Гельмут Фаска
Гельмут Фаска | |
---|---|
Дата нараджэння | 8 красавіка 1932 (91 год) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Муж | Ганка Фаске[d] |
Род дзейнасці | мовазнавец |
Узнагароды |
Гельмут Фаска (в.-луж.: Helmut Faska; нар. 8 красавіка 1932, вёска Вуежк, Верхняя Лужыца, Германія) — сербалужыцкі вучоны-сарабіст, лінгвіст і славіст. Дырэктар Сербалужыцкага інстытута (1990—1992). Адзін з аўтараў «Сербалужыцкага лінгвістычнага атласа» (Serbski rěčny atlas).
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся 8 красавіка 1932 года ў сербалужыцкай вёсцы Вуежк. Пасля Другой сусветнай вайны вучыўся ў Чэшскай гімназіі ў Варнсдорфе. У 1951 годзе працягнуў навучанне ў пашыранай сербалужыцкай гімназіі ў Будзішыне. З 1953 года вывучаў славістыку ў Лейпцыгскім універсітэце, па заканчэнні якога працягнуў сваё навучанне ў Маскоўскім універсітэце. З 1958 года працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце сербалужыцкага народазнаўства (сёння — Сербалужыцкі інстытут). У 1969 годзе абраны старшынёй «Верхнялужыцкай моўнай камісіі»[1]. З 1988 года займаўся навукова-выкладчыцкай дзейнасцю.
З 1965 па 1996 год сумесна з Гельмутам Еньчам і Фрыда Міхалкам займаўся выданнем 15-томнага «Сербалужыцкага моўнага атласа». У 1981 годзе ў супрацоўніцтве з Фрыда Міхалкам напісаў акадэмічнае сачыненне «Gramatika hornjoserbskeje spisowneje rěče přitomnosće. Morfologija». У 1984 годзе за сваю навуковую дзейнасць удастоены прэміі імя Якуба Чышынскага. У 1990—1992 гадах дырэктар Сербалужыцкага інстытута.
У час, калі быў членам Міжнароднай славянскай камісіі, удзельнічаў у стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (General Slavic Linguistic Atlas).
У 2003 годзе выдаў падручнік верхнялужыцкай мовы «Pućnik po hornjoserbšćinje» (Даведнік па верхнялужыцкай мове), які стаў асновай стандартнага метадалагічнага дапаможніка для выкладчыкаў верхнялужыцкай мовы.
Зноскі
- ↑ Hornjoserbska rěčna komsija (HRK) Архівавана 27 снежня 2014 года.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Ad multos annos, Drogi Panie Profesorze! // Zeszyty Łużyckie, t. 45, Warszawa, 2011
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Бібліяграфія (ням.)