Гуанахатабеі
Гуанахатабеі † | |
Кубінскія індзейцы, мал. 1558 г.
| |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Куба |
Мова | гуанахатабейскія мовы |
Рэлігія | політэізм |
Блізкія этнічныя групы | сібанеі Гаіці |
Гуанахатабе́і (ісп.: Guanajatabey) † — карэннае насельніцтва заходняй часткі Кубы да іспанскага заваявання (пачатак XVI ст.).
Назва гуанахатабеяў трапіла ў іспанскую мову ад аравакскіх насельнікаў Кубы, аднак не мае яснага тлумачэння. У канцы XV ст., калі Кубу наведаў Х. Калумб, ён заўважыў, што яго аравакскія індзейцы-перакладчыкі не разумеюць мову жыхароў заходняй часткі вострава.
Сучасныя вучоныя звычайна атаясняюць гуанахатабеяў з сібанейскім насельніцтвам Вялікіх Антыльскіх астравоў. Але, калі паходжанне сібанеяў Гаіці застаецца спрэчным, і іх апошнім часам адносяць да сваякоў таіна, то гуанахатабеяў Кубы археолагі лічаць прамымі нашчадкамі культуры казіміроідаў (названы па найменню мястэчка Казіміра на поўдні Дамініканы) — перасяленцаў з Цэнтральнай Амерыкі 4 - 1 тысячагоддзяў да н.э.
Даследчыкі вылучаюць 3 асноўныя хвалі міграцыі казіміроідаў:
- Прадстаўнікі непасрэдна казіміроіднай культуры (на востраве Гаіці датуецца 3620 — 2165 гг. да н.э.)
- Курыянцы (на востраве Гаіці датуецца 2630 г. да н.э. - 240 г. н.э.)
- Культура Рэдонда (на Кубе датуецца 2050 г. да н.э. - 1300 г. н.э.)
Хутчэй за ўсё, гуанахатабеі былі нашчадкамі культуры Рэдонда або ўсіх трох культур. Яны займаліся збіральніцтвам, рыбалоўствам і паляваннем. Кераміку не выраблялі, не ведалі апрацоўку металаў. Земляробства з’явілася адносна позна і важнай ролі ў гаспадарцы не мела.
У XVI ст. гуанахатабеі былі знішчаны іспанцамі.