Гато
Гато | |
---|---|
яп. 五島列島 | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 140 |
Найбуйнейшы востраў | Фукуэ |
Агульная плошча | 690 км² |
Насельніцтва | 76 311 чал. (2005) |
Шчыльнасць насельніцтва | 110,6 чал./км² |
Размяшчэнне | |
32°40′27″ пн. ш. 128°43′47,40″ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Японскія астравы |
Акваторыя | Усходне-Кітайскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гато (яп.: 五島列島, літаральна «пяць астравоў») — архіпелаг на поўначы Усходне-Кітайскага мора. Уваходзіць у склад японскай прэфектуры Нагасакі. Агульная плошча - 690 км². Насельніцтва (2005 г.) - 76 311 чалавек.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Архіпелаг Гато выцягнуты з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад на 91 км. Нягледзячы на назву, якая азначае 5 астравоў, у яго склад уваходзяць 140 астравоў рознай плошчы. Найбольшы востраў Фукуэ займае 326,34 км².
Усе астравы маюць вулканічнае паходжанне. Адрозніваюцца разнастайнасцю ландшафтаў, уключаюць горы, прыморскія скалы і нізіны, пляжы. На астравах захаваліся горныя лясы, хаця большую частку незаселеных зямель займаюць горныя лугі. Шмат марскіх птушак. Для аховы прыроды арганізаваны нацыянальны парк Сайкай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Лічыцца, што першыя людзі з'явіліся на астравах Гато ўжо ў эпоху палеаліта. Археолагамі выяўлены рэшткі культур Дзёмон і Яёй. У пісьмовых крыніцах Гато ўзгадваюцца з VIII ст. як месца прыбыцця караблёў з імперыі Тан.
На працягу ўсяго сярэднявечча астравы адыгрывалі важную ролю ў міжнародным гандлі, што абумовіла сталую барацьбу за іх з боку розных феадальных родаў. У XVI ст. на астравах жыў знакаміты кітайскі пірат Вань Жы, які займаўся пасрэдніцкай дзейнасцю паміж японцамі і партугальцамі. У 1566 г. езуіты арганізавалі на востраве Фукуэ місію і здолелі прыцягнуць да хрысціянства значную колькасць астравіцян.
У 1587 г. Таётомі Хідэёсі выгнаў місіянераў і перадаў архіпелаг роду Гато, ад прозвішча якога паходзіць сучасная назва. Хаця пасля 1638 г. у Японіі было забаронена хрысціянства, Гато адносна лаяльна ставіліся да патаемных хрысціянскіх культаў, што забяспечыла прыток перасяленцаў з другіх частак краіны. Толькі ў 1798 г. пераехала 108 патаемных хрысціян. Перасяленцы займалі горныя раёны. Многія з іх займаліся прадпрымальніцкай дзейнасцю. У перыяд ізаляцыі Японіі архіпелаг заставаўся важным гандлёвым і рамесніцкім цэнтрам.
У 1865 г., калі ў Нагасакі былі ўзноўлены каталіцкія набажэнствы, вернікі з Гато звярнуліся з запытам даслаць да іх святароў. Аднак урад Мэйдзі адказаў рэпрэсіямі. У 1868 г. было арыштавана 200 хрысціян, 42 з якіх загінулі ў выніку катаванняў. Пакаранне хрысціян выклікала абурэнне з боку іншаземных дзяржаў. У 1873 г. японскія ўлады знялі абмежаванні ў распаўсюджванні хрысціянства. У нашы дні ад 10% да 15% астравіцян спавядаюць гэтую рэлігію.
У 1871 г. адгалінаванні рода Гато страцілі сваю ўладу над архіпелагам. Ён увайшоў у склад прэфектуры Нагасакі.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя галіны эканомікі — рыбалоўства, земляробства і абслугоўванне турыстаў. Астравы злучаны паромнай пераправай з Нагасакі. На востраве Фукуэ працуе аэрапорт.