Перайсці да зместу

Гарадзенскі сойм (1793)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гарадзенскі сойм (польск.: Sejm grodzieński; літ.: Gardino seimas) — апошні, надзвычайны сойм Речы Паспалітай. Праходзіў у Гродне 17 чэрвеня да 23 лістапада 1793. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.01.1793 г. аб Другім падзеле Рэчы Паспалітай.

Перадумовы. Рэч Паспалітая паміж першым і другім падзеламі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Першага падзелу ў Польшчы прайшлі важныя рэформы. Было істотна палепшана кіраванне ў ваеннай, а таксама ў фінансавай, прамысловай і земляробчай абласцях, што дабратворна адбілася на стане эканомікі. Канстытуцыя 3 мая 1791 г. пашырыла правы буржуазіі, змяніла прынцып падзелу ўладаў і скасавала асноўныя палажэнні канстытуцыі Рэпніна. Рэч Паспалітая зноў атрымала права праводзіць унутраныя рэформы без санкцыі Расіі. «Чатырохгадовы сойм», які прыняў на сябе выканаўчую ўладу, павялічыў войска да 100 тысяч чалавек і ліквідаваў Пастаянную Раду, рэфарміраваў «кардынальныя правы». Была прынята пастанова «Аб сойміках», што выключыла беззямельную шляхту з працэсу прыняцця рашэнняў, і пастанова «Аб мяшчанах», што зраўнавала буйную буржуазію ў правах са шляхтою.

Прыняцце майскай Канстытуцыі пацягнула за сабой умяшанне з боку Расіі, якая баялася аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Прарасійская партыя стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю, заручылася падтрымкай Аўстрыі і выступіла супраць польскай «патрыятычнай» партыі, якія падтрымлівала Канстытуцыю. У ваенных дзеяннях супраць «патрыятычнай» партыі, якія кантралявалі сойм, удзельнічалі і рускія войскі пад камандаваннем Кахоўскага. Літоўская армія сойма была разгромлена, а польская армія пацярпеўшы паражэнне, адышла да Буга. Будучы адданыя сваімі прускімі саюзнікамі, прыхільнікі Канстытуцыі пакінулі краіну. У ліпені 1792 кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. 23 студзеня 1793 года Прусія і Расія падпісалі канвенцыю аб другім падзеле Польшчы. Зацвердзіць канверцыю было вырашана на сойме, які павінен быў адбыцца ў Гродне ў 1793 г.

Гродна падчас сойма

[правіць | правіць зыходнік]

Горад здаўна служыў, побач з Варшавай, месцам соймавых сходаў. Варшава была занадта радыкальна настроена дзеля такога мерапрыемства. Сваё прызначэнне гэты сойм мог намнога лягчэй выканаць у правінцыйным горадзе. У другой палове XVIII ст. Гродна налічваў каля 4 тысяч жыхароў і ажываў толькі ў тыя дні, калі тут праходзілі соймы.

З набліжэннем сойма Гродна, звычайна ціхае і спакойнае, набывала ўсё больш ажыўлены выгляд. У маі 1793 г. сюды пачала з’язджацца ўся Рэч Паспалітая: 12 сенатараў і міністраў, каля 140 соймавых паслоў, ваяводы, кашталяны, біскупы, іншыя высокія саноўнікі. За 5 дзён да адкрыцця сойма прыбыў кароль са сціплай світай. Пакінулі Варшаву і сабраліся ў Гродна замежныя паслы: Расіі — Сіверс, Прусіі — паўнамоцны пасол Бухгольц, Швецыі — Толь, Англіі — Гардынер, Галандыі — Крыгсгейм, папскі нунцый Салуцца.

З апусцелай Варшавы сюды перанесліся мадэльеры, краўцы і швачкі, купцы. Са сталіцы прывезлі шмат магазінаў; яны запаланілі галоўныя вуліцы горада. Шмат прыехала музыкантаў, рознага роду артыстаў. Артысты пастаянна прыбывалі ў горад. У горад нахлынула так шмат людзей, што знайсці кватэру было вельмі цяжка. Пакой з ложкам на суткі каштаваў да трох дукатаў.[1]. На вуліцах было поўна фурманак, брычак. Конна, пешшу і на брычках перасоўвалася столькі людзей, што і прайсці было нялёгка. Гродна стаў нагадваць сталіцу.

Усе было зроблена так, каб падпарадкаваць сойм волі «заборцаў». Гродна было ўзята ў аблогу. Горад і ваколіцы нагадвалі ваенны лагер — тут размяшчаліся рускія войскі. У магазінах сабралі вялікую колькасць правіянту, каб не даць салдатам поваду да рабаўніцтва і марадзёрства. «Жыццё ў Гродна падчас сойму, — пісаў польскі даследчык Г.Масціцкі, — было напоўнена нейкім вар’яцтвам. Гук танцавальнай музыкі, бразганне застольных келіхаў, звон злотага, які без памяці кідалі на картачнае палатно, запаленыя на плошчах вогнішчы аховы чужаземных лагераў і затоеныя дзесьці ў кутках чыстых, беззаганных сэрцаў роспач і глухі і бяссільны боль — вось вобраз таго звычайнага, штодзённага фону, на якім разыгрываліся сцэны нямога трагізму, якога можа ніколі да таго ані пасля не зведала зямля польская»[2]

Падзеі ў час сойма. «Маўклівы сойм»

[правіць | правіць зыходнік]
Каралеўскі замак у Гродне

Сойм працаваў з 17 чэрвеня па 23 лістапада 1793 г. Ён адбываўся ў Сенатарскай зале каралеўскага палаца. Гэта быў двухпавярховы будынак у выглядзе літары П з парадным дваром і брамай. У замку знаходзіліся ўпрыгожаныя жывапісам і скульптурай Сенатарская, Пасольская (соймавая), Круглая залы, капліца. У правым крыле, з вакон якога адкрываўся від на Нёман, размяшчаліся апартаменты караля і яго радні. Замак выкарыстоўваўся як месца пасяджэнняў генеральных соймаў Рэчы Паспалітай. Напярэдадні сойма 1793 г. ён быў пачышчаны, нанова атынкаваны.

Расійскі пасол Я. Сіверс

Уладкаваць прыкрытую справу падзелу было даручана вядомаму расійскаму дзяржаўнаму дзеячу, выхадцу з Даніі, графу Якаву Сіверсу, прызначанаму Кацярынай II паслом у Рэчы Паспалітай. Сіверс спыніўся на Гарадніцы, у так званай каралеўскай эканоміі (палацы Тызенгаўза), у доме, які ўжо падчас сойма 1784 г. займаў яго папярэднік — рускі пасол Стакельберг. На першым паверсе знаходзіліся вялікія парадныя салоны для баляў і прыёмаў, над імі размяшчалася канцылярыя.

Сойм суправаджаўся бесперапыннымі балямі, карнаваламі і п’янствам. Усё пачалося з імянін Сіверса 25 ліпеня. Святкаванні ў гонар Сіверса ахапілі і ўвесь горад. Яны не абмежаваліся адным днём, а працягваліся цэлы тыдзень, у выглядзе абедаў, раутаў, вячэраў, феерверкаў і ілюмінацый; а віншавальныя лісты ліліся нястрымным патокам. 1 жніўня на завяршэнне імянін таксама адбыліся вялікія ўрачыстасці: шматлюдны абед, вячэра з феерверкам. 2 жніўня былі імяніны жонкі пераемніка расійскага трона і вялікі абед у Сіверса. 6 верасня, у 29-ю гадавіну элекцыі, віншавалі на сойме караля, а Сіверс на наступны дзень даў з гэтай нагоды баль і вячэру. 13 верасня, з нагоды нейкай расійскай урачыстасці, цэлы дзень быў заняты касцельнымі, ваеннымі і балёвымі гуляннямі.

У залах палаца ўсё было змяшана дзіўным чынам: заляцанні, палітыка, п’янства, ігра, подкуп і пагрозы і дамовы пра заўтрашнюю сесію. Сіверс прымаў рапарты, папярэджанні, кампліменты, рабіў напамін, даваў абяцанкі, частаваў салодкасцю і адварочваў гнеўныя вочы.

Каб зламаць апазіцыю, нешматлікую, але вельмі актыўную, Сіверс з першых жа дзён сойма стаў прыбягаць да жорсткіх мер. 22 жніўня Сіверс пайшоў на дэманстрацыю ваеннай сілы. Ён рушыў у горад атрады, якія размяшчаліся ў ваколіцах. Яны занялі ўсе выхады з Гродна і найважнейшыя вуліцы. Без білета ад рускага каменданта ў той дзень ніхто не мог выйсці са свайго дома. Каралеўскі замак быў акружаны дзвюма ротамі грэнадзёраў з чатырма гарматамі. Пры іх стаялі артылерысты з запаленымі кнатамі. У двары замка і ў калідорах была расстаўлена моцная ахова. Генерал Раутэнфельд з групай афіцэраў размясціўся ў соймавай зале, каб не дапусціць арбітраў і наогул дапамагаць вялікаму маршалку літоўскаму ў захаванні парадку.

На світанку 23 верасня казакі выхапілі прама з ложкаў і вывезлі з Гродна чатырох апазіцыянераў: Шыдлоўскага, Скажыньскага, Яна Краснадэмбскага і Дыянісія Мікорскага. Замак зноў быў аточаны войскамі і гарматамі з жароламі, накіраванымі на палац. Пры гарматах стаялі кананіры з запаленымі кнатамі. Паслы прыйшлі ў жах, убачыўшы, як з імі збіраюцца абысціся. Ціхія і панурыя, праходзілі яны праз строй грэнадзёраў і займалі свае месцы ў зале. Увайшоў кароль. Расійскі генерал Раутэнфельд заняў месца пры каралеўскім троне і абвясціў сабраным паслам, што не выпусціць іх, пакуль не падпішуць трактат з Прусіяй. На чарговы зварот Сіверса, прыняць прапанову Кацярыны II, паслы маўчалі. Урэшце кракаўскі пасол Іосіф Анквіц сказаў, што «маўчанне азначае згоду». Як раз у гэты час падлогавы гадзіннік гучна прабіў палову чацвёртага раніцы і адзначыў падзею, якая ўвайшла ў гісторыю як «маўклівы сойм».

Другі падзел Рэчы Паспалітай (1793). Тэрыторыя, якая засталася ў Рэчы Паспалітай, адзначана жоўтым колерам.
  • Расійская імперыя зноў станавілася пратэктарам Рэчы Паспалітай.
  • Ліквідавалася Канстытуцыя 3 мая, аднаўлялася Пастаянная Рада і кардынальныя правы.
  • Войска Рэчы Паспалітай змяншалася да 15 тысяч чалавек.
  • Замацоўваліся правы мяшчан.
  • Ліквідавалася Таргавіцкая канфедэрацыя.
  • Замацоўваўся другі падзел Рэчы Паспалітай.

Зноскі

  1. Mann, Z. Stanisław August na sejmie ostatnim / Z.Mann. − Warszawa, 1938, с. 15
  2. Mościcki, H. Dzieje porozbiorowe Litwy i Rusi. T.I: 1772—1800 / H.Mościcki. − Wilno, 1883, с. 95