Домус-дэ-янас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Магільня бронзавага века

Домус-дэ-янас (сард. Domus de Janas, літаральна «дом чараўніц») — тып старажытных шматкамерных магільняў, што сустракаецца на востраве Сардзінія ў Міжземным моры.

Домус-дэ-янас будаваліся пераважна ў канцы неаліта — пачатку бронзавага века (сярэдзіна 4 — другая палова 3 тысячагоддзяў да н. э.). Усяго захавалася каля 2000 такіх магільняў. Каля Альгера знаходзіцца некропаль Ангелу-Рую з 38 магільняў. Домус-дэ-янас адсутнічаюць толькі на на крайняй поўначы Сардзініі. Там пераважаюць магільні ў выглядзе мегалітычных колаў.

Для домус-дэ-янас характэрны паўтор унутраных форм тагачасных хацін, выкарыстанне калон у цэнтры для падтрымкі канічнай столі, крокваў, прастакутных уваходаў. Сцены магільняў упрыгожваліся магічнымі і рэлігійнымі сімваламі — зігзагамі, спіралямі, малюнкамі бычыных рогаў. Разам з нябожчыкамі ў магільні клалі прадметы ўжытку. На костках і сценах знойдзены часціцы охры.

У нурагічны і рымскі перыяды домус-дэ-янас часам выкарыстоўваліся для паўторных пахаванняў. Пазней сардзінскія пастухі заганялі ў іх авечак. У некропалі Сант'Андрэа-Прыу на захадзе вострава ў канцы антычнасці — раннім сярэднявеччы змяшчаўся касцёл.

План некропаля Сант'Андрэа-Прыу

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]