Перайсці да зместу

Дапаўненне (сінтаксіс)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дапаўне́нне ў беларускай мове — даданы член сказа, які абазначае аб’ект дзеяння ці праяўлення прыметы і паясняе выказнік ці іншыя члены сказа. Выражаецца назоўнікамі і займеннікамі ва ўскосных склонах, субстантываванымі часцінамі мовы, якія набываюць аб’ектнае значэнне, сінтаксічна непадзельнымі словазлучэннямі і сказамі. Адрозніваюць прамое і ўскоснае дапаўненне. Прамое дапаўненне выражаецца назоўнікам ці займеннікам у вінавальным склоне без прыназоўніка, які адносіцца да пераходных дзеясловаў: «Асыпае пялёсткі бялюткі сад» (П. Прыходзька); «Снег усё засыпаў густа, ахінуў, нібыта хусткай» (К. Буйло). Прамым лічыцца таксама дапаўненне, якое стаіць у родным склоне без прыназоўніка і мае значэнне: часткі аб’екта («папрасіць чаю»); часовага карыстання аб’екта («пазычыць солі»); аб’екта пры пераходных дзеясловах з адмоўем «не» («не знаходзіць прытулку»). Ускосныя дапаўненні выражаюцца формамі вінавальнага склону з прыназоўнікамі, формамі іншых ускосных склонаў без прыназоўнікаў ці з прыназоўнікамі і маюць значэнне ўскоснага аб’екта: «Вячэрні бор прапах жывіцай і выспелымі верасамі» (А. Грачанікаў); «Восень захінула ў хмары неба» (П. Прануза).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]