Джон Арэн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Джон А́рэн (англ.: Jon Arryn; 225—298 пасля В. Э.) — персанаж з цыклу «Песня Лёду і Агню» амерыканскага пісьменніка-фантаста Джорджа Марціна, лорд Арлінага Гнязда і Захавальнік Усходу, вярхоўны лорд Даліны Арэн, Правіца пры каралі Роберце Баратэане. Муж Лізы Арэн, бацька адзінага сына — Роберта Арэна. У дзяцінстве Эдард Старк і Роберт Баратэан выхоўваліся ў Арліным Гняздзе ў Джона Арэна, які выступаў для іх у ролі прыёмнага бацькі. Калі кароль Эерыс запатрабаваў выдаць выхаванцаў яму на расправу, Джон Арэн адмовіўся зрабіць гэта і падняў паўстанне, вядомае ў далейшым як паўстанне Роберта Баратэана. Стаўшы каралём, Роберт прызначыў Джона Арэна сваім правіцай, і лорд Арэн займаў гэту пасаду на працягу пятнаццаці гадоў, да сваёй смерці ў самым пачатку «Гульні тронаў».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Пра маладосць і сталыя гады лорда Арэна вядома вельмі мала. Ён быў двойчы жанаты, прычым няўдала, ніводная з жонак не змаглі нарадзіць яму спадчынніка. Аўтарытэт лорда Джона быў высокі, Арлінае Гняздо яшчэ не ведала больш вялікага гаспадара[1]. Менавіта ў Джона Арэна ў Арліным Гняздзе былі выхаванцамі маладыя Роберт Баратэан і Эдард Старк. Адносіны паміж імі былі вельмі цёплымі: Эдард Старк успамінае Арэна як свайго другога бацьку, а Роберт да канца сваіх дзён не раставаўся з паляўнічым нажом — падарункам лорда Джона.

Калі кароль-вар’ят Эйрыс II пакараў смерцю Рыкарда і Брандана Старкаў, то разам з імі ён забіў Элберта Арэна пляменніка і спадчынніка лорда Джона. Пасля гэтага ён запатрабаваў у лорда Даліны выдаць абодвух выхаванцаў. У адказ Арэн склікаў знамёны і падняў паўстанне супраць караля. Вядома, што не ўсе сцяганосцы адразу далучыліся да паўстання. Джону Арэну прыйшлося ўзяць штурмам Чаячы Горад, адзін з найбуйнейшых гарадоў Вестэраса і найбуйнейшы порт Даліны, перш чым раялісты схілілі калены перад паўстанцамі. Затым ён рушыў у Рачныя Зямлі, дзе яму ўдалося заключыць саюз з домам Талі, каб змацаваць саюз з Рыверанам, Джон пабраўся шлюбам з Лізай Талі, дачкой лорд Хостэра Талі, а Эдард Старк ажаніўся з яе старэйшай сястрой Кейтылін. Сілы Даліны адыгралі значную ролю ў прыгнечанні супраціўлення сцяганосцаў лорда Хостэра Талі, якія захавалі вернасць каралю і вядома ў бітве на Трызубцы. Пра асабісты ўдзел Джона Арэна ў гэтых бітвах не гаворыцца, верагодна, ён быў хутчэй палітычным, а не ваенным кіраўніком. Яго ўнёсак у перамогу ў першую чаргу дыпламатычны. Ён перацягнуў на бок паўстанцаў Талі, пасля ўзяцця Каралеўскай Гавані, менавіта Арэн адправіўся ў Дорн і ўгаварыў Мартэлаў прызнаць Баратэана новым каралём. Пазней ён арганізаваў шлюб караля з Серсеяй Ланістэр, забяспечыўшы падтрымку новай дынастыі з боку дому Ланістэраў.

Пасля заканчэння вайны і ўзыходжання Роберта на Жалезны трон, Джон Арэн становіцца яго Правіцай і ў сутнасці кіруе Вестэросам амаль 15 гадоў да самай сваёй смерці пры загадкавых акалічнасцях. Вынікі яго кіравання нельга назваць занадта добрымі. Роберт усё больш піў і распуснічаў, і адпаведна маральна апускаўся. Казна залезла ў даўгі. Партыя Ланістэраў набывала ўвесь большы ўплыў. Арэн відавочна страчваў уплыў над сваім былым выхаванцам. Як прыклад можна прывесці выпадак з Янасам Слінтам, якога Арэн хацеў аддаць пад суд за хабары і паборы, а Роберт проста махнуў на гэта рукой.

Дрэнна ў лорда Арэна ішлі і сямейныя справы, ён не змог зрабіць сваю маладую жонку шчаслівай. Ліза пасля некалькіх выкідкаў і мёртванароджаных дзяцей нарэшце нарадзіла Джону спадчынніка, але хлопчык нарадзіўся вельмі хваравітым. У сувязі з гэтым адносіны паміж мужам і жонкай былі даволі халаднымі. Вялікай памылкай Арэна было тое, што ён пагадзіўся аказаць падтрымку пратэжэ сваёй жонкі Петыру Бейлішу. Той за дзесяць гадоў зрабіў галавакружную кар’еру, дайшоў да пасады Майстра над манетай. Бейліш быў вельмі таленавітым супрацоўнікам, але Арэн не ведаў, што ён знаходзіцца ў інтымнай сувязі з яго жонкай і пляце інтрыгі за спіной свайго заступніка.

Такім чынам становішча Джона Арэна было вельмі няпростым, калі Станіс Баратэан паведаміў яму пра інцэст каралевы і яе шлюбную і дзяржаўную здраду. Рэакцыя яго на гэта паведамленне не зусім зразумелая. Замест таго, каб паспрабаваць заспець Джэймэ і Серсею ўдваіх і атрымаць доказы здрады, Арэн стаў збіраць дадатковыя доказы. Магчыма, што ён проста цягнуў час. [2] Як б там ні было момант быў упушчаны, каралева даведалася пра расследаванне Правіцы. Гэтым скарыстаўся Бейліш, які ўгаварыў Лізу атруціць мужа.

Паводле слоў вялікага мейстара Піцэля, неўзабаве пасля турніру ў гонар дванаццатых імянін Джофры Джон Арэн, «дужы і здаровы, як заўсёды», зазірнуў да вялікага мейстара і пазычыў кнігу «Паходжанне і гісторыя вялікіх дамоў» — паколькі менавіта гэта кніга пазней навяла Эдарда Старка на думку пра здраду каралевы, мабыць, і Джон Арэн прыйшоў да той ж высновы. Літаральна на наступны дзень пасля візіту да мейстара Джон Арэн курчыўся ад болю і не мог устаць з пасцелі. Паводле слоў Піцэля, уласны мейстар Арэнаў Калеман вырашыў, што правіца застудзіў страўнік — гэта было нядзіўна, паколькі надвор’е стаяла спякотнае, і пажылы правіца часта піў віно з лёдам. Аднак Калеман пачаў даваць таму слабільныя сродкі і перачныя настоі, чысцячы арганізм Джона Арэна — магчыма, ён падазраваў не прастуду, а атручванне. Піцэль заявіў, што такое лячэнне можа забіць хворага, адправіў Калемана прэч і прыняўся лячыць правіцу сам. Джон Арэн хутка саслабеў, мучыўся ў ліхаманцы і хутка памёр. У апошнія дні жыцця ён клікаў «Роберта» — незразумела, Роберта Баратэана ці Роберта Арэна; Ліза Арэн сама яго не наведвала і не пускала сына да бацькі, каб дзіця не заразілася. Незадоўга да смерці правіцы Роберт Баратэан наведаў і правёў некалькі гадзін каля яго пасцелі, размаўляючы з Арэнам і займаючы яго жартамі. Перад смерцю Джон Арэн прашаптаў жонцы і каралю загадкавую фразу «Семя дужае» і блаславіў сына, пасля чаго мейстар Піцэль даў яму макавае малако, каб аблегчыць апошнія пакуты[3].

Падзеі загадкавай смерці Джона Арэна і становяцца завязкай сагі, калі Роберт Баратэан прыязджае ў Вінтэрфел прасіць свайго сябра Неда заняць месца лорда Арэна.

Тэлесерыял[правіць | правіць зыходнік]

У серыяле «Гульня тронаў» роля Джона Арэна іграе Джон Стэндынг. Джон Арэн з’яўляецца ў серыяле толькі ў выглядзе ўласнага трупа — Джэймэ і Серсея Ланістэры гутараць падчас памінальнай службы па правіцы ў троннай зале Чырвонага Замка.

Зноскі

  1. Гульня тронаў, Кейтылін V
  2. Магчыма ён разглядаў варыянт, выкарыстоўваць гэту інфармацыю як сродак ціску на Ланістэраў. Выкрыццё Серсеі сур’ёзна абвастрала сітуацыю ў краіне і нічога не давала асабіста Арэну. Усю выгаду ад скандалу атрымліваў Станіс — ён станавіўся спадчыннікам прастола. А калі б нават Роберт паспеў бы ажаніцца зноў і абзавесціся спадчыннікам, то Станіс меў усе шанцы стаць рэгентам пры малалетнім каралі — здароўе Роберта і так стала вельмі слабым.
  3. Гульня тронаў, Эдард V

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]