Сямейства налічвае 11 родаў і каля 60 відаў са складаным ядазубным апаратам.
Даўжыня да 2 м. Цела рознай афарбоўкі. Галава акругла-трохвугольнай формы, з прытупленай насавой часткай, выразна адмяжоўваецца ад шыі і пакрыта дробнымі шчыткамі. Тулава адносна тоўстае, хвост кароткі. Характэрная асаблівасць — вертыкальная зрэнка. На верхняй сківіцы 1-2 вялікія рухомыя ядавітыя зубы і па 3-5 больш дробных. Ядаправодныя зубы ў стане спакою знаходзяцца ў складзеным становішчы (прыціснуты, канцы накіраваны назад), а пры ўкусе разам з адкрываннем пашчы высоўваюцца ўперад і ўстаюць вертыкальна. Дробныя неядавітыя зубы, якія прыстасаваны для заглытвання забітых ядам ахвяр, размешчаны на нёбных і ніжнясківічных касцях.
Прадстаўнікі сямейства пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўночныя хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй.
Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы.
Аб'екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.
Зноскі
123 Ананьева Н. Б., Орлов Н. Л., Халиков Р. Г., Даревский И. С., Рябов С. А., Барабанов А. В. Атлас пресмыкающихся Северной Евразии (таксономическое разнообразие, географическое распространение и природоохранный статус). — СПб.: Зоологический институт РАН, 2004. — С. 183. — 1000 экз. — ISBN 5-98092-007-2