ГАЗ-13 «Чайка» — савецкі прадстаўніцкі легкавы аўтамабіль вялікага класа, які выкарыстоўваўся для абслугоўвання патрэбаў уладнай эліты СССР і краін "народнай дэмакратыі".
Распрацавана ў 1957 годзе на замену аўтамабілю «ЗіМ». Над стварэннем «Чайкі» працаваў калектыў канструктараў, інжынераў, выпрабавальнікаў завода: У. С. Салаўёў, Н. А. Юшманаў, Г. А. Панамароў, В. В. Гнетнеў, П. Э. Сыркіна, А. І. Пелюшэнка, М. Макееў, Б. Грэкаў, а таксама Л. Д. Кальмансон, Б. С. Паспелаў, Б. Б. Лебедзеў, Л. Э. Дуартэ і іншыя.
Афіцыйнай датай пачатку выпуску ГАЗ-13 «Чайка» было 16 студзеня1959, але першыя аўтамабілі збіраліся на стапелях яшчэ з восені 1958.
У 1962 годзе базавая мадыфікацыя ГАЗ-13 атрымала нязначнае тэхнічнае і знешняе абнаўленне, у прыватнасці з'явіўся карбюратар К-114 (замест К-113), новы прыёмнік з дадатковым рэгулятарам гучнасці ў левым падлакотніку задняй канапы, новыя колы з іншымі каўпакамі. Салоны аўтамабіляў сталі абіваць сукном парадных афіцэрскіх шынялёў шэрага колеру.
У пачатку 1970-х гадоў «Чайка» атрымала бакавое люстэрка задняга віду на левых дзвярах.
У канцы 1970-х гадоў, паралельна з выпускам «Чайкі» ГАЗ-14 і па яе ўзоры, на ГАЗ-13 быў мадэрнізаваны салон. Замест латуневай сеткі на панэлі прыбораў з'явілася плёнка з тэкстурай "пад дрэва», канапы і абівальныя панэлі дзвярэй сталі абцягваць велюрам гарчычнага або зялёнага колеру. З'явіўся новы радыёпрыёмнік — транзістарны, з караткахвалевым дыяпазонам.
Аўтамабіль выпускаўся 22 гады. Нягледзячы на тое, што ў 1977 годзе ГАЗ пачаў вытворчасць «Чайкі» другога пакалення — ГАЗ-14, вытворчасць ГАЗ-13 працягвалася да 1981 года.
Абсалютная большасць «Чаек» ГАЗ-13 мела закрыты четырохдзверны кузаў з трыма шэрагамі сядзенняў без унутранай перагародкі. Аднак па спецзаказе, у асноўным Міністэрства абароны, выпускаліся аўтамабілі з усталяванай унутранай перагародкай паміж вадзіцельскім і пасажырскі аддзяленнямі (такая мадыфікацыя насіла індэкс ГАЗ-13А).
На базе ГАЗ-13 былі распрацаваныя аўтамабілі з адкрытым кузавам «фаэтон» (у іншых крыніцах пазначаецца як «кабрыялет») — ГАЗ-13Б. У аўтамабіля меўся складны тэнт з электрагідраўлічным прывадам, рамкі шыбаў дзвярэй адсутнічалі — замест іх на самім бакавым шкле былі лёгкія металічныя акантоўкі, якія прыбіраюцца разам са шклом. У складзеным стане тэнт укладваўся ў нішы па баках ад задняга сядзення, таму на ім змяшчалася толькі два чалавекі, а агульная колькасць пасадачных месцаў знізілася да шасці.
У асноўным ГАЗ-13Б прызначаліся для ўдзелу ў ваенных парадах у ваенных акругах, а таксама абслугоўвання партыйных дзеячоў на адпачынку ў санаторыях Крыма і Каўказа. ГАЗ-13Б былі выраблены ў перыяд 1961–1962 гг[1] невялікай партыяй — па розных падліках не больш за два дзясяткі.[2]
На заводзе RAF выпускаўся санітарны варыянт з кузавам універсал — ГАЗ-13С. Машыны пераабсталёўваліся па заказу 4 Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя і прызначаліся для абслугоўвання вышэйшай наменклатуры — заслужаных членаў камуністычнай партыі, высокапастаўленых чыноўнікаў і членаў іх сем'яў. Практычна ўсе ўніверсалы мелі паміж сабой тыя або іншыя адрозненні праз ручную зборку. Вядомы таксама ўніверсал-катафалк.
У адрозненні ад ЗіМа, які афіцыйна знаходзіўся ў свабодным продажы насельніцтву (аднак па вельмі высокай цане, амаль удвая даражэй за «Победу»), «Чайка» ніколі не была таварам шырокага народнага ўжытку, нават не мела ўсталяванага рознічнага кошту. Простыя грамадзяне не карысталіся гэтымі машынамі, па некаторых дадзеных «Чайки» атрымалі пісьменнік Міхаіл Шолахаў і балерына Уланава, жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова атрымала першы белы ГАЗ-13).
Выкарыстоўваліся ў якасці персанальнага транспарту вышэйшай наменклатуры (пераважна — міністраў, першых сакратароў абкамаў), які выдаваўся як частка належнага «пакета» прывілеяў. На «Чайках» ездзілі кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, першыя сакратары рэспубліканскіх кампартый, паслы СССР у замежных краінах. Шмат машын ГАЗ-13 абслугоўвала маскоўскі дыпкорпус: на іх вазілі паслоў ГДР, Балгарыі, Венгрыі, Манголіі, КНДР, Інданезіі, Эфіопіі, Фінляндыі, і нават ЗША. На «Чайцы» ў 1980 годзе загінуў першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі — Пётр Міронавіч Машэраў.
І седаны, і кабрыялеты «Чайка» выкарыстоўваліся на парадах, падаваліся пры сустрэчах замежных лідараў, вядомых дзеячаў і герояў, ужываліся як машыны суправаджэння, паступалі ў «Інтурыст», Палацы шлюбаў і ЗАГС, дзе выкарыстоўваліся ў якасці вясельных лімузінаў (хоць арэнда такога аўтамабіля была ў два разы даражэйшая за арэнду «Волгі»).
У 1979 годзе кінастудыя DEFA з ГДР зняла камедыю пад назвай: "Der schwarze Tschaika (Einfach Blumen aufs Dach)". Фільм распавядаў пра гісторыю звыклага рабочага, які, замест таго, каб ездзіць "Трабантам" – ездзіць як раз на "Чайцы".