Гродзенскі мясакамбінат
Гродзенскі мясакамбінат | |
---|---|
Тып | ААТ |
Заснаванне | 1912 |
Краіна | |
Размяшчэнне | Беларусь, Гродна |
Адрас | |
Ключавыя постаці | Анатоль Георгіевіч Грышук |
Галіна | харчовая прамысловасць |
Прадукцыя | мяса, калбасы |
Сайт | Афіцыйны сайт |
ААТ «Гро́дзенскі мясакамбіна́т» — беларуская кампанія па вытворчасці мяса, якая размешчана ў Гродна.[2]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гарадская рэзня адкрылася ў 1912 годзе на сённяшняй вуліцы Камунальнай (былая Рэзніцкая)[3]. У дзень апрацоўвалі да трыццаці галоў жывёлы, на бойні працавала шэсць работнікаў. Гэта была сумая буйная, але не адзіная скатабойня ў горадзе. Гродзенскія рэзнікі аб’ядноўваліся ў хрысціянскі ды яўрэйскі цэхі. Паводле стану на 1936 г. праўленні гэтых цэхаў знаходзіліся па адрасах Брыгіцкая, 11 і Брыгіцкая, 5. Яўрэйскі цэх быў значна большы за хрысціянскі[4].
У 1924 годзе кіраўніком гарадской рэзні быў В. Леантовіч. Тады ж, у 1920-х, рэзню забяспечылі фільтрамі паводле англійскага праекту, каб вада, што скідвалася ў суседні Літоўскі ручай, была трохі чысцейшай[4].
З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе рэзню нацыяналізавалі і надалі ёй назву «Гродзенскі мясакамбінат». Па стане на 1 мая 1940 года тут працавала 104 чалавекі. Сярод найлепшых стаханаўцаў быў Пейсах Бурлан, які ў гэты год выканаў норму на 180%[4].
У 1944 годзе Гродзенскі мясакамбінат адноўлены пасля вайны і пачынае выпускаць сваю прадукцыю. Праз год, у 1945 годзе, аб’ём вытворчасці ў дзень складае 2000 кг каўбасных вырабаў. У 1953 годзе быў пабудаваны каўбасны цэх магутнасцю тры тоны каўбасных вырабаў у змену.
Старое прадпрыемства не магло цалкам вырашыць пытанні забеспячэння прадукцыяй насельніцтва. Таму ў 1970 годзе пачалося будаўніцтва новага прадпрыемства за рысай горада (сёння — вуліца Мясніцкая). Агульная плошча тэрыторыі прадпрыемства — 10,6 га. Новы мясакамбінат пачаў выпуск прадукцыі ў 1972 годзе, цалкам уведзены ў эксплуатацыю ў 1973 годзе, вытворчыя магутнасці за змену ў месяц мяса склалі 63 тоны[5].
У 2001 годзе ў 7 км ад Гродна было пачата будаўніцтва агратурыстычнага комплексу «Гарадзенскі маёнтак „Каробчыцы“», стылізаванага пад старадаўнюю сядзібу XVIII стагоддзя. Гэты праект курыраваў асабіста генеральны дырэктар мясакамбіната Анатоль Грышук.
У 2003 прайшла рэканструкцыя ўсіх вытворчых падраздзяленняў. У 2009 быў уведзены ў эксплуатацыю новы цэх па выпуску каўбасных вырабаў з субпрадуктаў, што забяспечыла павелічэнне вытворчых магутнасцяў на 50%. У 2011 праведзена рэканструкцыя ўласнага сельгаспрадпрыемства «Поречанка» (тэрыторыя гаспадаркі — 1921 га, сельскагаспадарчыя ўгоддзі — 921 га, ворныя землі — 418 га). У 2015 датэрмінова здадзены ў эксплуатацыю новы цэх па вытворчасці сыракапчоных вырабаў, вытворчыя магутнасці павялічаны да 500 тон у месяц.
Сучасны стан прадпрыемства
[правіць | правіць зыходнік]У 2019—2021 гадах прадпрыемства было ўзбуйнена праз далучэнне да яго саўгаса «Воранаўскі», гандлёвага прадпрыемства «Нарач» і ААТ «Плодаагароднінасэрвіс», адкрылася вытворчая пляцоўка ў Лідзе на базе збанкрутаванага Лідскага мясакамбіната[6].
У 2021 годзе на прадпрыемстве працавала 2125 чалавек, у 2022 годзе — 2459 чалавек. Чысты прыбытак прадпрыемства ў 2021 годзе склаў 16,139 млн рублёў, у 2022 — 22,782 млн рублёў[7].
У верасні 2022 года на плошчы Савецкай у Гродне адкрылі Алею Славы гродзенскіх прадпрыемстваў. Першая табліца на ёй была размешчана ў гонар Гродзенскага мясакамбіната з нагоды яго 110-годдзя[8].
Прадпрыемства ў час палітычнага крызісу 2020 года
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку верасня 2020 года 853 работнікі мясакамбіната склалі зварот з шэрагам патрабаванняў да ўладаў. Яны патрабавалі правесці новыя прэзідэнцкія выбары, спыніць гвалт і пакараць вінаватых у гвалце і фальсіфікацыях[9]. Каб супакоіць супрацоўнікаў на прадпрыемства прыязджаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік[10]. У чэрвені 2021 на прадпрыемстве пачалі збіраць подпісы супраць санкцый Еўрасаюза[11].
Гістарычныя будынкі мясакамбіната
[правіць | правіць зыходнік]Комплекс гістарычных будынкаў Гродзенскага мясакамбіната, які складаецца з 16 пабудоваў, не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Паводле праекта дэтальнага планавання цэнтра Гродна і Генеральнага плану развіцця горада да 2030 года гэтае месца адвялі пад сядзібную забудову[12]. Участак прадавалі з аўкцыёна з траўня 2019 года і ў жніўні 2023 года ў выніку прадалі за 570 тысяч рублёў[13].
Зноскі
- ↑ https://www.grodnomk.by/contacts/
- ↑ ОАО «Гродненский мясокомбинат» (руск.)(недаступная спасылка). КОМВАК. Архівавана з першакрыніцы 26 верасня 2018. Праверана 24 верасня 2018.
- ↑ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 168. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
- ↑ а б в Забытая прамысловая спадчына Гродна: рэзня на Камунальнай . Hrodna.life (4 студзеня 2024). Праверана 4 студзеня 2024.
- ↑ О компании ОАО «Гродненский мясокомбинат» . grodnomk.by. Праверана 4 студзеня 2024.
- ↑ «Лидский мясокомбинат» – снова в деле. На площадях бывшего предприятия планируют начать производство колбасы . Принеманские Вести.
- ↑ Открытая информация 2022 . grodnomk.by. Праверана 4 студзеня 2024.
- ↑ На Савецкай плошчы адкрылі Алею Славы - першай зоркай ушанавалі мясакамбінат . Hrodna.life (11 кастрычніка 2022). Праверана 4 студзеня 2024.
- ↑ К, А.. "Пакідаем права на забастоўку". Калектыў Гродзенскага мясакамбіната накіраваў зварот у Палату прадстаўнікоў, Генпракуратуру і абласны савет . Hrodna.life (2 верасня 2020). Праверана 4 студзеня 2024.
- ↑ Владимир Караник: Инвестиции приходят туда, где есть стабильность. Председатель облисполкома посетил Гродненский мясокомбинат (руск.). grodnonews.by. Праверана 4 студзеня 2024.
- ↑ К, А.. На Гродзенскім мясакамбінаце збіраюць подпісы супраць санкцый . Hrodna.life (24 чэрвеня 2021). Праверана 4 студзеня 2024.
- ↑ У Гродне з'явяцца тры пешаходныя масты і зона адпачынку замест порта. Што яшчэ чакае цэнтр горада? . Hrodna.life (4 студзеня 2024). Праверана 4 студзеня 2024.
- ↑ В центре Гродно построят большой квартал частных домов — ради них придется снести целый комплекс зданий. Где именно (руск.) . Новости — Новости и события Гродно. Вечерний Гродно (25 жніўня 2023). Праверана 4 студзеня 2024.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Афіцыйны сайт