарных школ.

Пасля выхаду на пенсію ў 1973 годзе працягваў працаваць у Ваяводскай бібліятэцы Гожава. Уганараваны Кавалерскім крыжам ордэна адраджэння Польшчы[3].

Памёр 3 сакавіка 2009 года ў сваім ложку ў доме састарэлых у Гожаве. Пахаваны на алеі Заслужаных на камунальных могілках па вуліцы Жвіровай[3].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Хоць з 1945 года Вітольд Карпыза жыў у Польшчы, аднак ніколі не забываўся на сваю малую радзіму. Быў выбітным знаўцам гісторыі Ваўкавышчыны. Вынікі яго навукова-даследчай працы складаюць 27 тамоў рукапісаў па гісторыі Ваўкавыска і павета, заснаваных на вывучэнні вялізнай колькасці крыніц з архіваў Польшчы, Беларусі, Літвы, а таксама навуковай і хранікальнай літаратуры. У складанні тэкстаў Вітольду Карпызу дапамагалі знаёмыя, журналісты, былыя жыхары Ваўкавышчыны; сам ён дзяліўся сваімі звесткамі пра Ваўкавыскі павет з Раманам Афтаназы і іншымі гісторыкамі і краязнаўцамі. Ва ўзросце 92 гадоў засвоіў працу з камп’ютарам, каб палегчыць сабе працу. Аўтар чатырохтомавай працы пра ваўкавыскія землі «Ziemia Wołkowyska» (апошні том выдадзены ўжо пасля яго смерці). Чатыры рукапісныя тамы ўспамінаў паводле яго запавету перададзеныя бібліятэцы Асалінеум ва Уроцлаве.

Напісаў таксама некалькі прац, прысвечаных гісторыі Гожаўскай зямлі.

Шмат часу прысвячаў маляванню, асабліва графіцы. Пакінуў па сабе каля 300 графікаў і акварэляў, на якіх адлюстраваныя архітэктанічныя і гістарычныя славутасці Ваўкавышчыны і ваколіц. У 1995 годзе Таварыства сем’яў Ваўкавыскай зямлі ў Гданьску, членам якое з’яўляўся і Карпыза, выдала альбом яго малюнкаў з кароткімі анатацыямі «Z teki rysunkowej Witolda Karpyzy — Zabytki Ziemi Wołkowyskiej». Шмат якія з малюнкаў адлюстроўваюць ужо няісныя славутасці Ваўкавышчыны: каталіцкія і праваслаўныя святыні, палацы, шляхецкія двары.

Заснаваў і стаў першым кіраўніком аддзялення Польскага турыстычнага таварыства ў Гожаве Велькапольскім. Быў адным з заснавальнікаў Гожаўскага аддзялення Польскага гістарычнага таварыства.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Witold Karpyza. Ziemia Wołkowyska. — Lębork, 2005―2009.
  • Materiały do dziejów szkolnictwa i oświaty w północno-zachodniej części powiatu wołkowyskiego // Studia Wratislaviensia
  • Z teki rysunkowej Witolda Karpyzy — Zabytki Ziemi Wołkowyskiej (альбом малюнкаў)
  • Wspomnienia o początkach harcerstwa w Gorzowie Wlkp (lata 1945—1949)

Зноскі

  1. Albina Siemianczuk, Giennadź Siemianczuk. Witold Karpyza — kronikarz Ziemi Wołkowyskiej (польск.) . Głos znad Niemna. Witryna Związku Polaków na Białorusi (15 сакавіка 2009). Праверана 9 красавіка 2012.
  2. Лявон Карповіч. Ад крыніц да крыніц. Masty Wide Web (люты 2008). Праверана 9 красавіка 2012.
  3. 3,0 3,1 Przemysław Mikusiński. Pożegnanie (польск.) . Serwis Informacyjny Polaków na Białorusi — Pożegnanie (29 красавіка 2009). Праверана 9 красавіка 2012.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]