Гулаб джамун

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гулаб джамун

Гулаб джамун — традыцыйная страва індыйскай кулінарыі. Салодкія шарыкі з сухога малака з дробкай мукі, абсмаленыя ў фрыцюры з алею гхі і пададзеныя ў цукровым сіропе. Папулярны дэсерт у краінах Індыйскага субкантынента: Індыі, Пакістане, Шры-Ланцы, Непале і Бангладэш. Існуе некалькі разнавіднасцей гэтай стравы, якая набыла папулярнасць на Індыйскім субкантыненце ў перыяд Імперыі Вялікіх Маголаў.

Слова «гулаб» па-персідску азначае «кветкавая (ружовая) вада». Джамунам на хіндзі і урду называецца садавіна джамбалан, які мае падобную з дэсертам форму. Дэсерт, верагодна, запазычаны з Персіі, але ў Індыі быў моцна зменены — там пачалі выкарыстоўваць сухое малако замест звычайнага цеста (падобна гісторыі ператварэння персідскага марожанага фалудэ ў індыйскі напой фалуда). Існуе версія, што індыйскі варыянт рэцэпта гулаб джамун распрацаваў кухар знакамітага Шах-Джахана, будаўніка Тадж-Махала.

Гулаб джамун у Індыі прынята падаваць на рэлігійныя святы, прычым як у індуісцкім, так і мусульманскім асяроддзі. У індуістаў гулаб джамун асабліва часта падаюць на свята дзівалі. У Бангладэш аналагічны дэсерт называецца пантуа.